ЗЮ́ЗЯ,

у бел. нар. міфалогіі бажаство — увасабленне холаду. З. ўяўлялі ў выглядзе лысага барадатага дзеда ў расхлістаным кажусе, які босы хадзіў па снезе. Паводле павер’яў, ён узнімаў завіруху, мяцеліцу, выклікаў сцюжу. Прымхлівыя людзі лічылі, што ў моцны мароз З. біў доўбняй па дрэвах і бярвенні, якія ад гэтага трашчалі.

т. 7, с. 123

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНО́СА (Canossa),

замак у Паўн. Італіі, за 18 км на ПдЗ ад г. Рэджа-нель-Эмілія, пабудаваны ў 10 ст. Тут у студз. 1077 адбылася значная падзея ў гісторыі барацьбы за інвестытуру. Адлучаны ад каталіцкай царквы і пазбаўлены прастола імператар «Свяшчэннай Рым. імперыі» Генрых IV (гл. ў арт. Генрых, герм. правіцелі) у рыззі і босы 3 дні прасіў тут даравання і літасці ў свайго праціўніка рым. папы Грыгорыя VII. З таго часу выраз «ісці ў К.» азначае згоду на зневажальную капітуляцыю.

т. 7, с. 589

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)