Лёгкіх і бронхаў хваробы 6/348

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

БРО́НХІ

(ад грэч. bronchos дыхальнае горла),

дыхальныя шляхі наземных пазваночных, якія адыходзяць ад трахеі. У земнаводных (за выключэннем піпаў і гатэрый) адсутнічаюць. У млекакормячых і чалавека ўтвараюць шкілетную аснову лёгкіх, т.зв. бранхіяльнае дрэва з адгалінаваннямі на бронхах. да 18—19-га парадкаў. Самыя дробныя бронхі, што ўваходзяць у долькі лёгкага, падзяляюцца на бранхіёлы.

Аснова фіброзных сценак бронхаў — паўкольцы гіялінавых храсткоў (у млекакормячых злучаны ззаду пучкамі гладкіх мышцаў), якія па меры разгалінавання бронхаў ператвараюцца ў храстковыя пласцінкі і знікаюць на ўзроўні дробных бронхаў. Са змяншэннем калібру бронхаў мышачны слой становіцца больш развітым. Слізістая абалонка бронхаў унутры ўкрыта цыліндрычным эпітэліем і клеткамі мігальнага эпітэлію. У падзалозістым слоі размешчаны залозы, лімфоідная тканка. Дробныя бронхі не маюць храстка і залоз, іх унутр. паверхня ўкрыта аднаслойным мігальным эпітэліем. У злучальнатканкавай пласцінцы слізістай абалонкі бронхаў многіх млекакормячых і чалавека размешчаны сакраторныя аддзелы бранхіяльных залоз, у падслізістай аснове развіты сеткі крывяносных і лімфатычных капіляраў, сасудзістыя і нерв. спляценні. Стан бронхаў вызначаюць бронхаскапіяй, бранхаграфіяй. Запаленне бронхаўбранхіт.

А.С.Леанцюк.

т. 3, с. 262

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРОНХАГРА́ФІЯ

(ад бронхі + ...графія),

кантрастны метад даследавання бронхаў. Робяць пад мясц. ці агульнай анестэзіяй. У звычайных умовах пры рэнтгеналагічных даследаваннях бронхі застаюцца нябачнымі. Для атрымання відарыса ў дыхальныя шляхі (пасля абязбольвання) уводзяць кантрастныя рэчывы. Пры двухбаковай бронхаграфіі кантраставанне кожнага лёгкага робяць па чарзе. Паказанні для бронхаграфіі: хранічны або зацяжны запаленчы працэс у бронхалёгачнай сістэме пры наяўнасці прыкмет арган. пашкоджання бронхаў, удакладненне характару і распаўсюджання звужэння трахеі і бронхаў, стамальныя і дадатковыя вусці бронхаў, выяўленыя пры эндаскапіі, удакладненне лакалізацыі і сувязі з бронхалёгачнай сістэмай ценеўтварэнняў у грудной клетцы, хранічны запаленчы працэс у сегментах лёгкага.

т. 3, с. 262

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРОНХАСКАПІ́Я

(ад бронхі + ...скапія),

візуальны метад даследавання дыхальных шляхоў бранхаскопам (складаецца з трубак розных дыяметраў, асвятляльнага і аптычнага прыбораў). Робяць бронхаскапію пад мясц. анестэзіяй як дыягнастычную і лячэбную працэдуру. Паказанні для бронхаскапіі: выяўленне паталагічных змен трахеі, галоўных і сегментарных бронхаў, выдаленне іншародных цел, падвострыя і хранічныя захворванні з парушэннямі праходнасці бронхаў, лёгачныя крывацёкі, калі неабходна ўзяць матэрыял для біяпсіі ці ўвесці лек. сродкі.

т. 3, с. 262

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРАНХІ́Т

(ад грэч. bronchos дыхальнае горла + ...it),

запаленчы працэс у бронхах з пашкоджаннем слізістай абалонкі. Этыялогія найчасцей вірусная, а таксама бактэрыяльная і змешаная; узнікненню бранхіту спрыяюць уздзеянні хім. рэчываў, гіпа- і авітамінозы. Асн. сімптом бранхіту — кашаль: сухі з нязначнай колькасцю слізістай макроты пры катаральным бранхіце; мокры з вял. колькасцю слізіста-гнойнай макроты пры катаральна-гнойным і гнойным бранхіце.

Характар кашлю і макроты залежыць ад пашкоджання слізістай бронхаў (эндабранхіт). Абструктыўны бранхіт суправаджаецца дыхальнай недастатковасцю, што выражана пры бранхіяліце (разнавіднасць бранхіту з пашкоджаннем пераважна дробных бронхаў і брахіёлаў), які найчасцей бывае ў дзяцей ранняга ўзросту. Аўскультацыйная прыкмета бранхіту — сухая, свісцячая, мокрая ахрыпласць. Адрозніваюць востры, зацяжны, рэцыдыўны, хранічны бранхіт. Узнікненню рэцыдываў вострага бранхіту і хранічнага працэсу спрыяюць заганы развіцця трахеабранхіяльнага дрэва, лёгачнай тканкі, імунадэфіцыты, гіперрэактыўнасць бронхаў. Пры хранічным бранхіце запаленчы працэс пашыраецца на ўсю сценку бронхаў. Востры бранхіт можа ўскладняцца пнеўманіяй, хранічны — пнеўмасклерозам, эмфіземай, бронхаэктазіяй. Лячэнне тэрапеўт. і фізіятэрапеўтычнае, значны эфект дае кліматычнае курортнае лячэнне. На бранхіт хварэе таксама с.-г. жывёла, пераважна маладняк.

