тэхніка манументальнага жывапісу: размалёўка па свежым сырым тынку, які пры высыханні ўтварае тонкую празрыстую плёнку, што замацоўвае фарбы і робіць Ф. даўгавечнай; твор выкананы ў гэтай тэхніцы. Тэхнічныя разнавіднасці: а фрэска, а сэка, казеінава-вапнавы жывапіс.
Для Ф. выкарыстоўваюць парашкі мінер. пігментаў (охра, умбра, кобальт і інш.), расцёртыя на чыстай ці вапнавай вадзе або водна-клеявым саставе (дадаюць сінт. фарбы). Сувязным рэчывам паміж асновай і фарбавым слоем з’яўляецца вапна. Палітра фрэскавага жывапісу звычайна стрыманая, пры высыханні фарбы моцна блякнуць. Тэхніка Ф. вядома з 2-га тыс. да н.э. ў эгейскім мастацтве, была адной з асн. у ант. і візант. мастацтве, краін Каўказа, Балкан і Зах. Еўропы. Росквіту дасягнула ў 14—16 ст. у творчасці майстроў італьян. Адраджэння Джота, Мазачыо, П’ера дэла Франчэска, Рафаэля, Мікеланджэла. Высокім узроўнем вызначаюцца Ф. Сафійскага сабора ў Кіеве (10—12 ст.), а таксама майстроў 14—17 ст. Феафана Грэка, Андрэя Рублёва, Дыянісія. У 20 ст. вядомасць набылі Ф. мексіканскіх мастакоў Х.К.Ароска і Д.Рывера.
На Беларусі найб.стараж. Ф. захаваліся ў інтэр’еры Сафійскага сабора ў Полацку (11 ст.). Унікальнымі з’яўляюцца Ф. Полацкай Спаса-Праабражэнскай царквы (12 ст.), якія вылучаюцца эмац. напружанасцю, выразнасцю ліній і штрыха. У фрэскавых размалёўках 12—16 ст. прасочваецца ўплыў візант. традыцый: Барысаглебская царква Бельчыцкага манастыра ў Полацку, Благавешчанская царква ў Віцебску, Барысаглебская царква ў Гродне (усе 12 ст.), Супрасльская царква-крэпасць (16 ст.). На манум. жывапіс 17—18 ст. паўплывалі тагачасныя эстэт. прынцыпы зах.-еўрап. мастацтва. У размалёўках праявіліся рысы барока: Ф. касцёла францысканцаў у в. Гальшаны Ашмянскага р-на Гродзенскай вобл. (17 ст.), Мікалаеўскай царквы (17—18 ст.) і касцёла кармелітаў (1-я пал. 18 ст.) у Магілёве, касцёлаў езуітаў у Нясвіжы, кармелітаў у Мсціславе, бернардзінцаў і езуітаў у Гродне, езуітаў у в. Лучай Пастаўскага р-на Віцебскай вобл., бернардзінцаў у в. Будслаў Мядзельскага р-на Мінскай вобл. (усе 18 ст.). Рысы класіцызму маюць размалёўкі цэркваў Варварынскай у Пінску, у в. Вейна Магілёўскага р-на (абедзве 19 ст.). У пач. 20 ст. мастакі С.Рудзінскі і Б.Вішнеўскі выканалі размалёўку ў інтэр’еры кляштара францысканцаў у Пінску. Ф. выконвалі бел. мастакі В.Барабанцаў, Г.Вашчанка, В.Доўнар, В.Ціханаў.
Літ.:
Виннер А.В. Материалы и техника монументально-декоративной живописи. М., 1953;
Чернышев Н.М. Искусство фрески в Древней Руси. М., 1954;
Жывапіс Беларусі XII—XVIII стст.: [Альбом]. Мн., 1980;
Церашчатава В.В. Старажытнабеларускі манументальны жывапіс XI—XVIII стст. Мн., 1986;
Помнікі культуры: Новыя адкрыцці. Мн., 1985.
Н.Я.Трыфанава.
Да арт.Фрэска. Рафаэль. Афінская школа. 1508—11.Да арт. Фрэска ў інтэр’еры касцёла кармелітаў у Магілёве. 1-я пал. 18 ст.