Берасцяныя граматы 1/470; 2/261, 300; 4/6; 5/561; 7/539; 10/94

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

БЕРАСЦЯ́НЫЯ ВЫ́РАБЫ,

рэчы утылітарнага і дэкар.-прыкладнога характару, зробленыя з бяросты.

Здаўна пашыраныя ў многіх народаў лясной паласы Еўропы. Тэхнал. і маст. ўласцівасці бяросты давалі магчымасць вырабляць з яе рознае гасп. начынне, выкарыстоўваць у якасці ізаляцыйнага матэрыялу, для пісьма, малявання і інш. Вядомыя берасцяныя граматы 11—15 ст. з Ноўгарада, 13—14 ст. з Віцебска, берасцяны посуд з размаляваным і праразным дэкорам з рускай Поўначы.

Берасцяныя вырабы здаўна бытавалі і ў беларусаў. Стужкі бяросты клалі пад ніжні вянок зруба, каб засцерагчы ад гніення, імі для трываласці абгортвалі гліняны посуд (гл. Берасцень). На Палессі з берасцяных палос плялі наплечныя сумкі (вярэнькі) для пераноскі прадуктаў, у цэнтр. раёнах Беларусі — заплечныя каробкі (кашалі) для збору ягад і грыбоў. Сшываючы кавалкі бяросты гнуткімі карэньчыкамі ці скуранымі стужкамі, выраблялі разнастайны посуд (каробчыкі, берасцянкі) для сыпкіх і вадкіх прадуктаў. Невялікія берасцянкі для мёду, прыпраў і інш. нярэдка аздаблялі ціснёным узорам у выглядзе сеткі, хваёвых лапак, кружочкаў з кропкамі. Табакеркі і сальнічкі часта рабілі з некалькіх накладзеных адзін на адзін слаёў бяросты з нарэзанымі ў зубчыкі краямі. З бяросты рабілі таксама пастухоўскія трубы. У сучасным побыце берасцяныя вырабы сустракаюцца рэдка.

Я.​М.​Сахута.

Да арт. Берасцяныя вырабы. Берасцянка. Мінская вобл. 19 ст.

т. 3, с. 109

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕРАСЦЯ́НЫЯ ГРА́МАТЫ,

пісьмы, запіскі, дакументы 11—15 ст. на бяросце, выяўленыя пры раскопках стараж. усх.-слав. гарадоў. На тым баку бяросты, што прылягаў да дрэва, літары надрапвалі завостранай касцяной ці жал. палачкай — пісалам. Вядома больш за 750 Берасцяныя граматы, у т. л. Ноўгарада, Старой Русы (23 граматы), Смаленска (10), Пскова (8), Звянігарада (Украіна; 3) і інш. На Беларусі выяўлены ў Віцебску (13—14 ст.) і Мсціславе (пач. 13 ст.). Асн. тэма грамат 11—12 ст. — крэдыторства, пазыка грошай; 13—15 ст. — валоданне зямлёй, клопаты пра сяўбу і ўборку збожжавых, пра даходы, феад. павіннасці, абавязацельствы, завяшчанні. У наўгародскіх граматах упамінаюцца жыхар Полацка і палонны, выкуплены з Полацка; берасцяная грамата 11 ст. напісана Жыравітам, жыхаром Полацка, Смаленска ці Віцебска.

Літ.:

Арциховский А.В. Новгородские грамоты на бересте: (Из раскопок 1958—1961 гг.). М., 1963;

Янин В.Л. Я послал тебе бересту... 2 изд. М., 1975;

Тарасаў С.В. З гісторыі полацкай эпіграфікі X—XV ст. // Кніжная культура Беларусі. Мн., 1991.

Г.​В.​Штыхаў.

Берасцяная грамата 13—14 ст. з Віцебска.

т. 3, с. 109

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯРО́СТА,

пругкі і водаўстойлівы вонкавы слой кары бярозы. З яго атрымліваюць дзёгаць (сухой перагонкай), смалу (апрацоўкай азотнай к-той або спірта-шчолачнай экстракцыяй), сажу (спальваннем пры няпоўным доступе паветра). Здаўна выкарыстоўвалася для вырабу асобных рэчаў хатняга ўжытку (гл. Берасцяныя вырабы) і як матэрыял для пісьма (гл. Берасцяныя граматы).

