Буквар 1/145; 2/460; 3/600

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

БУКВА́Р, азбука,

падручнік для пач. навучання чытанню і пісьму. Прызначаны для выхавання дзяцей, развіцця іх мовы і лагічнага мыслення. Традыцыйна з’яўляецца крыніцай першых звестак пра краіну, народ, яго культуру. Уключае матэрыял, які фарміруе ў выхаванцаў нормы паводзін і ўзаемаадносін паміж старэйшымі і малодшымі. Асн. структурны склад буквара — літары, літараспалучэнні, склады, лічбы, граматычныя звесткі, павучанні, тэкставыя і ілюстрацыйныя матэрыялы, схемы, табліцы. Навуч.-выхаваўчую работу з букваром звычайна падзяляюць на 3 перыяды: падрыхтоўчы, букварны і паслябукварны.

Доўгі час грамату асвойвалі па царк. кнігах (псалтырах, часаслоўцах, апосталах). З 16 ст. пачалі ствараць і выдаваць спец. дапаможнікі. Першы друкаваны буквар на царк.-слав. мове ў рус. рэдакцыі — «Азбука» І.​Фёдарава (Львоў, 1574). На Беларусі адзін з першых буквароў выдалі ў 1593 у Вільні браты Л. і К.​Мамонічы. У 1596 у Вільні выйшаў буквар Л.​Зізанія. Па іх вучыліся чытаць і пісаць на Беларусі, Украіне, у Расіі і Літве. З 1590-х г. да 1653 на Беларусі выйшла 16 буквароў — больш за палавіну падобных выданняў на ўсх.-слав. землях. Тэрмін «Азбука» ў загалоўку кнігі ўпершыню з’явіўся ў віленскім (1596), «Буквар» — у еўеўскім (1618) брацкіх выданнях. У 17—19 ст. буквары друкавалі ў Вільні, Куцейне, Магілёве, Супраслі, Варшаве. У 1906 выдадзены «Беларускі лемантар, або Першая навука чытання» (ананімна) і «Першае чытанне для дзетак-беларусаў» Цёткі. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 побач з вучэбнымі дапаможнікамі для дзяцей у БССР друкаваліся буквары для лікбеза «Наша сіла — ніва ды машына: Лемантар для дарослых» М.​Байкова, С.​Некрашэвіча, М.​Багдановіча, 1925; «Наша сіла — Саюз. Лемантар для сельскагаспадарчых і лясных рабочых», 1926 і інш. Беларускія буквары выдавалі таксама А.​Федасенка, М.​Пігулеўскі і І.​Пісарчык, С.​Паўловіч і інш. У 1929—69 карысталіся букваром, складзеным Н.​Сіўко (1929—32 з Л.​Лукіной, 1937—41 з З.​Ліхачовай). З 1969 выйшла 18 выданняў буквара А.​Клышкі, у т. л. «Разразная азбука».

Літ.:

Голенченко Г.Я. Источники по истории белорусской культуры: (Старопечатные учебные книги XVI—первой половины XVII вв.) // Из истории книги в Белоруссии. Мн., 1979;

Ботвинник М. Откуда есть пошел букварь. Мн., 1983.

т. 3, с. 324

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ЗБУКА (ад назвы першых дзвюх літар стараслав. алфавіта «аз» і «буки»),

1) тое, што алфавіт.

2) Тое, што буквар.

т. 1, с. 153

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́ЖВІДАС ((Mažvydas) Марцінас) (каля 1510—21.5.1563),

літоўскі пісьменнік; пачынальнік літ. пісьменнасці. Скончыў Кёнігсбергскі ун-т (1548). Склаў і выдаў першую літ. кнігу «Простыя словы катэхізіса» (1547), якая акрамя катэхізіса ўключала буквар, некалькі песнапенняў рэліг. характару, вершаваную прадмову М. пра становішча тагачаснага літ. сялянства. Складальнік кн. «Песні хрысціянскія» (ч. 1—2, 1566—70) і інш. выданняў рэліг. зместу.

