Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
БЕРЫ́ЛІЮ АКСІ́Д,
хімічнае злучэнне берылію з кіслародам, BeO. Бясколерныя крышталі, tпл 2580 °C; не раствараецца ў вадзе, раствараецца ў кіслотах і шчолачах. У прыродзе мінерал брамеліт. Выкарыстоўваецца як запавольнік і адбівальнік нейтронаў, матэрыял для абалонак цвэлаў і паліўных каналаў у ядз. рэактарах, гарачатрывалы і хімічна ўстойлівы матэрыял для спец. Керамікі.
т. 3, с. 125
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕРЫ́Л
(грэч. bēryllos),
мінерал падкласа кальцавых сілікатаў, алюмасілікат берылію Be3Al2[Si6O18]. Мае ў сабе 14,1% аксіду берылію BeO, прымесі шчолачаў 7%, часам вокіслу рубідыю Rb2O, цэзію Cs2O (да 3% у вараб’явіце). Крышталізуецца ў гексаганальнай сінганіі. Крышталі прызматычныя, ігольчастыя, таблітчастыя, нярэдка значных памераў. Самы вял. з вядомых у свеце крышталь берылу з в-ва Мадагаскар (даўж. 18 м, дыям. 3,5 м, маса 380 т). Колер блакітнавата-зялёны або светлажоўты; разнавіднасці: блакітны (аквамарын), густа-зялёны (ізумруд), залаціста-жоўты (геліядор), ружовы (вараб’явіт) і інш. Празрысты да паўпразрыстага. Бляск шкляны. Цв. 7,5—8. Шчыльн. 2,75—2,8 г/см³. Трапляецца ў гранітных пегматытах, крышт. сланцах, цёмных вапняках. Руда для вытв-сці берылію. Празрыстыя, прыгожа афарбаваныя крышталі — каштоўныя камяні. Радовішчы берылу ў Бразіліі, Аргенціне, ЗША, Канадзе і інш.
т. 3, с. 124
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕРЫ́ЛІЙ
(лац. Beryllium),
Be, хімічны элемент II групы перыядычнай сістэмы. Ат. н. 4, ат. м. 9,012. Колькасць у зямной кары 6·10-4% (па масе). Названы ад мінералу берыл, з якога ўпершыню атрыманы. Трапляецца ў прыродзе таксама як мінералы фенакіт, хрызаберыл.
Серабрыста- шэры метал, tпл 1287 °C, шчыльн. 1,8445·103 кг/м³. На паветры ўтварае ахоўную плёнку з берылію аксіду, узаемадзейнічае з кіслотамі, шчолачамі, пры награванні — з кіслародам, азотам, вугляродам, серай. Выкарыстоўваецца як кампанент медных, нікелевых, жал. і інш. сплаваў; у авіябудаўніцтве, у ракетнай і ядз. тэхніцы, электратэхніцы і электроніцы. Таксічны, мае канцэрагеннае і алергічнае дзеянне, выклікае захворванні скуры, лёгкіх і бронхаў. ГДК у пітной вадзе 0,0002 мг/л. Злучэнні берылію таксічныя.
т. 3, с. 125
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІКІ́ТА
(Bikita),
адно з буйнейшых у свеце радовішчаў танталіт-берылзмяшчальных літыевых пегматытаў у Зімбабве. Адкрыта ў 1911. Прымеркавана да амфібалітаў і крышт. сланцаў дакембрыю. Запасы вокісу літыю 305 тыс. т (колькасць у рудзе 2,9%), вокісу берылію — 27 тыс. т (у рудзе 0,2—0,6%). Распрацоўка адкрытым спосабам.
т. 3, с. 150
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕРЫ́ЛІЕВЫЯ РУ́ДЫ,
прыродныя мінер. ўтварэнні, якія маюць берылій у колькасцях, дастатковых для прамысл. атрымання. Гал. мінералы: берыл, фенакіт, бертрандыт, гельбертрандыт, хрызаберыл, гельвін, гентгельвін, эўклаз, лейкафан і інш. Радовішчы эндагенныя постмагматычныя. Аксіду берылію BeO у берыліевых рудах ад 0,05—0,09 да 0,7%. Радовішчы ў Бразіліі, Аргенціне, ЗША, Мексіцы, ПАР і інш.
т. 3, с. 124
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕЛЬВІ́Н
(ад лац. helvus бурштынава-жоўты),
мінерал, берыласілікат падкласа каркасных сілікатаў 3Mn[BeSiO4]·MnS. Пастаянныя прымесі жалеза і цынку. Крышталізуецца ў кубічнай сінганіі. Крышталі, зярністыя агрэгаты. Колер жоўты, жоўта-зялёны, карычневы і інш. Бляск шкляны да смалістага. Цв. 5,5—6,5. Крохкі. Шчыльн. 3,2—3,5 г/см³. Трапляецца ў грэйзенах, скарнах, пегматытах, палевашпатавых метасаматытах. Руда берылію.
т. 5, с. 143
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕРЫ́ЛІЕВЫЯ СПЛА́ВЫ,
сплавы на аснове берылію. Найб. пашыраны сплавы з алюмініем, магніем, меддзю (берыліевыя бронзы). Адметныя высокай трываласцю, жорсткасцю да т-р 600—800 °C, цеплаёмістасцю, эл. праводнасцю і каразійнай устойлівасцю. Асн. недахоп — малая пластычнасць пры пакаёвай і крыягенных т-рах. Вырабы з берыліевых сплаваў атрымліваюць пераважна метадамі парашковай металургіі, радзей ліццём. Выкарыстоўваюцца ў ядз. энергетыцы, касманаўтыцы, авія- і суднабудаванні.
т. 3, с. 124
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРА́ЎНЕР (Brauner) Багуслаў
(8.5.1855, Прага — 15.2.1935),
чэшскі хімік, заснавальнік чэшскай хім. школы. Вучыўся ў Пражскай тэхн. школе. У 1882—1925 працаваў у Пражскім ун-це (з 1897 праф.). Навук. працы па пацвярджэнні і далейшым развіцці перыяд. закону Дз.І.Мендзялеева. Даказаў (1884) двухвалентнасць берылію. Устанавіў атамныя масы рэдказямельных элементаў (1903) і вызначыў іх месца ў перыяд. сістэме.
Літ.:
Волков В.А., Вонский Е.В., Кузнецова Е.И. Выдающиеся химики мира: Биогр. справ. М., 1991. С. 68.
т. 3, с. 251
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВА́КУУМНАЕ ЛІЦЦЁ,
атрыманне адлівак ліццём вадкага металу ў ліцейную форму пад вакуумам (40—0,3 Па). Ажыццяўляецца вакуумным усмоктваннем металу ў форму, вакуумна-цэнтрабежнай заліўкай, ліццём у вакууме пад ціскам, заліўкай формы свабодна падаючым струменем у вакуумнай камеры і інш. Пры вакуумным ліцці з формы выдаляюцца газы, што дае магчымасць атрымаць шчыльныя, з гладкай паверхняй высакаякасныя адліўкі. Вакуумнае ліццё выкарыстоўваецца ў вытв-сці нікелю, тытану, цырконію, урану, берылію, іншых каляровых металаў і іх сплаваў. У спалучэнні з вакуумнай плаўкай пашыраны пры вырабе фасонных адлівак са спец. сплаваў і сталяў.
т. 3, с. 465
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)