т. 3, с. 413

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАФІ́ЦІ (італьян. graffito мн. лік ад graffito літар. надрапаны),

старажытныя надпісы, зробленыя вострымі прадметамі на сценках будынкаў і розных рэчах. Графіці часта знаходзяць пры раскопках стараж. і сярэдневяковых гарадоў і паселішчаў у многіх краінах свету. Гэтыя гіст., прысвячальныя, магічныя і інш. надпісы маюць вял. значэнне для вывучэння рэлігіі, побыту, мовы, пісьменнасці стараж. і сярэдневяковых грамадстваў. На тэр. Беларусі найб. стараж. графіці 11 ст. знойдзены ў Сафійскім саборы ў Полацку. На вял. плоскім камені ў падмурку выдрапаны імёны людзей, якія яго будавалі: «Давидъ, Тоума, Микоула», «Петър, Воришько» і слова «Къпьсь». Графіці 12 ст. выяўлены на прасліцах, амфарах у Мінску, Навагрудку, Пінску, Віцебску, Друцку. Яны даюць звесткі аб імёнах, бытавой лексіцы. Графіці 13 ст. знойдзены ў Спаскай царкве ў Полацку, Благавешчанскай царкве ў Віцебску. Выяўлена некалькі графіці 15 ст., якія маюць дакладнае датаванне іх напісання, напр. графіці пра смерць Казіміра IV Ягелончыка, вял. князя ВКЛ і караля Польшчы, і ўступленне на трон яго сына Аляксандра. Косці з надпісамі і малюнкамі выяўлены на гарадзішчы Маскавічы (Браслаўскі р-н). Выкананнем да графіці блізкія берасцяныя граматы.

Г.​В.​Штыхаў.

Графіці на прасліцах 12—13 ст. з гарадзішча Маскавічы Браслаўскага раёна.

т. 5, с. 415

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІ́ЕЎСКАЯ РУСЬ,

раннефеадальная дзяржава ўсх.-слав. і некат. неслав. плямён у 9—1-й трэці 12 ст. з цэнтрам у Кіеве. У розны час у яе ўваходзілі тэр. ад Прычарнаморскіх стэпаў да Паўн. Дзвіны, ад Днястра і Зах. Буга да Акі і Волгі. Паняцце «К.Р.» уведзена ў навуку гісторыкамі 19 ст. Паліт. ядром дзяржавы ў 9—10 ст. была Руская зямля — тэрыторыя вакол Кіева, Пераяслаўля і Чарнігава (гл. Русь). Паводле летапісаў, родапачынальнікам дынастыі рус. князёў быў вараг Рурык, які княжыў у Ноўгарадзе па запрашэнні мясц. жыхароў. Яго родзіч Алег у 882 захапіў Кіеў і зрабіў яго сталіцай дзяржавы. У часы княжання Ігара, яго жонкі Вольгі, Святаслава Ігаравіча і Уладзіміра Святаславіча (10 — пач. 11 ст.) улада Кіева пашырылася на шмат якія плямёны ўсх. славян. Полацкае княства, Тураўскае княства былі ў васальнай залежнасці ад кіеўскіх князёў. Культура К.Р. знаходзілася на ўзроўні тагачасных перадавых краін. Сведчаннем гэтага былі вял. гарады, высокае ваен. майстэрства, развітое прыкладное мастацтва, шырокія знешнія сувязі з краінамі Захаду і Усходу. Яе вытокам з’яўлялася культура ўсх.-слав. народаў, якія ўспрынялі элементы візант. культуры. Архітэктура К.Р. пераважна драўляная. З увядзеннем хрысціянства (988) пачалі будавацца мураваныя храмы (Сафійскія саборы ў Кіеве, Ноўгарадзе, Полацку і інш.). Аб пашырэнні пісьменнасці сведчаць надпісы на побытавых рэчах, берасцяныя граматы. У буйных гарадах складаліся летапісы, перапісваліся царк. кнігі, з’явіліся таленавітыя пісьменнікі і арыгінальныя літ. творы. У гады княжання Яраслава Мудрага [1019—54] фактычна завяршылася існаванне К.Р. як адзінай дзяржавы. Пасля яго смерці К.Р. распалася на часткі, утварыліся 5 груп зямель, унутры якіх намеціліся цесныя эканам. і культ. ўзаемасувязі: Наўгародская і Пскоўская землі; Уладзіміра-Суздальская, Разанская, Усцюжская, Мурамская; Кіеўская, Чарнігаўская і Северская; Галіцкая і Валынская; Полацка-Мінская і Смаленская; Тураўская і Пінская, Навагрудская землі. З іх утварэннем у старажытнарускай народнасці намецілася вылучэнне велікарус., укр. і бел. народнасцей. Развіццё сац.-эканам. і этнакульт. сувязей найперш паміж Полацкай і Смаленскай землямі садзейнічала этнаўтварэнню беларусаў.

Літ.:

Греков Б.Д. Киевская Русь. [6 изд.] М., 1953;

История СССР с древнейших времен до наших дней. Т. 1. М., 1966;

Алексеев Л.В. Полоцкая земля в IX—XIII вв.: (Очерки истории Северной Белоруссии). М., 1966;

Гісторыя Беларускай ССР. Т. 1. Мн., 1972;

Толочко П.П. Древняя Русь: Очерки соц.-полит. истории. Киев, 1987;

Ермаловіч М. Старажытная Беларусь: Полацкі і новагародскі перыяды. Мн., 1990;

Фроянов И.Я. Древняя Русь: Опыт исслед. истории соц. и полит. борьбы. М.; СПб., 1995;

Загарульскі Э.М. Заходняя Русь, IX—XIII стст. Мн., 1998.

