БЕРЫО́ ((Bériot) Шарль Агюст дэ) (20.2.1802, г. Лёвен, Бельгія — 8.4.1870),

бельгійскі скрыпач, кампазітар, заснавальнік белы. скрыпічнай школы. Вучань П.Баё. Буйнейшы выканаўца 19 ст. У 1843—52 праф. Брусельскай кансерваторыі. У 1830—35 разам з жонкай, спявачкай М.Малібран, канцэртаваў у многіх краінах. Аўтар 10 канцэртаў для скрыпкі з арк., 11 варыяцый, фантазіі на раманс А.​Даргамыжскага «Душачка-дзяўчына» і інш. Сярод вучняў А.В’ётан, Э.​Сарэ. Аўтар кн. «Скрыпічная школа» (ч. 1—3, 1858).

т. 3, с. 125

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́РЫО ((Berio) Лучана) (н. 24.10.1925, г. Імперыя, Італія),

італьянскі кампазітар. Вучыўся ў Дж.​Ф.​Гедыні, у Л.​Далапікалы (у Танглвудзе, ЗША). Арганізатар (з Б.​Мадэрна) «Студыі фаналогіі» ў Мілане (1955). У 1965—71 выкладаў у Джульярдскай муз. школе ў Нью-Йорку. З 1976 маст. кіраўнік Рымскай філарманічнай акадэміі. Творчасць звязана з рознымі авангардысцкімі кірункамі: пошукамі новага акустычнага асяроддзя і муз. тэкстуры, выкарыстаннем электроннай музыкі, санарыстыкі, серыйнай тэхнікі і інш. Сярод твораў: сцэнічныя — «Опера» (1970), «Праўдзівая гісторыя» (1982); сімфонія для 8 галасоў і арк. (1968); вак.-інструментальныя — «Перспектывы» (1956), «Траекторыі» (1—4, 1965—75), «Знайсці пункты на крывой...» (1974); арк. п’есы; цыкл «Песні народаў свету» для голасу і арк.; камерна-інстр. ансамблі.

т. 3, с. 125

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Берыо Ш. А. 2/287

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ПОЛІСТЫЛІ́СТЫКА (ад палі... + стыль),

у музыцы, наўмыснае спалучэнне ў адным творы несумяшчальных (рознасных) стылістычных элементаў. Асн. формы П.: цытата (тэмы з твораў П.​Чайкоўскага, В.​Беліні ў «Ганне Карэнінай» Р.​Шчадрына), псеўдацытата (ілюзія «Марша энтузіястаў» І.​Дунаеўскага ў 1-й сімф. А.​Шнітке), алюзія (намёк; інтанацыі М.​Глінкі ў фінале сімф. №15 Дз.​Шастаковіча), тэхніка адаптацыі («Пульчынела» на тэмы Дж.​Б.​Пергалезі І.​Стравінскага, «Куранты» паводле ананімнага сшытка 18 ст. В.​Капыцько). Характэрнай з’явай П. з’яўляецца калаж (Скерца з сімф. для 8 галасоў з арк. Л.​Берыо, 9-я сімф. Дз.​Смольскага). Да П. не адносяцца: чужая тэма ў варыяцыях (напр., Варыяцыі А.​Лядава на тэму М.​Глінкі), выкарыстанне нар. мелодыі (тэма «У полі бярозка стаяла» ў фінале 4-й сімф. П.​Чайкоўскага), ці імітацыя яе стылю (хор пасялян з оперы «Князь Ігар» А.​Барадзіна), інструментоўка твораў інш. кампазітараў, некат. віды цытат (мелодыя А.​Грэтры ў оперы «Пікавая дама» Чайкоўскага), нявытрыманасць стылю.

Літ.:

Лобанова М.Н. Музыкальный стиль и жанр: История и современность. М., 1990.

В.​С.​Клакоцкая.

