БУ́ДЗЬКА (Эдзюк) (Эдуард Адамавіч; 22.3.1882, в. Будслаў Мядзельскага р-на Мінскай вобл. — 14.8.1958),
бел. паэт, публіцыст, выдавец. Вучыўся ў Рыжскім політэхн. ін-це, які пакінуў з-за беднасці. У 1916 у Петраградзе выдаваў газ.«Светач», з Ц.Гартным супрацоўнічаў у газ.«Дзянніца». Удзельнік 1-га Усебел. кангрэса 1917 у Мінску. У 1918 арганізаваў бел. гімназію ў Будславе. Кіраваў настаўніцкімі курсамі ў Дзвінску (1921—22). У Зах. Беларусі быў актывістам каап. руху. У Вільні аб’явіў конкурс на лепшы бел. твор (1932). У Айч. вайну настаўнічаў у Мінску і Баранавічах. З 1944 у Ватэнштэце (Германія), з 1950 у ЗША. Дэбютаваў вершамі ў 1906 у газ. «Наша ніва». Зямельнае пытанне, праблемы нар. асветы, грамадска-паліт. жыцця беларусаў асвятляў у публіцыст. артыкулах («Воўк ягнё ўсё ж дык і з’еў», 1919; «Вера да вольнасці давядзець!», «Беларус сам аб усім пастановіць», «Важная прыкмета», «Дагаворацца людзі, што зямелька народу пападзець», усе 1920). У эміграцыі друкаваўся ў газ.«Бацькаўшчына» і інш.
Літ.:
Каханоўскі Г. «...І іншыя» // Каханоўскі Г. Адчыніся, таямніца часу. Мн., 1984;
Жук-Грышкевіч Р. Жыццё Вінцэнта Жук-Грышкевіча. Таронта, 1993. С. 198—206.
Дзейнічалі ў 1921—44 (з перапынкамі). Адкрыты 1.12.1921 у г. Даўгаўпілс як аднагадовыя. Кіраўнікі К.Езавітаў, Э.Будзька, А.Якубецкі і інш. У 1923 пераведзены ў Рыгу. На курсах выкладалі І.Дварчанін, М.Гарэцкі, П.Мядзёлка, з лекцыямі выступаў А.Луцкевіч. Дзейнічалі гурткі маст. самадзейнасці. Сярод выпускнікоў паэты У.Жылка, П.Сакол (Масальскі), Э.Вайвадзіш, празаік В.Вальтар, мастакі П.Мірановіч, А.Салаўёў і інш.
С.С.Панізнік.
Выкладчыкі і навучэнцы Беларускіх дзяржаўных настаўніцкіх курсаў. Даўгаўпілс. 1922.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«НЕЗАЛЕ́ЖНАЯ БЕЛАРУ́СЬ»,
грамадска-палітычная і літ. газета, орган Віленскага бел.нац.к-та. Выдавалася з 3.9 да 10.11.1919 у Вільні на бел. мове. Выходзіла 3 разы на тыдзень. Рэдактары-выдаўцы А.Карабач, К.Мядзёлка (з 6-га нумара). Мела рубрыкі «Апошнія навіны», «З усяго свету», «З Беларусі», «З Вільні», «Беларуская школа». Акцэнтавала ўвагу на актуальных праблемах грамадска-паліт. і сац. жыцця Зах. Беларусі. Пісала пра геапаліт. становішча Беларусі і яго сувязь з будучым краіны, стварэнне бел. войска, школьнае і грамадска-культ. жыццё, у т. л. пра закрыццё ўладамі Будслаўскай гімназіі (А.Будзька). Друкавала творы Я.Бялькевіча, А.Пугі, Селяніна, Яцкевіча і інш. Выйшла 14 нумароў. Забаронена польскай ваен. цэнзурай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЕ ТАВАРЫ́СТВА Ў ПЕТРАГРА́ДЗЕ ПА АКАЗА́ННІ ДАПАМО́ГІ ПАЦЯРПЕ́ЛЫМ АД ВАЙНЫ́,
