Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
БРЭ́СЦКІ БЕСКУРГА́ННЫ МО́ГІЛЬНІК,
археалагічны помнік апошняй чвэрці 1 — 2-й пал. 3 ст. на тэр.г. Брэста (былая в. Трышын, цяпер вул. Маскоўская). Выяўлена 75 пахаванняў плямён вельбарскай культуры. Пахавальны абрад — трупаспаленне па-за межамі пахавання. Рэшткі крэмацыі ссыпалі на дно ямы або ў спец. урны. Знойдзены гліняны посуд, прасліцы, жал. нажы і замкі, бронзавыя фібулы, дэталі паяснога набору, шкляныя пацеркі, метал. бранзалеты і падвескі. Некаторыя даследчыкі звязваюць могільнік з адным з этапаў фарміравання слав. этнасу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́ХАЎ,
комплекс археал. помнікаў (3 гарадзішчы, бескурганны і 2 курганныя могільнікі) каля в. Мохаў Лоеўскага р-на Гомельскай вобл. Гарадзішчы мілаградскай культуры і зарубінецкай культуры датуюцца 5—4 ст. да н.э. і 6 ст. да н.э. — 1 ст.н.э. Выяўлены рэшткі жытлаў, гліняны посуд, жал. прылады працы, бронзавыя ўпрыгожанні. Бескурганны могільнік належаў мілаградцам. Пахавальны абрад — трупаспаленне па-за межамі пахавання, інвентар — кавалкі керамікі, трапляюцца камяні. Адзін з курганных могільнікаў належаў дрыгавічам, датуецца 10—12 ст. Пахавальны абрад у ім — трупаспаленне і трупапалажэнне. Знойдзены металічныя і шкляныя пацеркі, бранзалеты, драцяныя кольцы, нажы, сякеры, гаршкі, шыйная грыўня, крэсіва і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НО́ВЫ БЫ́ХАЎ,
комплекс археал. помнікаў (стаянкі каменнага веку, селішча і бескурганны могільнік) каля в. Новы Быхаў Быхаўскага р-на Магілёўскай вобл. На стаянцы-1 сожскай культуры (6—5-е тыс. да н.э.) выяўлены крамянёвыя скрабкі, разцы, свідэроідны наканечнік стралы, праколка, пласціны-ўкладышы, адшчэпы, нуклеусы, адбойнікі. На стаянцы-2 эпохі неаліту (4—3-е тыс. да н.э.) знойдзены нуклеусы, пласціны, адшчэпы, скрабкі, нажы, фрагменты ямкава-грабеньчатай керамікі. На селішчы (2 ст. да н.э. — 5 ст.н.э. і 9—11 ст.) выяўлены розначасовыя гасп. ямы, фрагменты ляпнога і ганчарнага посуду. Бескурганны могільнік належаў плямёнам зарубінецкай культуры (1 ст. да н.э. — 3 ст.н.э., 100 пахаванняў). Пахавальны абрад — трупаспаленне. Рэшткі крэмацыі змяшчаліся ў ямах, трапляюцца адзінкавыя урнавыя пахаванні. У 4 пахаваннях знойдзены цэлыя гаршкі, у 6 — бронзавыя і жал. рэчы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІСІ́МКАВІЧЫ,
комплекс археал. помнікаў каля в.Нісімкавічы Чачэрскага р-на Гомельскай вобл. — гарадзішча, селішчы, курганны і бескурганны могільнікі. Гарадзішча заснавана насельніцтвам мілаградскай культуры, пазней асвоена носьбітамі зарубінецкай культуры. Пры раскопках выяўлены рэшткі пабудовы, 4 агнішчы, фрагменты ляпной керамікі, гліняныя прасліцы і грузікі, бронзавыя ўпрыгожанні і інш. На пяці селішчах 5—7 і 9—11 ст. выяўлены рэшткі пабудоў калочынскай культуры, фрагменты ляпнога і ганчарнага посуду, жал. нажы, цвікі, цуглі, бронзавыя і сярэбраныя ўпрыгожанні, гліняныя прасліцы і тыглі, рэшткі металургічнай вытв-сці і інш. У курганным могільніку 10—12 ст. 43 насыпы (дыям. 5—12 м, выш. 0,7—2 м), пахавальны абрад — трупапалажэнне ў насыпе ў дубовых калодах. Знойдзены ганчарны посуд, бронзавыя сяміпрамянёвыя скроневыя кольцы, бранзалеты, лунніцы, фібулы, бурштынавыя, сердалікавыя, шкляныя пацеркі і інш. Належаў радзімічам. Бескурганны могільнік датуецца першымі ст.н.э. (пахавальны абрад — трупаспаленне) і 12—13 ст. (трупапалажэнне). Знойдзены крамянёвыя вырабы, ляпная кераміка, бронзавыя скроневыя кольцы, шыферныя прасліцы і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХО́ТАМЕЛЬ,