т. 9, с. 501

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГРЫ́КАЛА ((Agricola) Мікаэль) (сапр. Сіманс; каля 1508—10, г. Перная, Фінляндыя — 9.4.1557),

пачынальнік Рэфармацыі ў Фінляндыі, роданачальнік фінскай л-ры і літ. мовы. У 1536—39 вучыўся ў Вітэнбергскім ун-це ў ням. дзеячаў Рэфармацыі Лютэра і Меланхтана. Першы пратэстанцкі лютэранскі епіскап у Фінляндыі (з 1554 епархія Аба). Выдаў першы буквар фін. мовы (1542), пераклады на фін. мову малітоўнікаў, Новага Запавету (1548), часткі Старога Запавету (1551—52) з вершаванымі прадмовамі, нарысамі па гісторыі, культуры, язычніцкіх вераваннях Фінляндыі, календаром і агранамічнымі звесткамі.

т. 1, с. 86

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́БІХТ ((Abicht) Рудольф) (9.8.1850, г. Намыслаў, Польшча — 12.2.1921),

нямецкі філолаг-славіст, адзін з першых даследчыкаў і папулярызатараў бел. культуры ў Германіі. З 1900 праф. слав. філалогіі Вроцлаўскага (Брэслаўскага) ун-та. У працах «Паказальнік крыніц Супрасльскага рукапісу» (1893—98), «Слова аб палку Ігаравым» (1895) даследаваў стараж.-бел. помнікі. Бел. матэрыялы і пераклады друкаваў у газ. «Гоман», «Deutschland» («Германія»), «Wilensker Zeitung» («Віленская газета») і інш. У сааўт. з Я.​Станкевічам выдаў бел. буквар «Просты спосаб стацца ў кароткім часе граматным» (Вроцлаў, 1918); пры яго садзейнічанні выйшаў зб. «Беларусь» (Берлін, 1919).

т. 1, с. 23

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАТВІ́ННІК (Марат Барысавіч) (н. 22.12.1928, Мінск),

бел. гісторык. Канд. гіст. н. (1970). Скончыў БДУ (1951). Працаваў ва ўстановах нар. асветы, у 1977—92 у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі. Даследуе гістарыяграфію эпохі феадалізму, гісторыю культуры і асветы Беларусі, ролю спадчыны Ф.​Скарыны ў дзейнасці бел. друкароў і выдаўцоў 16—17 ст., гісторыю бел. л-ры, славістыку. Аўтар кніг і артыкулаў пра жыццё і дзейнасць бел. вучоных (М.​М.​Нікольскага, У.​М.​Перцава, Г.​М.​Ліўшыца), адзін з аўтараў кн. «Беларускі асветнік Францыск Скарына і пачатак кнігадрукавання на Беларусі і ў Літве» (1979), «Іван Фёдараў і ўсходнеславянскае кнігадрукаванне» (1984), аўтар кн. «Адкуль ёсць пайшоў буквар» (1983) і інш.

т. 2, с. 348

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУЦЕ́ІНСКАЯ ШКО́ЛА ГРАВЮ́РЫ,

мастацкая школа ў бел. графіцы 17 ст.

Існавала ў 1630—54. Працягвала традыцыі Віленскай школы гравюры. Развіццё звязана з дзейнасцю друкароў Куцеінскай друкарні, гал. ролю ў яе фарміраванні адыграў С.Собаль. Кніжная гравюра (дрэварыт) стылістычна блізкая да бел. нар. лубка. Выданні мелі дэкар. тытульныя лісты, дзе часта змяшчаліся выявы людзей, былі багата ўпрыгожаны застаўкамі, канцоўкамі, ініцыяламі з выявамі птушак, звяроў, фігур чалавека, а таксама ілюстрацыямі і гербамі. Выкарыстоўваўся літы наборны арнамент. У тонка выкананых малюнках прыкметны ўплыў мясц. флоры і фауны. Характэрная асаблівасць школы — свецкі, жанравы характар адлюстраваных сцэн. Найб. яскрава яе рысы выявіліся ў кнігах, выдадзеных Собалем, «Брашна духоўнае», «Буквар», «Часаслоў», а таксама кнігах «Дзідаскалія...» С.​Косава, «Гісторыя пра Варлаама Іасафа», «Брашна духоўнае», «Трэфалагіён», «Дыоптра», «Новы запавет», «Лексікон славенарускі» П.​Бярынды і інш. Традыцыі К.ш.г. прадаўжала Магілёўская школа гравюры.

