КАНДАЦЬЕ́Р (італьян. condottieri наёмнік),
1) кіраўнік наёмнага ваен. атрада ў Італіі ў 14—16 ст. Набылі вял. значэнне ва ўмовах пастаянных войнаў паміж італьян. дзяржавамі. У 14 ст. вербаваліся пераважна з іншаземнага рыцарства, з 15 ст. італьянскія К. выцеснілі чужаземцаў. Найб. вядомыя К.: Л.Вісконці, А. да Барбіяна, Б. да Мантоне, Б.Калеоні, Ф.Сфорца і інш. Некаторыя з іх стварылі ўласныя арміі (кампаніі), самастойна вялі войны, захапіўшы ўладу ў гарадах, засноўвалі тыраніі (напр., Сфорца ў Мілане). З канца 15 ст., калі пяхота і артылерыя пачалі адыгрываць большую ролю, чым конніца (гал. сіла кандацьерскіх атрадаў), інстытут К. паступова знік.
2) Чалавек, які для асабістай выгады гатовы брацца за любую справу.
Дз.М.Чаркасаў.
т. 7, с. 578
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«СВІ́НКА»,
дзіцячая гульня на Беларусі. Колькасць удзельнікаў неабмежавана. Кожны гулец павінен мець кіёк. Каб вырашыць, каму выконваць ролю пастуха, праводзілася жараб’ёўка: па чарзе браліся за кіёк зверху над рукой папярэдняга, і каму выпала брацца за канец кійка апошнім, заставаўся «пастухом». Удзельнікі свабодна станавіліся кругам і выкопвалі насупраць сябе неглыбокую ямку, у якой на працягу гульні трымалі канец кійка. «Пастух» з дапамогай кійка «выганяў» (выкатваў) на «выган» (цэнтр круга) «С.» (невял. кавалак дрэва) і пачынаў яе «пасвіць» (падштурхоўваць то да аднаго, то да другога гульца’). Гулец павінен быў хутка адагнаць яе ад сябе на «выган» (адкінуць кавалак дрэва ў цэнтр круга) і паставіць кіёк назад у ямку. «Пастух» таксама імкнуўся паставіць свой кіёк у свабодную ямку гульца, і калі яму ўдавалася, яны мяняліся ролямі. Дапамагчы гульцу адагнаць «С.» мог суседні гулец. Гульня вядома на Магілёўшчыне, Міншчыне і Віцебшчыне.
В.Дз.Ліцвінка.
т. 14, с. 258
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)