Г.​В.​Штыхаў.

т. 8, с. 254

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЎГАРО́ДСКАЯ ФЕАДА́ЛЬНАЯ РЭСПУ́БЛІКА,

дзяржава на ПнЗ сучаснай Расіі з цэнтрам у г. Ноўгарад у 1136—1478. Узнікла ў выніку распаду Кіеўскай Русі. Тэр. Н.ф.р. пашыралася шляхам каланізацыі і ў 15 ст. распасціралася ад Балтыйскага м. да Паўн. Урала і ад Баранцава м. да вярхоўяў Волгі. Асн. заняткі насельніцтва — земляробства і жывёлагадоўля, а таксама лясныя і марскія промыслы, ільнаводства, здабыча солі і выплаўка жалеза. Цэнтрамі рамяства і гандлю былі гарады Ноўгарад, Старая Руса, Ладага, Таржок, Арэшак і інш. Наўгародскія купцы мелі шырокія гандл. сувязі з інш. землямі Русі і замежнымі краінамі. Вышэйшы орган улады Н.ф.р. — наўгародскае веча, якое выбірала пасадніка (гал. службовую асобу), тысяцкага і (з 1156) архіепіскапа. Архіепіскап фактычна ўзначальваў выканаўчую ўладу дзяржавы, кіраваў яе знешнімі зносінамі, выконваў суд. і інш. функцыі. Наўгародскі князь запрашаўся з інш. княстваў вечам, якое заключала з ім дагавор («рад»), і выконваў пераважна функцыі военачальніка. Рэальная ўлада знаходзілася ў руках невял. групы буйных феад. землеўладальнікаў (30—40 баярскіх сем’яў). У 12—15 ст. Н.ф.р. вяла шматлікія, пераважна абарончыя войны супраць Швецыі, Лівонскага ордэна, Даніі, ВКЛ і Маскоўскага вялікага княства. З 1250-х г. яна была вымушана плаціць даніну Залатой Ардзе. Маскоўскае вял. княства і ВКЛ з пач. 14 ст. імкнуліся, у т. л. з дапамогай ваен. сілы, усталяваць свой суверэнітэт над Н.ф.р., урад якой шляхам лавіравання паміж імі (у т. л. запрашаючы князёў то з ВКЛ, то з маскоўскіх уладанняў) працяглы час захоўваў фактычную незалежнасць сваёй дзяржавы. У 1410-я г. рым. папы Іаан XXIII і Марцін V выдалі некалькі булаў, якімі прызнавалі Вітаўта і Ягайлу «ген. вікарыямі» Ноўгарада і Пскова, але спробы Вітаўта заваяваць Н.ф.р. былі безвыніковымі. Залежнасць Н.ф.р. ад маскоўскіх князёў узмацнілася пасля Яжалбіцкага міру 1456, якім скончылася чарговае, няўдалае для Ноўгарада супрацьстаянне з Масквой. Каб пазбегнуць поўнага падпарадкавання Маскве, правячыя колы Н.ф.р. ў 1470 запрасілі да сябе князем слуцкага кн. Міхаіла Алелькавіча і былі гатовы прызнаць сваім сюзерэнам вял. князя ВКЛ Казіміра IV, аднак у 1471, пасля паражэння ад маскоўскіх войск у Шалонскай бітве, падпісалі з вял. маскоўскім кн. Іванам III Карастынскі мір, які амаль пазбавіў Н.ф.р. самастойнасці. У 1478 Іван III канчаткова ліквідаваў Н.ф.р. і далучыў яе тэр. да Маскоўскай дзяржавы. Н.ф.р. была самай развітай у культ. адносінах часткай Русі з шырока распаўсюджанай пісьменнасцю (пра гэта сведчаць берасцяныя граматы), багатымі традыцыямі летапісання (гл. Наўгародскія летапісы), уласнымі школамі дойлідства і выяўл. мастацтва (гл. Наўгародская школа дойлідства, Наўгародская школа іканапісу).

Літ.:

Янин В.Л. Новгородские акты XII—XV вв. М., 1991;

Фроянов И.Я. Мятежный Новгород. СПб., 1992.

С.​В.​Пазняк.

т. 11, с. 211

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЗЬБА́ МАСТА́ЦКАЯ,

спосаб маст. апрацоўкі дрэва, косці, каменю і інш. цвёрдых матэрыялаў шляхам выразання арнаментальных ці сюжэтных кампазіцый; від дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Р.м. аздабляюць прадметы побыту (мэблю, хатняе начынне, прылады працы), будынкі (гл. Разьба архітэктурная), яе тэхніку выкарыстоўваюць у стварэнні скульптуры. Самаст. від Р.м. — гліптыка.

