Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭГІ́СТРАВАЯ ТО́НА, рэгістравы танаж,
паказчык памераў судна (яго ўмяшчальнасць). Адрозніваюць 2 віды ўмяшчальнасці: валавую (умяшчальнасць брута—брута рэгістравы танаж і чыстую (умяшчальнасць нета—нета рэгістравы танаж). Валавая Р.т. дае ўяўленне пра памеры ўсяго судна, чыстая — пра аб’ём яго памяшканняў, што выкарыстоўваюцца для перавозкі грузаў і пасажыраў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРУТ (Марк Юній) (Marcus Junius Brutus; 85—42 да н.э.),
рымскі паліт. дзеяч, філосаф, прамоўца і пісьменнік. У сваіх філас. поглядах прытрымліваўся ідэй стаіцызму і стараж.Акадэміі платонаўскай. Цыцэрон, які высока цаніў Брута як філосафа і прамоўцу (захавалася іх перапіска), прысвяціў яму некалькі твораў. Паліт. праціўнік Цэзара, у час грамадз. вайны падтрымаў Пампея. Пасля перамогі над Пампеем каля г. Фарсала (48) Цэзар памілаваў Брута, у 46 прызначыў яго намеснікам прав. Цызальпінская Галія, у 44 — прэтарам. Брут разам з Касіем узначаліў змову супраць Цэзара. Паводле падання, у дзень сакавіцкіх ідаў (15.3.44) адзін з першых нанёс яму ўдар кінжалам і да яго былі скіраваны словы Цэзара: «І ты, Брут, супраць мяне!» У 42 каля г. Філіпы войскі Актавіяна і Антонія разбілі войскі Брута і Касія. Брут скончыў самагубствам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТО́НІЙ (Марк) (Marcus Antonius; каля 82—30 да н.э.),
рымскі паліт. дзеяч і палкаводзец, прыхільнік Цэзара. Нар. трыбун у 49, консул у 44. Пасля забойства Цэзара і паражэння ў грамадз. вайне ў 43 заключыў саюз з Актавіянам і Лепідам, т.зв. 2-і трыумвірат, для барацьбы супраць Брута і Касія — забойцаў Цэзара. У 42 кіраваў усх. правінцыямі. Шлюб з Клеапатрай і сварка з Актавіянам прывялі да аднаўлення грамадз. вайны. У баі каля Акцыя 2.9.31 аб’яднаны флот Антонія і Клеапатры разбіты. Антоній адступіў у Егіпет і скончыў самагубствам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДВО́ДНАЯ ВАЙНА́,
баявыя дзеянні падводных лодак (ПЛ) супраць караблёў і суднаў праціўніка з мэтай іх знішчэння, або парушэння яго марскіх камунікацый. Вялася ў 1-ю (1914—18) 1 2-ю (1939—45) сусв. войны. У 1-й сусв. вайне страты гандл. флоту ад ПЛ склалі 14 млн.брута-рэгістравых тон і 192 баявыя караблі. Германія, насуперак міжнар. пагадненням і прававым нормам, тапіла гандл. судны праціўніка і нейтральных дзяржаў. Пытанне аб забароне П.в. абмяркоўвалася на Вашынгтонскай канферэнцыі 1921—22, але яна не прыняла прапанову Вялікабрытаніі забараніць выкарыстанне ПЛ. У 1936 ЗША, Вялікабрытанія, Францыя, Італія, Японія падпісалі пратакол аб правілах дзеянняў ПЛ у адносінах да гандл. суднаў у ваен. час; да пратакола далучыліся СССР (1937) і некаторыя інш. краіны. Паводле гэтага дакумента, ПЛ і надводныя ваен. караблі, у адносінах да гандл. суднаў павінны былі кіравацца нормамі міжнар. права. Толькі ў выпадку ўпартай адмовы гандл. судна прыпыніцца ці супраціўлення агляду (вобыску) яно магло быць затоплена або пазбаўлена магчымасці далейшага плавання пры ўмове, што пасажыры, экіпаж і дакументы з судна будуць вывезены папярэдне ў бяспечнае месца. Аднак гэтыя патрабаванні на практыцы не выконваліся. У сувязі з агрэсіяй супраць Іспаніі прадстаўнікі Вялікабрытаніі, Францыі, СССР і інш. дзяржаў падпісалі ў 1937 Ніёнскае пагадненне аб мерах па барацьбе з пірацкімі дзеяннямі ПЛ фаш. дзяржаў. Нягледзячы на гэтыя дакументы, за гады 2-й сусв. вайны агульныя страты гандл. флоту ад ПЛ склалі каля 23 млн.брута-рэгістравых тон (знішчана таксама каля 400 баявых караблёў). Адначасова флаты дзяржаў, што ваявалі, страцілі 1123 ПЛ (у 1-ю сусв. вайну — 265), з іх Германія — больш за 800. У П.в. вызначыліся многія сав. маракі-падводнікі, у т. л. Героі Сав. Саюза А.Х.Марынеска, ураджэнец г. Віцебск С.Н.Багарад і інш.