дабрачынная арг-цыя для дапамогі бежанцам-беларусам у 1-ю сусв. вайну. Існавала з студз. 1916 да пач. 1918. Заснавальнікі Б.І.Эпімах-Шыпіла, Ч.І.Родзевіч, А.П.Ярэміч, У.Ф.Міткевіч. На чале т-ва быў камітэт (старшыня Л.С.Сеўрук, нам. старшыні Ярэміч і М.І.Мігай, сакратар Э.А.Будзька). Т-ва аказвала дапамогу грашыма і рэчамі, адкрыла інтэрнаты для бел. студэнтаў і вучняў, дзіцячы прытулак, кравецкую майстэрню, выдавала лістоўкі з заклікам ахвяраваць грошы для бежанцаў, наладжвала «Беларускія вечарыны». Падтрымлівала сувязі з Мінскім аддзелам Бел.т-ва дапамогі пацярпелым ад вайны, Беларускім нацыянальным камітэтам у Мінску. Імкнулася пашырыць уплыў на ўсю тэр., дзе знаходзіліся бежанцы. У снеж. 1917 перавыбраны камітэт т-ва, у яго ўвайшлі члены Бел.с.-д. рабочай партыі (А.Р.Чарвякоў, А.Х.Усціловіч і інш.). Спыніла дзейнасць са стварэннем Беларускага нацыянальнага камісарыята.
В.У.Скалабан.
Лістоўка, выдадзеная Беларускім таварыствам у Петраградзе па аказанні дапамогі пацярпелым ад вайны. 1916.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ КАМІТЭ́Т (БНК),
орган паліт. прадстаўніцтва бел.нац. руху ў сак.—ліп. 1917. Створаны ў Мінску з’ездам беларускіх нацыянальных арганізацый для выпрацоўкі ў кантакце з Часовым урадам асноў аўтаноміі Беларусі ў складзе Рас. федэратыўнай рэспублікі і падрыхтоўкі выбараў у Бел. краёвую раду. У склад БНК на з’ездзе выбраны Р.А.Скірмунт (старшыня), П.П.Аляксюк, У.С.Фальскі (нам. старшыні), Б.А.Тарашкевіч (сакратар), Л.Заяц (скарбнік), А.А.Смоліч, Э.А.Будзька, В.Гадлеўскі, Я.С.Канчар, І.І.Краскоўскі, А.Л.Бурбіс, К.К.Кастравіцкі (Карусь Каганец), Бабарыкін, Ф.Г.Шантыр, М.С.Кахановіч, В.Л.Іваноўскі, Л.І.Дубейкаўскі, З.Х.Жылуновіч. БНК меў права кааптацыі іншых членаў. Склікаў краёвы сялянскі з’езд (крас. 1917), які падтрымаў агр. праграму Беларускай сацыялістычнай грамады і выказаўся за заснаванне на месцах сял. арг-цый пад эгідай БНК. Для перагавораў з Часовым урадам накіраваў у Петраград дэлегацыю на чале са Скірмунтам з прапановамі абвясціць Расію федэратыўнай рэспублікай, дэмакратызаваць органы мясц. самакіравання, увесці ў школах краю бел. мову, гісторыю Беларусі і інш. краязнаўчыя дысцыпліны, кампенсаваць насельніцтву страты, прычыненыя ваен. дзеяннямі. Часовы ўрад згадзіўся наладзіць з БНК пастаянны кантакт, аднак паліт. платформу к-та не падтрымаў. Адсутнасць выразнай пазіцыі па агр. пытанні і знаходжанне на чале к-та Скірмунта, які быў вядомы як прыхільнік памешчыцкага землеўладання, давалі паліт. апанентам падставу абвінавачваць БНК у ахове інтарэсаў памешчыкаў, пазбаўляла яго адчувальнай падтрымкі з боку народа. 1-ы з’езд сял. дэпутатаў Мінскай і Віленскай губ. (крас. 1917) і з’езд настаўнікаў Мінскай губ. (май 1917) адхілілі прапановы БНК адносна будучага дзярж. і культ. статуса Беларусі. У маі 1917 са згоды Часовага ўрада БНК прызначыў юрыстаў Г.В.Багдановіча і Я.Л.Бруевіча сваімі прадстаўнікамі ў Асобую нараду па распрацоўцы палажэння аб выбарах ва Устаноўчы сход. БНК займаўся культ.-асв. дзейнасцю, пад яго эгідай заснавана Т-вабел. культуры, 24—25.6.1917 к-т правёў «Дні вольнай Беларусі». Друк. орган — газ.«Вольная Беларусь». Скасаваны з’ездам беларускіх арганізацый і партый.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ ХРЫСЦІЯ́НСКАЯ ДЭМАКРА́ТЫЯ (БХД),
