Берылій 2/310, 311, 402; 5/286; 8/415 (табл.); 10/563
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
БЕРЫ́ЛІЙ (лац. Beryllium),
Be, хімічны элемент II групы перыядычнай сістэмы. Ат. н. 4, ат. м. 9,012. Колькасць у зямной кары 6∙10−4% (па масе). Названы ад мінералу берыл, з якога ўпершыню атрыманы. Трапляецца ў прыродзе таксама як мінералы фенакіт, хрызаберыл.
Серабрыста-шэры метал, tпл 1287 °C, шчыльн. 1,8445∙103 кг/м³. На паветры ўтварае ахоўную плёнку з берылію аксіду, узаемадзейнічае з кіслотамі, шчолачамі, пры награванні — з кіслародам, азотам, вугляродам, серай. Выкарыстоўваецца як кампанент медных, нікелевых, жал. і інш. сплаваў; у авіябудаўніцтве, у ракетнай і ядз. тэхніцы, электратэхніцы і электроніцы. Таксічны, мае канцэрагеннае і алергічнае дзеянне, выклікае захворванні скуры, лёгкіх і бронхаў. ГДК у пітной вадзе 0,0002 мг/л. Злучэнні берылію таксічныя.
т. 3, с. 125
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЁГКІЯ МЕТА́ЛЫ,
металы з малой шчыльнасцю (да 4500 кг/м³): літый, берылій, натрый, магній, алюміній, калій, кальцый, тытан, рубідый, стронцый, цэзій, барый. Выкарыстоўваюць для атрымання лёгкіх сплаваў, легіравання інш. сплаваў.
т. 9, с. 229
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕРЫ́ЛІЕВЫЯ РУ́ДЫ,
прыродныя мінер. ўтварэнні, якія маюць берылій у колькасцях, дастатковых для прамысл. атрымання. Гал. мінералы: берыл, фенакіт, бертрандыт, гельбертрандыт, хрызаберыл, гельвін, гентгельвін, эўклаз, лейкафан і інш. Радовішчы эндагенныя постмагматычныя. Аксіду берылію BeO у берыліевых рудах ад 0,05—0,09 да 0,7%. Радовішчы ў Бразіліі, Аргенціне, ЗША, Мексіцы, ПАР і інш.
т. 3, с. 124
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛЬФРА́МАВЫЯ РУ́ДЫ,
прыродныя мінеральныя ўтварэнні, сыравіна для атрымання вальфраму. Гал. мінералы: вальфраміт (74—76% WO3), шэеліт (80% WO3), гюбнерыт. Мінім. колькасць WO3 у рудзе 0,4—0,5%. Асн. прымесі: малібдэн, волава, берылій, золата, медзь, свінец, цынк і інш. Радовішчы вальфрамавых руд эндагенныя (пегматытавыя, скарнавыя, грэйзенавыя, гідратэрмальныя) і экзагенныя (дэлювіяльныя і алювіяльныя россыпы). Буйныя радовішчы ў Расіі, ЗША, Паўд. Карэі, КНР, Аўстраліі, Балівіі, Канадзе, Турцыі.
т. 3, с. 494
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́ДНЫЯ СПЛА́ВЫ,
сплавы на аснове медзі. Маюць да 50 % легіруючых элементаў: цынк, волава, алюміній, нікель, жалеза, марганец, берылій, крэмній, хром і інш. Вызначаюцца высокімі антыфрыкцыйнымі і антыкаразійнымі ўласцівасцямі, маюць добрыя электра- і цеплаправоднасць, пластычныя і трывалыя. Паводле асн. легіруючых кампанентаў падзяляюць на латунь (медна-цынкавыя сплавы), медна-нікелевыя сплавы і бронзу (М.с., легіраваныя рознымі хім. элементамі, акрамя цынку і нікелю).
т. 10, с. 250
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАПАВО́ЛЬВАННЕ НЕЙТРО́НАЎ,
змяншэнне кінетычнай энергіі нейтронаў у выніку шматразовых сутыкненняў з атамамі асяроддзя. Прыводзіць да ўтварэння т.зв. цеплавых нейтронаў, якія могуць выклікаць ланцуговую ядзерную рэакцыю, напр. у прыродным уране.
