РАКЕТАПЛА́Н,

пілотны або беспілотны (аўтаматычны) лятальны апарат, які разганяецца бартавым ракетным рухавіком і ляціць за кошт набытай кінетычнай энергіі. Можа манеўраваць на арбіце, часова сыходзіць з яе і вяртаецца на зямлю. Скорасць да максімальных звышгукавых, вышыня палёту да 150 км. Выкарыстоўваўся для даследавання гіпергукавых палётаў, выпрабавання матэрыялаў, аэрадынамічных форм і інш. Р. (ракетапланёрам), называўся таксама пілотны апарат з ракетным рухавіком, які выкарыстоўваўся ў 1930-я г.; узлёт яго ажыццяўляўся з самалёта.

т. 13, с. 282

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРАБЕ́ЛЬ (ад грэч. karabos судна),

1) К. марскі — у шырокім сэнсе тое ж, што і судна. У эпоху ветразевага флоту — буйное баявое 3-мачтавае судна з прамымі ветразямі і моцным артыл. узбраеннем (гл. Ветразевае судна). Цяпер К. наз. ваен. судны ўсіх класаў (гл. Карабель ваенны).

2) К. паветраны — буйны шматмесны авіяц. або паветраплавальны апарат (самалёт, верталёт, дырыжабль).

3) К. касмічны — пілотны лятальны апарат для палётаў людзей у космас або беспілотны (транспартны) для дастаўкі грузаў на арбітальную станцыю (гл. Касмічны карабель).

т. 8, с. 38

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БУРА́Н»,

савецкі крылаты арбітальны карабель шматразовага выкарыстання. Адзіны беспілотны палёт з пасадкай у аўтаматычным рэжыме здзейснены 15.11.1988. Прызначаны для вывядзення на арбіту складаных касм. аб’ектаў і іх абслугоўвання, дастаўкі на Зямлю прадукцыі касм. вытв-сцяў і выканання грузапасажырскіх перавозак па маршруце Зямля — космас — Зямля.

Сканструяваны па самалётнай схеме тыпу «бясхвостка» з нізкаразмешчаным крылом падвойнай стрэлападобнасці. У насавым адсеку знаходзіцца герметычная кабіна для экіпажа (2—4 чал.) і пасажыраў (да 6 чал.), агрэгаты дыстанцыйнага кіравання і паліўныя бакі. Агульная стартавая маса да 105 т, даўж 36,4 м, выш. 16,5 м, размах крыла каля 24 м, грузападымальнасць да 30 т. Старт карабля выконваецца з дапамогай ракеты-носьбіта «Энергія», спуск і пасадка — па «самалётным» рэжыме. Гл. «Спэйс Шатл».

Да арт. «Буран»: 1 — ракета-носьбіт «Энергія»; 2 — касмічны карабель «Буран».

т. 3, с. 344

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫЛА́ТАЯ РАКЕ́ТА,

беспілотны лятальны апарат, траекторыя якога акрэсліваецца аэрадынамічнай пад’ёмнай сілай крыла, цягай рэактыўнага рухавіка і сілай цяжару; від сучаснай высокадакладнай дальнабойнай зброі (звычайна аднаразовага дзеяння). Адносіцца да сродкаў паветр. нападзення. Адрозніваюць К.р. наземнага, паветранага і марскога базіравання. Мае звычайную або ядзерную баявую частку магутнасцю да 200 кт; замест яе можа размяшчацца апаратура разведкі або электроннага процідзеяння (гл. Ракета).

К.р. з’явіліся напярэдадні 2-й сусв. вайны. У СССР у 1934—38 ракетным НДІ пад кіраўніцтвам С.П.Каралёва распрацавана серыя эксперым. К.р. Палёт ракеты гэтай серыі класа «Зямля—Зямля» адбыўся ў студз. 1939. У час 2-й сусв. вайны Германія выкарыстоўвала К.р. (самалёт-снарад ФАУ-1 і інш.) для нанясення паветр. удараў па аб’ектах Вялікабрытаніі.

У 1970-я г. развіццю і ўдасканаленню К.р. садзейнічала ўкараненне турбавентылятарных рэактыўных рухавікоў. Яны забяспечвалі палёт К.р. са скорасцю да 900 км/гадз на адлегласць больш за 2,6 тыс. км, а таксама ў шчыльных слаях атмасферы на вышыні 30—100 м з агінаннем рэльефу мясцовасці. Высокая дакладнасць навядзення К.р. на цэль забяспечваецца навігацыйнымі сістэмамі тыпу «Тэрком» і «Наўстар» (ЗША), «Глонас» (Расія) і інш. Знаходзіцца на ўзбраенні ЗША, Расіі і інш. краін. К.р. тыпу «Тамагаўк» і «АЛКМ» выкарыстаны ЗША у час Кувейцкага крызісу 1990—91, а таксама ў інш. канфліктах.

І.​Р.​Дзенісенка.

т. 8, с. 507

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)