Літ.:
Подводники атакуют: Сб. М., 1985;
Дениц К. Немецкие подводные лодки, 1939—1945 гг.: Пер. с нем. СПб., 2000.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЯЖА́ЕЎ (Аляксандр Іванавіч) (11.9.1804, паводле інш. звестак 1805, с. Пакрышкіна Рамаданаўскага р-на, Мардовія — 28.1.1838),
рускі паэт. Скончыў Маскоўскі ун-т (1826). У 1826 за паэму «Сашка» (1825—26, апубл. 1861, Лондан; у Расіі 1881), якая змяшчала дзёрзкія намёкі ў адрас рас. самадзяржаўя, па асабістым распараджэнні Мікалая I аддадзены ў салдаты без права выслугі. У 1829—33 удзельнічаў у ваен. дзеяннях на Паўн. Каўказе. Друкаваўся з 1825. Лірыка П. звязана з традыцыямі дзекабрысцкай паэзіі. Увёў у рус. паэзію вобраз радавога салдата. У паэмах «Эрпелі» (1830), «Чыр-Юрт» (1832), вершы «Зноў нешта» і інш. — ваен. падзеі вачыма рус. салдата, тэма бессэнсоўнасці вайны. Аўтар паэмы «Прывід Брута» (1833), аповесцей у вершах, песень «Сарафанчык», «Разлюбі мяне, пакінь мяне» і інш. Майстар паэт. перакладу.
Тв.:
Соч.М., 1988;
Стихотворения;
Поэмы и повести в стихах;
Переводы. М., 1990.
Літ.:
Васильев Н.Л. А.И.Полежаев: Пробл. мировоззрения, эстетики, стиля и языка. Саранск, 1987;
Яго ж. А.И.Полежаев и русская литература. Саранск, 1992;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ЎГУСТ ((Augustus) Гай Актавій) (з 44 да нашай эры Гай Юлій Цэзар Актавіян; Gaius Julius Caesar Octavianus; 23.9.63 да нашай эры, Рым — 19.8.14 нашай эры),
рымскі імператар [27 да нашай эры — 14 нашай эры]. Сваяк і прыёмны сын Юлія Цэзара. Пасля забойства Цэзара па яго завяшчанні стаў наследнікам і пачаў барацьбу за ўладу. У 43 да нашай эры заключыў саюз з Маркам Антоніем і Лепідам (2-і трыумвірат). У 42 да нашай эры трыумвіры разбілі войскі Брута і Касія, забойцаў Цэзара. Абвастрэнне супярэчнасцяў паміж Актавіянам і Антоніем (абодва імкнуліся да адзінаўладдзя) прывяло да грамадз. вайны. У 31 да нашай эры ў бітве каля мыса Акцый Аўгуст разбіў войскі Антонія і Клеапатры VII і стаў фактычна неабмежаваным правіцелем Рыма. У 27 да нашай эры атрымаў тытул «Аўгуст» (вялікі, свяшчэнны). У часы яго праўлення закладзены асновы прынцыпату. Аўгуст меў вышэйшую ваен. ўладу, пажыццёвую трыбунскую ўладу, быў вялікім пантыфікам (першым жрацом), 11 разоў выбіраўся консулам. У адносінах да народа праводзіў палітыку «хлеба і відовішчаў». Пры ім пашыраны межы дзяржавы. Праўленне Аўгуста супала з т.зв. «залатым векам» рым. л-ры і мастацтва. Месяц смерці Аўгуста быў назв. «аўгустам». Аўгуст і яго час услаўлялі Гарацый, Праперцый, Вергілій і інш.
Статуя імператара Аўгуста з Прыма-Порта. 1 ст. да н.э. — 1 ст.н.э.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРА́ЦЫЙ, Квінт Гарацый Флак (Quintus Horatius Flaccus; 8.12.65 да н.э., Венузія, цяпер г. Веноса, Італія — 27.11.8 да н.э.),
рымскі паэт. Сын раба-вольнаадпушчаніка. У Рыме і Афінах вывучаў грэч. л-ру, філасофію і мастацтва. Быў трыбунам у рэсп. арміі Брута. Пасля паражэння рэспубліканцаў у бітве пры Філіпах (42 да н.э.) падпаў пад рэпрэсіі. Зарабляў на жыццё працай перапісчыка, пачаў пісаць вершы. Далучыўся да літ. гуртка Мецэната, атрымаў ад яго невял. маёнтак і цалкам засяродзіўся на паэт. творчасці. Паступова перайшоў на пазіцыі цэзарызму. Яго «Эподы» — ямбічныя вершы разнастайнага зместу, лепшыя з якіх заклікалі да згоды і міру, і 2 кнігі «Сатыр» («Гутарак») на філас.-этычныя тэмы створаны паміж 41 і 30 да н.э. Грамадзянскім, філас., велічальным (усхвалялі Мецэната і імператара Аўгуста), любоўным, сяброўскім і застольным одам Гарацыя («Песні», кн. І—З, 23 да н.э., кн. 4, 17—13 да н.э.) уласцівы яскравая вобразнасць, тонкі гумар, вытанчанасць мовы і кампазіцыі, рытмічнае багацце. Для твораў Гарацыя характэрны культ суладдзя, мудрай разважлівасці («залатой сярэдзіны») і прыгажосці. У «Пасланні да Пізонаў» («Навука паэзіі», увайшло ў «Пасланні», кн. 1—2, 20—13 да н.э.) выклаў свае эстэт. прынцыпы, якія былі ўзяты за аснову тэарэтычнай праграмы еўрап. класіцызму. У Еўропе 17 ст. роўным Гарацыю па майстэрстве лічыўся паэт-лацініст М.Сарбеўскі («хрысціянскі Гарацый»). У 1909 у Мінску ў серыі «Бібліятэка «Капітолій» двума выданнямі выдадзены «Скандоўнік» да выбраных од і эподаў Гарацыя (дапаможнік для правільнага чытання лац. вершаў). На бел. мову яго творы перакладалі М.Багдановіч (ода «Помнік»), А.Жлутка.