т. 12, с. 477

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́ЛАШ (Milloss; сапр. Мілаш дэ Міхай; Milloss de Micholy) Аўрэл

(12.5.1906, г. Уздзін, Сербія — 21.9.1988),

італьянскі танцоўшчык, балетмайстар. Па нацыянальнасці венгр. Вучыўся ў Р.Лабана, В.Праабражэнскай, Э.Чэкеці і інш. З 1928 першы танцоўшчык Берлінскай дзярж. оперы, танцаваў і ў інш. т-рах Германіі. З 1932 выступаў як балетмайстар. Вывучаў і выкарыстоўваў у сваіх пастаноўках танц. фальклор. З 1936 пераважна ў Італіі. У 1938—45 гал. балетмайстар Т-ра оперы ў Рыме, у 1942—75 — у «Ла Скала» (у 1946—50 маст. кіраўнік). Кіраўнік створанай ім трупы «Балет чатырох стагоддзяў Сан-Паўлу», у 1963—66 і 1971—74 — балетнай трупы Венскай дзярж. оперы, з 1974 — Рымскай оперы. Сярод пастановак балеты І.​Стравінскага («Апалон Мусагет», 1941; «Гульня ў карты» і «Арфей», 1948), Б.​Бартака («Цудоўны мандарын», 1942; «Драўляны прынц», 1951), С.​Пракоф’ева («Блудны сын», 1942) і інш., на музыку сучасных італьян. кампазітараў, у т. л. «Дама з камеліямі» (1945) і «Рычэркар» (1968) Р.​Влада, «Народныя забавы» на муз. А.​Казелы (1948), «Твар» на муз. Л.​Берыо (1973) і інш. Яго пастаноўкі адметныя драм. выразнасцю, дакладнасцю мізансцэн, экспрэсіўнасцю, спалучэннем пластыкі танца мадэрн і класічнага танца. Аўтар даследаванняў па пытаннях харэаграфіі.

т. 10, с. 369

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АВАНГА́РД у музыцы,

умоўная назва розных музычна-творчых плыняў 20 ст. Тэрмін «авангард» зацвердзіўся з 2-й пал. 1940-х г. у адносінах да шматлікіх школ зах. музыкі, адметных гранічным радыкалізмам, пошукам новых выразных сродкаў, тэхнік кампазіцыі, форм арганізацыі гукавога матэрыялу, абсалютызацыяй эксперыменту, якім спадарожнічае свядомае адмаўленне эстэт. нормаў і традыцый, што выпрацаваны ў мастацтве мінулага.

Своеасаблівымі цэнтрамі авангарда сталі Францыя, Германія, Італія, ЗША Сярод прадстаўнікоў авангарда кампазітары рознай арыентацыі: П.​Булез, П.​Шэфер, Я.​Ксенакіс, К.​Штокгаўзен, Л.​Нона, Л.​Берыо, Дж.​Кейдж, Дз.​Лігеці. Сярод прыёмаў і метадаў кампазіцыі муз. авангарда — серыяльнасць, пуантылізм, алеаторыка, санорыка, электронная музыка, канкрэтная музыка, а таксама шэраг новых прыёмаў гуказдабывання на традыц. інструментах. Гранічнае наватарства ў авангарда часам становіцца самамэтай, фармальныя навацыі могуць весці да разбурэння эстэт. асноў мастацтва. Аднак некат. эксперыменты буйных кампазітараў выявілі новыя стыліст. сродкі для ўвасаблення ідэй і вобразаў у музыцы 20 ст. і прыняты мастакамі інш. творчых арыентацый. У 1960-я г. — сярэдзіне 1970-х г. узнікла музыка амер. мінімалістаў Т.​Райлі, Ла Монт Янга, інстр. т-р М.​Кагеля, калажная тэхніка кампазіцыі і інш. з’явы, абагульненыя паняццем поставангард.

У бел. музыцы мастацка-эстэт. сістэма заходняга муз. авангарда ў чыстым выглядзе не знайшла ўвасаблення, аднак прыёмы серыйнай тэхнікі, алеаторыкі, санорыкі і інш. выкарыстоўваюць бел. кампазітары С.​Картэс, Дз.​Смольскі, С.​Бельцюкоў, В.​Войцік, В.​Кузняцоў, В.​Капыцько, А.​Літвіноўскі, А.​Сонін, Л.​Шлег, Я.​Паплаўскі і інш.