Беларускае нацыянальнае аб’яднанне (БНА), клерыкальная дэмакратычная бел.нац. партыя. Засн. ў маі 1917 у Петраградзе, дзейнічала на тэр.Зах. Беларусі да 1940. Да сярэдзіны 1920-х г.наз. Хрысціянская дэмакр. злучнасць (ХДЗ). Заснавальнікі і гал. ідэолагі БХД — бел. ксяндзы Ф.Абрантовіч, Л.Хвецка, А.Станкевіч, В.Гадлеўскі, Ф.Будзька, А.Зязюля (А.С.Астрамовіч), К.Сваяк (К.Стаповіч) і інш. Друкаваны орган — газ.«Беларуская крыніца». Заснаванне ХДЗ садзейнічала актывізацыі грамадска-паліт. дзейнасці каталіцкага духавенства непасрэдна на Беларусі. Як актыўны ўдзельнік Беларускага нацыянальнага камітэта, а потым і Вялікай беларускай рады ХДЗ-БХД падтрымлівала Часовы ўрад А.Ф.Керанскага, паступова заняла адмоўныя пазіцыі ў адносінах да сав. улады. На думку Станкевіча, «палітычны незалежны ідэал БХД лагічна выцякае з акта 25 сакавіка 1918 года, які абвясціў Беларусь незалежнай суверэннай дзяржавай». У аснову практычнай дзейнасці БХД была пакладзена тэорыя самабытнасці развіцця бел. нацыі, адмаўленне класавай барацьбы. Усе 5 праграм партыі, пачынаючы з 1920, адстойвалі асновы дэмакр. ладу, у т. л. прыватную ўласнасць. З 2-й пал. 1920-х г. БХД узяла курс на пераўтварэнне партыі ў грамадска-паліт. арг-цыю на грунце агульнахрысц. ідэалогіі, што знайшло адлюстраванне ў 5-й праграме (1936) і змене назвы на БНА. Аднак змена назвы партыі не мяняла яе сутнасці, а павінна была падкрэсліць незалежнасць ад кліру і прэтэнзію на аднаасобнае паліт. прадстаўніцтва бел. народа. Гал.паліт. мэту бачыла ў тым, «каб у незалежнай Беларусі быў створаны такі грамадскі лад, які, абапіраючыся на працу, грамадскую роўнасць і справядлівасць, не дапускаючы эксплуатацыі адных другімі, забяспечваў бы палітычна-грамадскія, культурныя і эканамічныя патрэбы грамадзян». Выступала за самастойнасць бел. народа на ўсіх яго землях, перадачу зямлі ва ўласнасць і без выкупу беззямельным і малазямельным сялянам, абавязковасць вывучэння рэлігіі ў школах, супраць аддзялення царквы ад дзяржавы, «дыктатуры капіталізму, фашызму і камунізму» і інш. З мэтай пашырэння сац. базы партыі ў чэрв. 1926 у Вільні быў адкрыты Беларускі інстытут гаспадаркі і культуры як філіял БХД. Кіраўнікі БХД-БНА адмоўна сустрэлі прапанову ЦККПЗБ пра стварэнне адзінага фронту барацьбы супраць польскіх улад, аднак удзельнічалі ў сумесных акцыях барацьбы за школу на роднай мове. Пасля далучэння Зах. Беларусі да БССР многія члены партыі былі рэпрэсіраваны.