Л.Р.Кажарская.

т. 3, с. 244

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСПІРА́ТАР,

1) у медыцыне апарат для адсмоктвання ці нагнятання вадкасцяў. Выкарыстоўваецца таксама пры хірург. аперацыях, для выдалення слізі з бронхаў, вадкасці з плеўральнай поласці, у гінекалогіі, уралогіі, пры пульверызацыі, анестэзіі і інш. 2) У тэхніцы — прыстасаванне для адбору пробаў паветра, каб зрабіць аналіз яго саставу і запыленасці асяроддзя. Выкарыстоўваецца ў горнай, металург. і харч. прам-сці.

т. 2, с. 42

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАНГЛІЯБЛАКА́ТАРЫ,

гангліяблакіравальныя сродкі, рэчывы, якія блакіруюць перадачу нерв. ўзбуджэння ў сінапсах вегетатыўных гангліяў і зменьваюць функцыі ўнутр. органаў. Пад уплывам гангліяблакатараў пашыраецца прасвет перыферычных сасудаў, бронхаў, зніжаецца маторыка страўнікава-кішачнага тракту, тонус мачавога пузыра, пачашчаецца сэрцабіцце, зніжаецца артэрыяльны ціск. Лек. выкарыстанне гангліяблакатараў: пры спазмах сасудаў і ўнутр. органаў, ацёках лёгкіх, гіпертанічных крызах, пры анестэзіі. Да гангліяблакатараў належаць пахікарпін, пірылен, пентамін, тэмехін, бензагексоній, дымекалін, кватэрон і інш.

т. 5, с. 21

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДХА́РКВАЛЬНЫЯ СРО́ДКІ,

прыродныя або штучна сінтэзаваныя лекавыя сродкі, якія разрэджваюць макроту, паляпшаючы яе выдаленне, павышаюць актыўнасць слізістай бронхаў, паляпшаюць газаабмен, аслабляюць запаленчыя працэсы. Ужываюць пры вострых рэспіраторных захворваннях, хранічных бранхітах, запаленні лёгкіх, бронхаэктатычнай хваробе і інш. Найб. моцныя з іх: адвары і настоі каранёў алтэю, дзівасілу, падбелу, трыпутніку, травы тэрмопсісу, браміды натрыю і калію. Да адхарквальных сродкаў, якія разрэджваюць макроту, адносяцца ферментныя (трыпсіл, рыбануклеаза) і атрыманыя шляхам хім. сінтэзу (ацэтылцыстэіл, бромгексін).

т. 1, с. 140

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДРЭНАЛІ́Н,

гармон мазгавога слоя наднырачнікаў. Вылучаны з наднырачнікаў жывёл у 1985. Крыніцай утварэння адрэналіну ў арганізме з’яўляюцца амінакіслоты тыразін і фенілаланін. Стымулюе работу сэрца, звужае крывяносныя сасуды, павышае крывяны ціск, расслабляе мускулатуру бронхаў і страўніка, расшырае зрэнкі, павышае бялковы, вугляводны і тлушчавы абмен. Прымяняецца пры вострым зніжэнні артэрыяльнага ціску, нечаканым спыненні работы сэрца (уводзіцца ўнутрысардэчна), алергічных хваробах, анафілактычным шоку. Колькасць адрэналіну ў крыві павялічваецца пры эмацыянальных нагрузках (стрэсе) і цяжкай мышачнай рабоце.

т. 1, с. 137

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́СТМА

(ад грэч. asthma удушша),

1) бранхіяльная астма — звычайна хранічная алергічная хвароба, якая характарызуецца паўторнымі прыступамі ўдушша з прычыны спазмаў бронхаў і ацёку іх слізістай абалонкі пад уплывам алергенаў. Узнікненню астмы садзейнічае спадчынная схільнасць да алергічных рэакцый. Частата прыступаў удушша ад 1—2 за тыдзень (мяккая форма) да некалькіх за суткі (цяжкая форма), пры зацяжной форме астматычны стан доўжыцца некалькі дзён. Прыступы суправаджаюцца цяжкім са свістам дыханнем, сінюшнасцю твару, набуханнем вен на шыі, пад канец пакашліваннем і выдзяленнем невял. колькасці шклопадобных макрот. Акрамя імуналагічнай астма можа мець неімуналагічную аснову, калі яе прыступы развіваюцца пры зменах надвор’я, ахаладжэнні, фіз. напружанні, вегетатыўна-рэфлекторным дысбалансе, ужыванні нестэроідных процізапаленчых лек. сродкаў (напр., аспірыну). Ускладненні: эмфізема лёгкіх, разрастанне злучальнай тканкі вакол бронхаў, змены мышцаў правага жалудачка сэрца і як вынік сардэчная недастатковасць. Лячэнне медыкаментознае, інгаляцыямі аэразоляў.

2) Сардэчная астма — прыступы рэзкай задышкі (удушша), абумоўленыя вострай недастатковасцю функцыі левага жалудачка сэрца. Развіваецца пры гіпертанічнай хваробе, інфаркце міякарда, пароках сэрца, хранічных нефрытах і інш. Доўжыцца ад некалькіх мінут да некалькіх гадзін (магчымы ацёк лёгкіх). Лячэнне тэрапеўтычнае.

М.А.Скеп’ян.

т. 2, с. 46

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)