БУЛЕ́ (ад грэч. bulē савет),

у старажытнагрэчаскіх полісах дзярж. савет, якому даручалася весці важнейшыя паліт. справы. Выбіраўся на вызначаны тэрмін. Найб. вядомы буле ў Афінах. Засн. ў 594 да н.э. Салонам і наз. Савет 400, пры Клісфене (509 да н.э.) — Савет 500, з 307 да н.э. — Савет 600. Члены буле падзяляліся на 10 камісій — прытаній, якія выконвалі абавязкі па чарзе. У гамераўскіх паэмах буле — савет радавой знаці пры басілеях.

т. 3, с. 330

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БУ́ЛА»,

бел. нар. гульня. Гуляюць дзве каманды. Кожная выбірае вядучага. Ён моцна б’е палкай з загнутым канцом па буле (драўляным шары) і гоніць яе па зямлі ў бок праціўніка, каманда памагае яму. Праціўнікі стараюцца перахапіць і вярнуць булу да ўмоўленай мяжы.

т. 3, с. 326

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЮ́ТЭР ((Luther) Марцін) (10.11.1483, г. Эйслебен, Германія — 18.2.1546),

нямецкі тэолаг, рэліг. рэфарматар, заснавальнік лютэранства. Пасля заканчэння Эрфурцкага ун-та (1505) уступіў у ордэн аўгусцінцаў, у 1507 пасвячоны ў святары. З 1508 праф. Вітэнбергскага ун-та, з 1512 доктар тэалогіі. Пратэстуючы супраць продажу індульгенцый, з 1517 выступіў з 95 тэзісамі, у якіх выкрываў карыслівую сутнасць гандлю «нябеснымі скарбамі». Папа Леў X у 1520 асудзіў тэзісы Л. ў буле, якую Л. публічна спаліў. Адначасова ён выдаў шэраг палемічных твораў («Да хрысціянскага дваранства нямецкай нацыі», «Вавілонская няволя», «Пра свабоду хрысціяніна»), якія ляглі ў аснову пратэстантызму. Канчаткова адлучаны ад царквы (1521) і асуджаны на выгнанне паводле Вормскага эдыкта 1521, Л. схаваўся ў замку саксонскага курфюрста Фрыдрыха Мудрага ў Вартбургу, дзе працаваў над перакладам на ням. мову Новага запавету і новымі палемічнымі творамі («Супраць злоўжывання святой імшой», «Пра шлюбы святароў і манахаў»). У 1522 Л. вярнуўся ў Вітэнберг і пачаў працу над перакладам Старога запавету. Ён рэзка выступіў супраць Сялянскай вайны 1524—26 і падтрымаў яе задушэнне. У 1530 на Аўгсбургскім рэйхстагу было прадстаўлена складзенае Л. і адрэдагаванае Ф.Меланхтанам «Аўгсбургскае спавяданне», якое афіц. фармулявала асн. палажэнні лютэранства. Найважнейшай працай Л. стаў таксама ням. пераклад Бібліі (скончаны ў 1542), у якім замацаваны нормы агульнанямецкай нац. мовы.

Тв.:

Рус. пер.Избр. произв. СПб., 1994;

Лекции по «Посланию к римлянам». Мн., 1996;

Лекции по «Посланию к Галатам». Мн., 1997.

Літ.:

Соловьев Э.Ю. Непобежденный еретик: Мартин Лютер и его время. М., 1984;

Порозовская Б. Мартин Лютер, его жизнь и реформаторская деятельность. СПб., 1994;

Эриксон Э.Г. Молодой Лютер: Психоаналит. ист. исслед.: Пер. с англ. М., 1996;

Мартин Лютер — реформатор, проповедник, педагог: [Сб.]. М., 1996.

Н.К.Мазоўка.

М.Лютэр.

т. 9, с. 412

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)