БО́ДНАР (Іван Васілевіч) (н. 20.7.1940, с. Доўгае Закарпацкай вобл., Украіна),
бел. вучоны ў галіне фізікі і хіміі цвёрдага цела. Д-р хім. н. (1989), праф. (1991). Скончыў Ужгарадскі ун-т (1964). З 1969 у Ін-це фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў АН Беларусі, з 1983 у Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі. Навук. даследаванні па цвёрдых растворах шматкампанентных сістэм, вырошчванні монакрышталёў складаных паўправадніковых матэрыялаў і вывучэнні іх фіз.-хім. і цеплафіз. Уласцівасцяў.
т. 3, с. 203
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Боднар Ян 1/298; 6/149; 7/469
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛАГЕ́НЫ, галоіды,
хімічныя элементы галоўнай падгрупы VII групы перыядычнай сістэмы: фтор F, хлор Cl, бром Br, ёд J і астат At. У прыродзе трапляюцца толькі ў злучэннях (акрамя At).
Малекула галагенаў двухатамная. У звычайных умовах фтор і хлор — газы, бром — вадкасць, ёд і астат — цвёрдыя рэчывы. З павелічэннем ат. масы (ад F да At) павышаюцца т-ры плаўлення і кіпення. Галагены маюць найб. сярод усіх хім. элементаў роднасць да электрона, фтор самы электраадмоўны элемент. Моцныя акісляльнікі, непасрэдна рэагуюць з большасцю хім. элементаў. Рэакцыйная здольнасць у радзе F—Cl—Br—I памяншаецца. З вадародам галагены ўтвараюць галагенавадароды, з металамі і неметаламі — галагеніды, з кіслародам — аксіды (фтор — фтарыды кіслароду). Усе ядавітыя і маюць бактэрыцыдныя ўласцівасці.
І.В.Боднар.
т. 4, с. 446
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАДАРО́ДНАЯ СУ́ВЯЗЬ,
від трохцэнтравай хімічнай сувязі тыпу A—Hδ+... Bδ-, якая ўзнікае, калі атам вадароду H адначасова злучаны з двума электраадмоўнымі атамамі A і B. З атамам A (вуглярод, азот, кісларод, сера) вадарод злучаны моцнай кавалентнай сувяззю (A—Hδ+). З атамам B (фтор, кісларод, азот, радзей хлор, сера), які мае непадзельную пару электронаў, утварае дадатковую вадародную сувязь (абазначаецца кропкамі). Вадародная сувязь на парадак слабейшая за кавалентную сувязь.
Атамы A і B могуць належаць адной (унутрымалекулярная вадародная сувязь) і розным малекулам (міжмалекулярная вадародная сувязь). Выклікае асацыяцыю аднолькавых (вада, кіслоты, спірты) ці розных малекул у асацыяты і комплексы, уплывае на крышталізацыю, растварэнне, вызначае структуру бялкоў, нуклеінавых кіслот і інш. біялагічна важных злучэнняў.
І.В.Боднар.
т. 3, с. 434
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛЬФРА́М (лац. Wolframium),
W, хімічны элемент VI гр. перыяд. сістэмы, ат. н. 74, ат. м. 183,85. Прыродны складаецца з 5 ізатопаў 180W (0,135%), 182W (26,41%), 183W (14,4%), 184W (30,64%) і 186W (28,41%). У зямной кары знаходзіцца 10−4% па масе, трапляецца ў выглядзе мінералаў (гл. Вальфраміт). Светла-шэры метал, шчыльн. 19 300 кг/м³, tпл 3380 ± 10 °C (самы тугаплаўкі метал), tкіп 5900—6000 °C. Пры звычайных умовах у кіслотах (акрамя сумесі азотнай і плавіковай) і шчолачах не раствараецца. Акісляецца кіслародам паветра пры t > 400 °C і ў расплаве шчолачаў (утварае вальфраматы). Пры награванні ўзаемадзейнічае з галагенамі, азотам, вугляродам (гл. Вальфраму карбіды). Здабываюць з вальфрамавых руд. Атрымліваюць аднаўленнем аксідаў вадародам да парашкападобнага вальфраму. Метал вырабляюць метадамі парашковай металургіі. Выкарыстоўваюць як аснову сплаваў (гл. Вальфрамавыя сплавы), для легіравання сталі, у вытв-сці вакуумных прылад і ніцяў лямпаў напальвання.
