Старамядзельскі кляштар кармелітаў босых

т. 15, с. 158

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛІНО́ЎСКІ (Юзаф Андрэевіч) (1.9.1835, Вільня — 15.11.1907),

удзельнік паўстання 1863—64 у Польшчы, Літве і Беларусі. Скончыў Мікалаеўскую ваен.-інж. акадэмію ў Пецярбургу (1863). У 1860—63 служыў у Брэсцкай крэпасці, інжынер-капітан. З чэрв. 1863 на чале ваен. секцыі Выканаўчага аддзела Літвы, найбліжэйшы памочнік К.Каліноўскага, хоць не падзяляў яго радыкальных поглядаў. У 1864 арыштаваны, да 1873 на катарзе і пасяленні ў Іркуцкай губ. і Пермі. Удзельнічаў у даследаваннях Сібіры. Пасля вяртання з Сібіры (1873) быў выхавальнікам сына кн. У.​Чартарыйскага — Аўгуста. З 1877 у Аўстра-Венгрыі, манах-кармеліт, прыёр кляштара ў в. Чэрна (каля Кракава), генеральны вікарый кармелітаў босых у Галіцыі. Аўтар гіст. і рэлігійна-філас. твораў, кн. «Успаміны, 1835—1877» (надр. 1965). 17.11.1991 кананізаваны.

Г.​В.​Кісялёў, В.​Ф.​Шалькевіч.

т. 7, с. 471

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЯ́ДЗЕЛЬСКІ СТАНІСЛА́ВАЎСКІ КАСЦЁЛ КАРМЕЛІ́ТАЎ,

помнік архітэктуры позняга барока ў г. Мядзел Мінскай вобл. Пабудаваны ў 1752—54 А.​Кошчыцам разам з заснаваным ім кляштарам босых кармелітаў. Кляштар зачынены ў 1840, касцёл у 1866 перароблены пад царкву, пры гэтым забелены размалёўкі. У 1920 вернуты католікам, зачынены пасля Вял. Айч. вайны, з 1989 аддадзены вернікам. Мураваны храм мае цэнтрычную кампазіцыю. Ніжні кубічны аб’ём завершаны масіўным 8-гранным барабанам, накрытым пластычным гранёным купалам з 4 люкарнамі і ажурным ліхтаром у цэнтры. У аздобе фасадаў выкарыстаны прафіляваныя карнізы, раскрапоўкі, разарваныя франтоны, калоны, валюты, каваныя агароджы балкончыкаў. Аконныя праёмы з паўцыркульнымі і лучковымі арачнымі завяршэннямі. Дэкар. афармленне інтэр’ера мае элементы ракако. Па ўсім перыметры сцен здвоеныя пілястры з капітэлямі, аб’яднаныя прафіляваным карнізам. У інтэр’еры захаваліся фрагменты фрэсак. Касцёл — рэдкі для бел. барока помнік цэнтрычнай кампазіцыі, не мае аналагаў сярод кармеліцкіх храмаў. Кампазіцыйнае вырашэнне будынка несіметрычнае. Паверхня сцен мае строгую і лаканічную арх. апрацоўку. Побач з касцёлам мураваная 2-павярховая плябанія і званіца.

А.​А.​Ярашэвіч.

Мядзельскі Станіславаўскі касцёл кармелітаў.

т. 11, с. 69

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)