род кветкавых раслін сям. фіялкавых. Каля 500 відаў. Пашыраны ўсюды, пераважна ва ўмераным поясе Паўн. паўшар’я і Андах. Як эфіраалейную расліну вырошчваюць Ф. духмяную (V. odorata). На Беларусі 18 відаў. Найб. вядомыя Ф.: балотная (V. palustris), дзіўная (V. mirabilis), камяністая (V. rupestris), палявая (V. arvensis), сабачая (V. canina), трохколерная, або браткі, нар. назвы брат з сястрою, трава трыцветная, трайцвет, махвіцы (V. tricolor). У Чырв. кнігу занесены Ф. багнавая (V. uliginosa) і высокая (V. elatior). Трапляюцца ў лясах, на лугах, балотах, па берагах рэк. Культывуюць гібрыдную садовую Ф. Вітрака (V. × wittrockiana).
Шматгадовыя травяністыя расліны выш. 2—50 см, часам паўкусты. Сцёблы прамастойныя або прыўзнятыя. Лісце з прылісткамі, чаргаванае або ў разетцы, простае, зубчастае ці пілаватае. Кветкі ліловыя, сінія, белыя, жоўтыя або рознакаляровыя, адзіночныя. Плод — каробачка. Лек., эфіраалейныя і дэкар. расліны.