І.В.Боднар.
т. 3, с. 494
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАНА́ДЫЙ (лац. Vanadium),
V, хімічны элемент V групы перыяд. сістэмы, ат. н. 23, ат. м. 50,9415. Прыродны складаецца з 2 ізатопаў: 51V (99,76%) і слаба радыеактыўнага 50V (0,24%, перыяд паўраспаду 1014 гадоў). Належыць да рассеяных элементаў, трапляецца ў выглядзе мінералаў (гл. Ванадыніт). У зямной кары знаходзіцца 0,019% па масе.
Пластычны серабрыста-шэры метал, шчыльн. 6110 кг/м³, tпл 1920 °C. Устойлівы да ўздзеяння раствораў неарган. к-т, соляў і шчолачаў. Раствараецца ў канцэнтраваных к-тах, у расплавах шчолачаў, на паветры акісляецца да ванадатаў. Пры 600—800 °C узаемадзейнічае з кіслародам, з азотам утварае нітрыд (VN, tпл 2360 °C), з вугляродам — карбід (VC, чорныя крышталі, tпл каля 2830 °C, мае высокую цвёрдасць). Крыніца здабычы — жал. руды, якія маюць злучэнні ванадыю. Атрымліваюць з пентаксіду дыванадыю V2O5 металатэрмічным аднаўленнем. Выкарыстоўваюць як легіруючы кампанент сталяў і спец. сплаваў для авіяц. і касм. тэхнікі, суднабудавання; кампанент звышправодных сплаваў. Злучэнні ванадыю таксічныя; ГДК для V2O5 0,1—0,5 мг/м³.
Г.В.Боднар.
т. 3, с. 500
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́СМУТ (лац. Bismuthum),
Ві, хімічны элемент V групы перыяд. сістэмы, ат. н. 83, ат. м. 208,9804. Прыродны мае 1 стабільны ізатоп 209Bi. У зямной кары знаходзіцца 2∙10−5 % па масе. Трапляецца ў выглядзе мінералаў (гл. Вісмутавыя руды). Крохкі серабрыста-шэры з ружовым адценнем метал, шчыльн. 9800 кг/м³, tпл 271,4 °C (пры плаўленні памяншаецца ў аб’ёме), tкіп 1564 °C.
Устойлівы ў сухім паветры, пры t вышэй за 1000 °C гарыць (утварае аксід Bi2O3). Раствараецца ў к-тах азотнай і канцэнтраванай сернай (пры награванні). З галагенамі пры 200—250 °C утварае трыгалагеніды (напр., вісмуту хларыд BiCl3), з большасцю металаў пры сплаўленні — інтэрметал. злучэнні вісмутыды (напр., вісмутыды натрыю Na3Bi, магнію Mg3Bi2). Атрымліваюць пры перапрацоўцы пераважна свінцовых руд. Выкарыстоўваецца як кампанент легкаплаўкіх сплаваў (напр., сплаў Вуда), бабітаў, як цепланосьбіт у ядз. рэактарах (расплаў), для вытв-сці пастаянных магнітаў, у прыладах для вымярэння напружанасці магн. поля. Злучэнні вісмуту выкарыстоўваюць у вытв-сці керамікі, фарфору, спец. шкла, як антысептычныя сродкі.
І.В.Боднар.
т. 4, с. 197
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІО́НЫ (ад грэч. iōn які ідзе),
электрычна зараджаныя часціцы, якія ўтвараюцца ў выніку страты ці набыцця электронаў атамамі або групамі хімічна звязаных атамаў. Зарад І. кратны элементарнаму эл. зараду. Дадатныя І. наз. катыёнамі (напр., катыёны алюмінію Al3+, амонію NH44+), адмоўныя — аніёнамі (напр., аніёны хлору Cl−, сернай к-ты SO42-). Тэрмін «І.» прапанаваны М.Фарадэем (1834).