А.​У.​Валадковіч.

т. 1, с. 58

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛА́Ж (франц. collage літар. наклейванне),

1)у выяўленчым мастацтве — тэхніка выканання маст. твора спосабам наклейвання на якую-н. аснову розных па сваёй прыродзе, фактуры і колеры матэрыялаў; твор, выкананы ў гэтай тэхніцы. Выкарыстоўваецца ў графіцы, фотамастацтве, жывапісе для дасягнення большай эмацыянальнай выразнасці і незвычайнасці суадносін фактуры твора.

Тэхніка К. вядома з сярэдневякоўя для надання творам сакральнага характару праз дэкар. ўрачыстасць і святочнасць (візант. і стараж.-рус. абразы з элементамі німбаў і фонаў, выкананых пры дапамозе залатых наклеек). Выкарыстоўваўся ў творах некат. мастакоў Адраджэння (С.​Батычэлі і інш.), зах.-еўрап. і рус. мастакоў 18—19 ст., асабліва пашырылася ў творчасці прадстаўнікоў мадэрну, якія надавалі работам выразнае дэкар. гучанне праз выкарыстанне ў жывапісных кампазіцыях разнастайных матэрыялаў (тканіны, сярэбранай ніткі, фольгі, каменьчыкаў і інш.). Як самаст. від маст. дзейнасці і творчага метаду, што адлюстроўваў прынцыпы своеасаблівага ўспрыняцця свету, уведзены ў 20 ст. кубістамі (кампазіцыі П.​Пікасо, Ж.​Брака і інш.). У якасці вобразных сродкаў яны выкарыстоўвалі газеты, шпалеры, этыкеткі, часткі аб’яў і інш. К. стаў адным з гал. прынцыпаў мастацтва авангарду, пашырыўся ў творчасці прадстаўнікоў футурызму (Дж.​Северыні, А.​Кручоных), дадаізму (К.​Швітэрс, Ж.​Грос, М.​Рэй), супрэматызму (К.​Малевіч, У.​Татлін), сюррэалізму (Ж.​Міро, М.​Эрнст), поп-арту (Р.​Гамільтан, Дж.​Дайн) і інш.

У бел. мастацтве тэхніка К. выкарыстоўвалася ў некат. абразах 18—19 ст., у творах мастакоў У.​Стржамінскага, У.​Мудрогіна, М.​Данцыга, М.​Паўлоўскага, М.​Селешчука, Г.​Хацкевіча-Мінскага, В.​Смаляк, Л.​Кальмаевай і інш., асобных кампазіцыях мастакоў тэатра і кіно.

2) У музыцы — выкарыстанне ў муз. творах стылістычна іншародных цытат (з твораў інш. кампазітараў ці ўласных) дзеля дасягнення асаблівых сэнсавых вынікаў. Адзін з прыёмаў тэхнікі полістылістыкі, пашыраны ў 20 ст. Сустракаецца ў творах Ч.​Айвза (квартэт № 2), А.​Берга (Канцэрт для скрыпкі), Л.​Берыо (сімфонія), Дз.​Шастаковіча (сімфонія № 15), Р.​Шчадрына (балет «Ганна Карэніна»); у бел. музыцы — у Дз.​Смольскага («Элегія і Таката памяці Дз.​Шастаковіча»). Эфект К. не ўзнікае пры стылявой асіміляцыі цытаты (паэма «1812 год» П.​Чайкоўскага), у творах з запазычаным тэматызмам («Варыяцыі па тэму Паганіні» І.​Брамса, «Пацалунак феі» І.​Стравінскага).

Літ.:

Музыкальные культуры народов: Традиции и современность. М., 1973.

М.​Л.​Цыбульскі (выяўл. мастацтва), Ю.​Дз.​Златкоўскі (музыка).

т. 7, с. 447

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)