БРАНТ
(Brant, Brandt) Себасцьян (1457, г. Страсбур, Францыя — 10.5.1521),
нямецкі пісьменнік-гуманіст. Д-р права (1489). Аўтар сатыр.-дыдактычнай паэмы «Карабель дурняў» (1494), у вобразах якой персаніфікаваў разнастайныя праяўленні чалавечага глупства. Выступаючы ў ролі аднаго з герояў паэмы, Брант не толькі выкрываў заганы, уласцівыя як чалавечаму роду ўвогуле, так і яго сучаснікам, але і заклікаў да пераадолення чалавечага глупства з дапамогаю розуму. Паэма напісана жывой нар. мовай. Яе праілюстраваў А.Дзюрэр. Брант апублікаваў таксама шэраг юрыд., тэалагічных і літ. тэкстаў, у т. л. творы Ф.Петраркі і інш. У традыцыях «л-ры пра дурняў», ля вытокаў якой стаіць Брнт, тварылі Эразм Ратэрдамскі, Т.Мурнер, Г.Сакс і інш.
Тв.:
Рус. пер. Корабль дураков: Избр. сатиры. М., 1984.
А.С.Шаўчэнка.
т. 3, с. 244
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРАНТ Раман Фёдаравіч
(16.12.1853, С.-Пецярбург — 2.3.1920),
рускі мовазнавец, славіст. Чл.-кар. Пецярбургскай АН (1902). Праф. Маскоўскага ун-та (1886). Скончыў Пецярбургскі ун-т (1875). Далучаўся да кірунку младаграматызму. Аўтар прац па гісторыі слав. моў і л-р; з лінгвістычных даследаванняў найб. каштоўныя па слав. націску, словаўтварэнні, фанетыцы, граматыцы, палеаграфіі («Апісанне славянскай акцэнталогіі», 1880, і інш.). Распрацоўваў праблемы стварэння і выкарыстання міжнар. штучных моў (у т. л. эсперанта).
Літ.:
Булахов М.Г. Восточнославянские языковеды. Т. 1. Мн., 1976.
т. 3, с. 244
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРАНТ Фёдар Фёдаравіч
(Іаган Фрыдрых; 25.5.1802, г. Ютэрбог, Германія — 15.7.1879),
расійскі заолаг. Акад. Пецярбургскай АН (1833). Скончыў Берлінскі ун-т. У 1826—31 працаваў у ім (з 1831 праф.). З 1831 у Расіі: заснаваў і ўзначаліў Заал. музей Пецярбургскай АН, у 1857—69 праф. Медыка-хірург. акадэміі ў Пецярбургу. Навук. працы па сістэматыцы, палеанталогіі, заалогіі і зоагеаграфіі млекакормячых і інш. пазваночных. Адзін з аўтараў «Медыцынскай заалогіі» (т. 1—2, 1829—34), «Кароткага абрысу параўнальнай анатоміі з далучэннем гісторыі развіцця жывёл» (1858).
т. 3, с. 244
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРАНТ Пётр Уладзіслаў Казіміравіч
(15.2.1836, в. Рудакі Свянцянскага пав. Віленскай губ. — 1912),
удзельнік паўстання 1863—64 на Беларусі, у Літве і Польшчы. Вучыўся ў Маладзечне. Напярэдадні паўстання служыў у Беластоку, паручнік. У крас. 1863 з групай афіцэраў Лібаўскага пях. палка ўдзельнічаў у фарміраванні гал. паўстанцкага атрада Гродзенскай губ. Змагаўся супраць царскіх войск на Беласточчыне, потым на чале асобнага атрада ў Аўгустоўскім пав., вызначыўся ў баях на сумежжы Літвы і Польшчы. У 2-й пал. 1863 кіраваў атрадамі паўстанцаў з сялян у Курпёўскай пушчы Ломжынскага пав. З канца 1863 у эміграцыі (Парыж, Галіцыя). Аўтар успамінаў пра паўстанне.
Г.В.Кісялёў.
т. 3, с. 244
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРАНТ
(Brandt) Вілі [сапр. Фрам (Frahm) Герберт Эрнст Карл; 18.12.1913, г. Любек, Германія — 8.10.1992], палітычны і дзярж. дзеяч Германіі. Чл. С.-д. партыі Германіі (СДПГ) з 1930. Пры нацыстах у 1933 эмігрыраваў і жыў у Нарвегіі і Швецыі, дзе займаўся журналістыкай. Пазбаўлены ням. грамадзянства ў 1938, адноўлены ў 1948. З 1945 карэспандэнт сканд. газет у Германіі. Пазней на дэпутацкай і інш. рабоце ў Зах. Берліне, у 1957—66 кіруючы бургамістр. У 1958—63 старшыня СДПГ (Зах. Берліна),
у 1964—87 старшыня СДПГ. У 1966—69 віцэ-канцлер і міністр замежных спраў у кааліцыйным урадзе ФРГ. Федэральны канцлер у 1969—74, быў адным з ініцыятараў новай усх. палітыкі (падпісанне дагавораў з СССР і Польшчай у 1970, з ЧССР у 1973); ва ўнутр. палітыцы імкнуўся да сац. кампрамісу. З 1976 старшыня Сацыялістычнага інтэрнацыянала. У 1979—82 дэпутат Еўрапарламента. Аўтар мемуараў. Нобелеўская прэмія міру 1971.
Тв.:
Рус. пер. — Воспоминания. М., 1991.
т. 3, с. 244
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)