МО́ХАЎ,

комплекс археал. помнікаў (3 гарадзішчы, бескурганны і 2 курганныя могільнікі) каля в. Мохаў Лоеўскага р-на Гомельскай вобл. Гарадзішчы мілаградскай культуры і зарубінецкай культуры датуюцца 5—4 ст. да н.э. і 6 ст. да н.э. — 1 ст. н.э. Выяўлены рэшткі жытлаў, гліняны посуд, жал. прылады працы, бронзавыя ўпрыгожанні. Бескурганны могільнік належаў мілаградцам. Пахавальны абрад — трупаспаленне па-за межамі пахавання, інвентар — кавалкі керамікі, трапляюцца камяні. Адзін з курганных могільнікаў належаў дрыгавічам, датуецца 10—12 ст. Пахавальны абрад у ім — трупаспаленне і трупапалажэнне. Знойдзены металічныя і шкляныя пацеркі, бранзалеты, драцяныя кольцы, нажы, сякеры, гаршкі, шыйная грыўня, крэсіва і інш.

т. 10, с. 531

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)