група археал. помнікаў раннеславянскага часу (7—10 ст.) — гарадзішча, селішча, бескурганны могільнік — каля в. Хотамель Столінскага р-на Брэсцкай вобл.Гарадзішча авальнай формы, умацавана валамі і ровам (захаваліся з зах. і ўсх. бакоў). Даследавалі Р.Якімовіч (1937), Б.В.Міралюбаў (1953), Ю.У.Кухарэнка (1954—57), І.П.Русанава (1964). Выяўлены рэшткі агнішчаў і слупавых ям, знойдзены ляпная і ганчарная кераміка, металічныя наканечнікі стрэл і дзідаў, сярэбраныя скроневыя кольцы і фрагмент бранзалета з пашыранымі канцамі, жал. спражка, пласціны даспехаў і інш. Гарадзішча не было заселена, з’яўлялася сховішчам, пазней — грамадскім цэнтрам, месцам сходаў. На селішчы (знаходзіцца на У і З ад гарадзішча, пл. 5—6 га) выяўлены рэшткі прамавугольных паўзямлянкавых жытлаў, знойдзены ляпная кераміка, ганчарны посуд, жал. нажы, сярпы, долаты, тачыльныя брускі, гліняныя і шыферныя прасліцы, рыбалоўныя восці. Бескурганны могільнік з пахавальным абрадам трупаспалення. Х. — адзін з першых раннеслав. помнікаў 2-й пал. 1-га тыс.н.э., даследаваных на Пд Беларусі і ПнЗ Украіны. Выкарыстоўваецца як эталон для датавання інш.археал. аб’ектаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАРО́НІНА,
археалагічныя помнікі (2 селішчы, бескурганны могільнік) ранняга жалезнага веку каля в. Вароніна Жыткавіцкага р-на Гомельскай вобл. На селішчах знойдзены фрагменты грубаляпной і чорнаглянцаванай керамікі зарубінецкай культуры і ляпной керамікі сярэднявечча. На могільніку пахавальны абрад — трупаспаленне; рэшткі крэмацыі змешчаны ў прадаўгаватых або круглых ямах. Пахавальны інвентар — драцяныя фібулы, бронзавыя шпількі, спіралепадобныя бранзалеты, жал. кольцы, нажы, спражкі і інш., гліняныя, пераважна глянцаваныя, пасудзіны розных форм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСАРЭ́ВІЧЫ,
вёска ў Беларусі, у Брагінскім раёне Гомельскай вобл., на р. Дняпро. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 38 км на ПдУ ад Брагіна, 168 км ад Гомеля, 14 км ад чыг. ст. Ёлча. 462 ж., 199 двароў (1995). Сярэдняя школа, б-ка, клуб, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызанаў. Каля вёскі гарадзішча і бескурганны могільнік мілаградскай і зарубінецкай культур.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРАДЗІ́ШЧА,
комплекс археал. помнікаў (гарадзішча штрыхаванай керамікі культуры, банцараўскай культуры, 9—11 і 17—19 ст., селішча 9—11 ст., 2 курганныя і бескурганны могільнікі) каля в. Гарадзішча Мінскага р-на. Гарадзішча складалася з 3 умацаваных пляцовак (пл. 1,3 га). Да 2-й пал. 11 ст. як цэнтр акругі паміж рэкамі Нёман і Пціч кантралявала гандл. шлях з Балтыйскага м. да Чорнага. Сярод знаходак кераміка з клеймамі ў выглядзе знака Рурыкавічаў (трызубец), паўд. амфары, жорны, пацеркі-лімонкі (10—11 ст.), манеты, вырабы з жалеза, ганчарны посуд (17—19 ст.). Курганныя могільнікі з трупапалажэннем з’яўляюцца рэшткамі некропаля. На селішчы выяўлена больш за 80 гасп. ям, рэшткі майстэрні па вырабе прасліц з ружовага шыферу. Бескурганны могільнік з трупапалажэннем; сярод знаходак касцяныя шахматная фігурка каня і пісала, металічныя ўпрыгожанні. На думку некаторых даследчыкаў, на археал. комплексе першапачаткова размяшчаўся стараж.г. Менск, які атрымаў назву ад р. Мена (Менка), і папярэднічаў узнікненню ўмацаванага замчышча на р. Няміга.
Г.В.Штыхаў.
Да арт.Гарадзішча (Мінскі раён). Агульны выгляд малой пляцоўкі гарадзішча.Шкляныя і сердалікавыя пацеркі 10 ст. з паселішча Гарадзішча (Мінскі раён).Жалезныя ключ, ножык і пярсцёнкі з селішча Гарадзішча (Мінскі раён).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДА́МЕНКА,
селішча і бескурганны могільнік кіеўскай культуры (паводле Л.Д.Побаля — позназарубінецкай) на Беларусі, каля в. Адаменка Быхаўскага р-на Магілёўскай вобл. (у л-ры вядома і пад назвай Абідня), ва ўрочышчы Абідня. Раскапана каля 25% плошчы селішча і 12 пахаванняў з трупаспаленнем на могільніку. Выяўлены рэшткі наземных слупавых жытлаў, 29 паўзямлянак зрубнай канструкцыі, шкляныя пацеркі, фібулы, манета Геты (209—212), падвескі з эмаллю (гл.Абідзенскія эмалі) і інш.