БРА́ТКІ,

гл. ў арт. Фіялка.

т. 3, с. 250

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Браткі 2/396; 5/540; 10/606

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Браткі (в., Жлобінскі р-н) 11/39

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Анюціны вочкі, гл. Браткі

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

БАРТО́ (Агнія Львоўна) (17.2.1906, Масква — 1.4.1981),

руская пісьменніца. Пісала пераважна для дзяцей. Зб. вершаў «Браткі» (1928), «Хлопчык наадварот» (1934), «Лялькі» (1936), «Снягір» (1939), «Вершы дзецям» (1949; Дзярж. прэмія СССР 1950), «Я расту» (1968), «За кветкамі ў зімовы лес» (1970; Ленінская прэмія 1972) і інш. Яе вершы адметныя мяккім гумарам, яснасцю мовы. Аўтар сцэнарыяў кінафільмаў «Падкідыш» (1939), «Алёша Пціцын выпрацоўвае характар» (1958), празаічных твораў «Знайсці чалавека» (1969, пра пошукі сем’яў дзяцей, што згубіліся ў Вял. Айч. вайну), «Запіскі дзіцячага паэта» (1976). На бел. мову вершы Барто перакладалі Э.​Агняцвет, В.​Вітка, А.​Вольскі, К.​Шавель і інш.

т. 2, с. 321

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДВУХГАДО́ВЫЯ РАСЛІ́НЫ, двухлетнікі,

травяністыя расліны з жыццёвым цыклам (ад насення да насення) на працягу 2 гадоў. Каля 50 тыс. відаў з розных сістэм. груп. Пашыраны па ўсім зямным шары, асабліва ва ўмераным поясе Паўн. паўшар’я. На Беларусі больш за 60 відаў. Да Д.р. належыць большасць агароднінных (цыбуля, морква, буракі, капуста і інш.), лекавыя (баркун, наперстаўка, пакрывец, блёкат і інш.), дэкар. (браткі, гваздзік турэцкі, званочак сярэдні, незабудка альпійская і інш.) віды.

У 1-ы год Д.р. развіваюць падземную і надземную вегетатыўныя часткі (корань, цыбуліну, караняплод, сцёблы, лісце), на 2-і ўтвараюць (за кошт назапашаных пажыўных рэчываў) прадаўгаваты парастак з кветкамі, цвітуць, пладаносяць і адміраюць.

т. 6, с. 80

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЧЭ́ЛЬ-ЗАГНЕ́ТАВА (Данута Янаўна) (н. 3.12.1937, в. Біскупцы Лідскага р-на Гродзенскай вобл.),

бел. паэтэса. Скончыла Гродзенскі пед. ін-т (1962). Настаўнічала. З 1982 у Гродзенскім гіст.-археал. музеі, з 1995 дырэктар Музея М.​Багдановіча ў Гродне. Друкуецца з 1958. Першы зб. вершаў «Дзявочае сэрца» (1961). У творчасці Бічэль-Загнетавай — шчырасць, пачуццё грамадз. адказнасці, годнасці і гонару, болю і радасці за бацькоўскую зямлю, праблемы сучаснасці і гіст. мінулага, матывы вернасці высокім маральна-этычным прынцыпам дружбы, сяброўства, кахання, мацярынства. Зб. лірыкі «Божа мой, Божа» (1993) — малітва за Беларусь, адраджэнне душы, мовы, трывожны роздум пра лёс роднага краю (верш «Малітва»), Дзярж. прэмія Беларусі 1984 за зб. вершаў «Дзе ходзяць басанож» (1983). Для дзяцей зб-кі «Перапёлка» (1968), «Дагані на кані» (1973), «Габрынька і Габрусь», (1985), «Гараднічанка» (1993) і інш. Складальнік альманаха «Краю мой — Нёман» (1986, з А.​Цяжкім), зб. твораў Л. і Ю.​Геніюшаў «Маці і сын» (Беласток, 1992, з С.​Яновічам).

Тв.:

Ты — гэта ты. Мн., 1976;

Браткі. Мн., 1979;

Даўняе сонца. Мн., 1987;

А на Палессі. Мн., 1990.

Літ.:

Бярозкін Р. Святло і рух // Маладосць. 1976. № 6;

Чабан Т. Крылы рамантыкі. Мн., 1982. С. 73—75, 111—113;

Тарасюк Л. Вернасць вытокам. Мн., 1985. С. 47—52, 111—114.

І.​У.​Саламевіч.

Д.Я.Бічэль-Загнетава.