У працэсе запавольвання частка нейтронаў губляецца: паглынаецца ядрамі атамаў ці вылятае за межы рабочага асяроддзя. У запавольніках (рэчывы, якія маюць лёгкія ядры і слаба захопліваюць нейтроны: вада, цяжкая вада, графіт, берылій і інш.) малыя страты нейтронаў і большая іх частка пераўтвараецца ў цеплавыя (механізм запавольвання залежыць ад энергіі нейтронаў). Гл. таксама Ядзерны рэактар, Нейтронаграфія.
т. 6, с. 529
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫРО́ДНАЯ РАДЫЕАКТЫ́ЎНАСЦЬ,
натуральны радыяцыйны фон Зямлі, які абумоўлены прыроднымі радыенуклідамі касм. ці зямнога паходжання, што прысутнічаюць у зямных абалонках (літасферы, гідрасферы, атмасферы і біясферы). Да касмагенных радыенуклідаў (ізатопаў, якія ўзніклі на Зямлі пад уздзеяннем касм. прамянёў) адносяць вуглярод (14C), трытый (3H), берылій (7Be). Радыенукліды зямнога паходжання, якія ўплываюць на натуральны радыяцыйны фон, падзяляюць на групы: элементы радыеактыўных сем’яў урану (238U), торыю (232Th), актынаўрану (235AcU); прадукты распаду элементаў радыеактыўных сем’яў (радон, тарон, актынон); інш. радыеактыўныя элементы [кальцый (48Ca), рубідый (87Rb), фосфар (32P), сера (15S), плутоній (239Pu) і інш.]. Жыццё на Зямлі ўзнікла і развіваецца на фоне гэтай радыяцыі, пэўны яе ўзровень неабходны для існавання жыцця на Зямлі.
Г.З.Сярэбраны.
т. 13, с. 81
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЁЛЕР ((Wöhler) Фрыдрых) (31.7.1800, Эшэрсгайм, каля г. Франкфурт-на-Майне, Германія — 23.9.1882),
нямецкі хімік. Замежны чл.-кар. Пецярбургскай АН (1853). Скончыў Гейдэльбергскі ун-т (1823). З 1836 праф. у Гётынгенскім ун-це. Навук. працы па арган. і неарган. хіміі. Ажыццявіў перагрупоўку цыянату амонію ў мачавіну (рэакцыя Вёлера, 1828) — першы сінтэз прыроднага арган. рэчыва з неарган., здзейснены па-за жывым арганізмам. Даследаванні Вёлера паставілі пад сумненне правільнасць уяўлення аб «жыццёвай сіле» (гл. Віталізм). Вызначыў формулу бензойнай к-ты, пры даследаванні яе вытворных адкрыў радыкал бензаіл, што пацвердзіла тэорыю радыкалаў (разам з Ю.Лібіхам, 1832). Атрымаў метал. алюміній, берылій, ітрый, карбід кальцыю і з яго ацэтылен.
Літ.:
Манолов К. Великие химики: Пер. с болг. Т. 1. 3 изд. М., 1986.
т. 4, с. 135
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАТЭРМА́ЛЬНЫЯ РАДО́ВІШЧЫ,
радовішчы карысных выкапняў, якія ўтвараюцца пры асаджэнні рэчываў, раствораных у гарачых (ад 600—700 °C да 50—25 °C) мінералізаваных водах, што цыркулююць у нетрах Зямлі. Крыніцы такіх раствораў: магматычная, метамарфічная, поравая, або метэорная вада, што вызваляецца пад уздзеяннем розных геахім. і геал. працэсаў; растворанае мінер. рэчыва, выдзеленае астываючай магмай або мабілізаванае з парод, праз якія фільтруюцца падземныя воды.
Гідратэрмальныя радовішчы фарміруюцца ў шырокім інтэрвале — ад паверхні Зямлі да глыбінь больш за 10 км. Паводле саставу пераважнай часткі каштоўных кампанентаў вылучаюць 5 тыпаў руд гідратэрмальных радовішчаў: сульфідныя (медзь, цынк, свінец, малібдэн, вісмут, нікель, кобальт і інш.), вокісныя (жалеза, вальфрам, ніобій, волава, уран і інш.), карбанатныя (марганец, жалеза і інш.), самародныя (золата, серабро), сілікатныя (азбест, слюды), рэдкіх металаў (берылій, літый і інш.). Па глыбіні і т-ры ўтварэння гідратэрмальныя радовішчы падзяляюць на гіпатэрмальныя, мезатэрмальныя і эпітэрмальныя радовішчы.
У.Я.Бардон.
т. 5, с. 233
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)