У свабодным стане існуюць у газавай фазе (у плазме). У кандэнсаваных фазах звязаны (узаемадзейнічаюць) з часціцамі, што іх акружаюць (І. процілеглага знака ў крышталях і расплавах, з нейтральнымі малекуламі — у растворах; гл. Гідратацыя, Сальватацыя). Асн. структурныя характарыстыкі І. у кандэнсаванай фазе — іонны радыус і каардынацыйны лік. У эл. полі І. пераносяць электрычнасць: катыёны — да адмоўнага электрода (катода), аніёны — да дадатнага (анода); адначасова адбываецца перанос рэчыва, што адыгрывае значную ролю ў электролізе, пры іонным абмене. Удзельнічаюць у хім. рэакцыях (як каталізатары, прамежкавыя часціцы), геахім. працэсах, працэсах абмену рэчываў у жывым арганізме (функцыянаванне біял. мембран, праводнасць нерв. імпульсаў і інш.).
І.В.Боднар.
т. 7, с. 298
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ЛАВА ЗЛУЧЭ́ННІ,
неарганічныя хімічныя злучэнні, у якія ўваходзіць волава, пераважна ў ступені акіслення +2, +4. Злучэнні, у якіх волава мае ступень акіслення +2, менш устойлівыя і з’яўляюцца моцнымі аднаўляльнікамі. Найчасцей выкарыстоўваюцца дыаксід і солі (хларыды, сульфіды).
Дыаксід волава SnO2, бясколернае крышт. рэчыва, (tпл 1630 °C, нерастваральны ў вадзе. Хімічна вельмі ўстойлівы, плёнка SnO2 ахоўвае волава ад акіслення ў паветры. У прыродзе — мінерал касітэрыт. Выкарыстоўваюць як белы пігмент для эмалей, шкла, паліваў. Дыхларыд волава SnCl2, бясколерная крышт. соль, tпл 247 °C. Выкарыстоўваюць у арган. сінтэзе (аднаўляльнік), пры фарбаванні тканін (пратрава). Тэтрахларыд волава SnCl4, бясколерная вадкасць, дыміць у паветры, tкіп 114 °C, шчыльн. 2230 кг/м (20 °C). Раствараецца ў вадзе, спірце, эфіры, добры растваральнік для многіх неэлектралітаў (напр., ёд, фосфар, сера і інш.). Выкарыстоўваюць у вытв-сці волаваарган. злучэнняў, святлоадчувальнай паперы і інш. Сульфід волава SnS, крышталі рудога колеру, tпл 880 °C. У прыродзе — рэдкі мінерал герцэнбергіт. Выкарыстоўваюць для павышэння антыфрыкцыйных уласцівасцей падшыпнікавага матэрыялу. Дысульфід волава SnS2, залаціста-жоўтыя крышталі, нерастваральныя ў вадзе. Выкарыстоўваюць як пігмент для фарбаў (імітатар сусальнага золата).
І.В.Боднар.
т. 4, с. 259
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛЫ́Н,
комплексныя злучэнні, крышталегідраты двайных сульфатаў саставу M1MIII(SO4)2∙12H2O ці MI2SO4 × M2III(SO4)3∙24H2O (MI — адназарадны катыён: Na+, K+, Rb+, Cs+, NH4+ і інш.; MIII — трохзарадны катыён: Al3+, Cr3+, Fe3+, Ga3+ і інш.). Існуюць таксама селенатны галын саставу MIMIII(SeO4)2∙12H2O і т.зв. псеўдагалын, які ўтвараюць двухзарадныя катыёны, напр. FeSO4xAl2(SO4)3∙24H2O.
Вядома некалькі дзесяткаў галынаў. Пры звычайных умовах устойлівыя крышт. рэчывы з вяжучым, кіслым смакам. На ўласцівасці галынаў больш значна ўплывае адназарадны катыён M+, У галынаў, якія маюць аднолькавы катыён M3+, у радзе Na, K, NH4, Rb, Cs растваральнасць у вадзе памяншаецца, т-ра плаўлення і тэрмічная ўстойлівасць павялічваюцца (напр., алюманатрыевы галын мае tпл 61 °C, алюмацэзіевы — 117 °C). Пры награванні плавяцца ў крышталізацыйнай вадзе, потым дэгідратуюць у 2 ці некалькі стадый. Прадукт дэгідратацыі — галын бязводны ці палены.
У прыродзе трапляецца алюмакаліевы, алюманатрыевы (мінерал чэрмігіт). Выкарыстоўваюць у асн. алюмініевы галын, хромава-каліевы (гл. Хромавы галын) і жалеза-амоніевы для дублення скуры, праклейвання паперы, як пратраву пры фарбаванні тканін, каагулянты пры водаачыстцы, рэактывы ў фатаграфіі.
І.В.Боднар.
т. 4, с. 475
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)