т. 3, с. 164

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУПА́ЛЛЕ, Іван Купала, Ян,

старажытнае язычніцкае земляробчае свята. Пад рознымі назвамі вядома ўсім індаеўрап. народам. Ва ўсх. славян згадваецца ў летапісах з 1175, у старабел. граматах з 13—14 ст. У старажытнасці лічылася святам сонца і было прымеркавана да дня летняга сонцастаяння, калі найб. росквіту дасягалі жыватворныя сілы прыроды, у першую чаргу расліннасці, збажыны. Прадстаўнікі міфалагічнай школы лічылі К. святам у гонар язычніцкага бога (багіні) Купалы. Слова «купала», як і «К.», мае некалькі трактовак. Найб. пашыраная — ад стараж.-слав. «купець» (гарэць). Мае індаеўрап. корань kū̌p — са значэннем «кіпець», «горача жадаць», блізкі да лац. cupido (імкнуцца, ускіпаць), ад якога выводзіцца Купідон. Мела карнавальна-экстатычны характар, блізкі да ант. вакхічных культаў. Аб гэтым сведчыць і такі абавязковы элемент К., як эротыка (супольнае купанне ў аголеным выглядзе, асаблівая сексуальная свабода ў купальскую ноч, пасля якой нараджаліся пазашлюбныя, т.зв. «святыя» дзеці, і інш.). Купальскія рытуалы суадносяцца з агнём (зямным і нябесным — сонцам, прадстаўленым у К. колам) і вадой, якія выступаюць у купальскіх міфах як брат і сястра. У аснове міфа ляжыць матыў іх кровазмяшальнага шлюбу (увасабляецца ў двухколернай кветцы браткі), які тлумачыцца як узаемасувязь асн. процілегласцей — агню і вады. Пашыраныя матывы купальскіх змей, жывёл, скарбаў і інш. звязваюць цыкл купальскіх міфаў з асн. міфамі слав. міфалогіі. Пасля прыняцця хрысціянства царква сумясціла з К. дзень Іаана Хрысціцеля, свята атрымала здвоеную назву Іван Купала, або Іванаў (Янаў) дзень. Святкавалася ў ноч на 7 ліп. (24 чэрв. с. ст.). Характарызавалася комплексам абрадаў, павер’яў, любоўнай і агр. варажбой. Яшчэ днём дзяўчаты збіралі купальскія (святаянскія) зёлкі, што, як лічылася, мелі асаблівую лекавую моц. Частку іх пакідалі на лекі, на спажыванне ў ежу, некаторыя (ім надавалі ахоўнае значэнне) утыкалі ў сцены хаты і хлява, з інш. плялі вянкі для купальскага гуляння. Цэнтр. месца ў абрадах і гульнях К. займала купальскае вогнішча. Купальскія агні, верагодна, увасаблялі сонца і надзяляліся сілай даваць ураджай і праганяць смерць. Да купальскага вогнішча рыхтаваліся загадзя. Па ўсіх дварах збіралі старыя непатрэбныя рэчы і вывозілі іх на выбранае для ўрачыстасці месца (узлесак, паляну, высокі бераг ракі), дзе яны пазней спальваліся. У старажытнасці купальскі агонь распальвалі трэннем кавалкаў дрэва адзін аб адзін, адначасова ўздымалі на высокім шасце прамасленае драўлянае кола (магчыма, сімвал сонца), якое потым падпальвалі. Пры агні гатавалі абрадавую вячэру: яешню, верашчаку, кулагу, варэнікі. Вакол агню вадзілі карагоды, спявалі купальскія песні. Праз вогнішча хлопцы і дзяўчаты скакалі парамі, што было звязана з ачышчальнай магіяй і з рытуалам, прызначаным забяспечыць плоднасць (ад вышыні скачка залежала вышыня хлябоў і інш.). Важнымі элементамі свята былі спаленне або тапленне ў вадзе чучала Купалы (таксама называлі Марай, Марэнай), рытуальнае купанне на ўзыходзе сонца, качанне па расе, пусканне з гары падпаленага кола і інш. Вельмі пашыранай на К. была варажба, асабліва на замужжа (на рачную плынь пускалі вянкі, загадваючы на «суджанага», і інш.). Купальскую ноч лічылі ноччу цудаў. Паводле нар. павер’яў, рэкі ў гэту ноч свецяцца асаблівым прывідным святлом, а звяры, птушкі і нават дрэвы атрымліваюць дар мовы, зацвітае папараць-кветка і да т.п. Адначасова К. — час разгулу змрочных сіл прыроды: ведзьмы і ведзьмары нібыта імкнуцца адабраць у кароў малако, зрабіць заломы ў жыце і інш. Таму ў гэту ноч рабілі розныя засцярогі, прыбягалі да ахоўнай магіі (кідалі ў жыта галавешкі з агнём, абтыкалі сцены хаты і хлява святаянскімі зёлкамі, у некат. мясцовасцях праз вогнішча з мэтай ачышчэння і засцярогі праганялі статак). Традыцыя К. на Беларусі амаль у архаічным выглядзе захавалася да пач. 20 ст. У наш час існуе як традыц. нар. свята без абрадавай дзейнасці.

Літ.:

Петропавловский А.И. «Коляды» и «Купало» в Белоруссии // Этногр. обозрение. 1908. Кн. 76—77, № 1—2;

Иванов В.В., Топоров В.Н. Исследования в области славянских древностей. М., 1974;

Беларускія народныя абрады. Мн., 1994.

т. 9, с. 30

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)