В.​Ф.​Шматаў.

т. 9, с. 64

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Е́ЎІНСКАЯ ДРУКА́РНЯ Існавала з 1610 да сярэдзіны 17 ст. ў мяст. Еўе каля Вільні

(цяпер г. Вэвіс, Літва). Засн. праваслаўным віленскім Святадухаўскім брацтвам ва ўладанні шляхціца Б.​Агінскага. Кіравалі друкарняй Л.Карповіч (да 1620),

потым Гаўрыла Івановіч. Выпусціла больш за 25 выданняў: некалькі кніг на польскай мове (у асноўным панегірыкі), большасць на царк.-слав. мове, у т. л. «Новы запавет з Псалтыром» (1611), «Дыёптра» (1612, у перакладзе Віталія), «Казанне двое...» Карповіча (1615), «Буквар славянскай мовы» і «Кінавіен» (1618), «Граматыка славянская» М.​Сматрыцкага (1619), «Ірмалой» (1642) і інш., 4 выданні на бел. мове, у т. л. «Евангелле вучыцельнае» Каліста (1616). Асобныя выданні на бел. мове мелі прадмовы і пасляслоўі, каментарыі на палях. Кнігі, надрукаваныя кірыліцай, вызначаліся высокімі маст.-паліграф. якасцямі, своеасаблівым арнаментам і гравюрамі, шырока выкарыстоўваліся бел. і ўкр. брацтвамі ў навуч.-асв. і царк.-рэліг. дзейнасці. У аздобе кніг выкарыстоўвалі дошкі віленскай друкарні Ф.​Скарыны (ініцыялы і застаўкі). Выданні распаўсюджваліся на Беларусі, Украіне, часткова ў Расіі.

Г.​Я.​Галенчанка.

т. 6, с. 397

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САА́МСКАЯ МО́ВА, лапарская мова, лапландская мова,

адна з фіна-ўгорскіх моў, якая складае асобую галіну гэтай сям’і; мова саамаў. Блізкая да прыбалт.-фінскіх моў. Пашырана ў паўн. Нарвегіі, Швецыі, Фінляндыі, Расіі (на Кольскім п-ве). Мае 2 групы дыялектаў: зах. (на тэр. Нарвегіі, Швецыі, часткова Фінляндыі) і ўсх. (на тэр. Расіі і Фінляндыі). С.м. ўласцівы: у фанетыцы — розныя ступені працягласці галосных і зычных, вял. колькасць зычных фанем, сістэма чаргаванняў галосных па якасці, зычных па якасці і колькасці; у марфалогіі — наяўнасць у большасці дыялектаў парнага ліку; у сінтаксісе — адсутнасць дапасавання прыметнікаў-азначэнняў з назоўнікамі ў ліку і склоне.

Пісьменнасць С.м. Швецыі, Нарвегіі, Фінляндыі з 17 ст. на аснове лац. графікі; у Расіі з пач. 1930-х г. на аснове лац. графікі, пазней пераведзена на рус. графіку (існавала да 1937). У 1980-я г. пісьменнасць саамаў у Расіі адноўлена на аснове рус. графікі; створаны буквар і слоўнік для школ.

Літ.:

Керт Г.М. Саамский язык: Фонетика, морфология, синтаксис. Л., 1971.

т. 14, с. 43

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)