Узнікла ў глыбокай старажытнасці з паяўленнем рэзальных інструментаў з каменю і косці, пазней — металічных; вядома ўсім народам свету. Шырока вядома Р.м. па лаку ў Кітаі і Японіі, па камені і косці ў Індыі, па ганчу ва Узбекістане. бурацкая каменная пластыка, якуцкая і халмагорская разьба па косці ў Расіі.

На Беларусі пашырана некалькі відаў Р.м. Контурная разьба выконваецца заглыбленымі лініямі на гладкім фоне, блізкая да гравіравання; выемчатая разьба (пераважна трохгранна-выемчатая) утварае ўзор, заглыблены ў гладкі фон; рэльеф ная разьба мае заглыблены фон і ўзнятыя над ім выявы або ўзор — нізкарэльефныя (барэльеф) ці высокарэльефная (гарэльеф); скразная разьба не мае фону і ўяўляе сабой ажурную кампазіцыю (у залежнасці ад размяшчэння ўзору ў адной ці некалькіх плоскасцях адрозніваюць плоскаажурную і аб’ёмна-ажурную Р.м.); аб’ёмная разьба стварае трохмерную выяву, звычайна скульптуру малых форм. Найб. старадаўняя на Беларусі контурная і аб’ёмная разьба па дрэве і косці. З часоў каменнага веку вядомы касцяныя вырабы, арнаментаваныя контурнай разьбой геам. характару, касцяныя і драўляныя фігуркі жывёл і чалавека, выразаныя вельмі схематычна і ўмоўна. Высокага ўзроўню дасягнула разьба па косці і камені ў 9—13 ст. (Шклоўскі ідал, абразкі з каменю і шыферу, ліцейныя формы). Інтэр’еры храмаў, сядзіб, палацаў, мэблю аздаблялі нізкарэльефнай разьбой па дрэве, якая ў 17—18 ст. развілася ў аб’ёмна-ажурную (гл. Беларуская рэзь). З 17 ст. вядома разьба па шкле (гл. Шкло мастацкае). Фоны абразоў упрыгожвалі разьбой па ляўкасу. Разьбой па дрэве і стука аздаблялі іканастасы, алтары, амбоны, арганы, сцены храмаў і палацаў (гл. Манументальна-дэкаратыўная скульптура). З канца 19 ст. Р.м. пашыралася ў нар. дойлідстве, аздабленні мэблі; разьбой геам. характару аздаблялі хатняе начынне, прадметы побыту, посуд, прылады працы (гл. Берасцяныя вырабы, Камянецкія прасніцы). У наш час Р.м. займаюцца многія нар. майстры, прафес. і самадзейныя мастакі. Бытавыя рэчы, посуд, вырабы сувенірнага і маст. прызначэння з дрэва, рогу, бяросты выпускаюць прадпрыемствы маст. прам-сці (гл. Мастацкіх вырабаў вытворчасць).

Літ.:

Пластыка Беларусі XII—XVIII стст.: [Альбом]. Мн., 1983;

Сахута Е.М., Говор В.А. Художественные ремесла и промыслы Белоруссии. Мн., 1988.

Я.​М.​Сахута.

Да арт. Разьба мастацкая. Складзень. Візантыя. Разьба па косці. 10—11 ст.
Да арт. Разьба мастацкая. А.​Штанг. Ваза «Поўнач». Халмагорская разьба па косці. Расія. 1977.
Да арт. Разьба мастацкая. Каменная пліта з выявай ільва. Горад Ваўкавыск Гродзенскай вобл. 12 ст.
Да арт. Разьба мастацкая. Фрагмент прасніцы. Камянецкі раён Брэсцкай вобл. 1920-я г.
Да арт. Разьба мастацкая. Самшытавы грэбень. З раскопак Мінскага замчышча. 13 ст.

т. 13, с. 267

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НО́ЎГАРАД,

горад у Расіі, цэнтр Наўгародскай вобл. За 6 км ад воз. Ільмень. 231 тыс. ж. (1996). Прыстань на р. Волхаў. Чыг. вузел. Аэрапорт. Прам-сць: машынабудаванне і металаапр. (у т. л. радыёэлектронная), хім. (азотныя ўгнаенні, шкловалакно), дрэваапр., харч., лёгкая; вытв-сць буд. матэрыялаў. 3 ВНУ, у т. л. ун-т. Драм. тэатр. Гіст.-архітэктурны музей-запаведнік. Турызм.

У летапісах упершыню згадваецца пад 859. З канца 10 ст. другі па значэнні цэнтр Кіеўскай Русі. Размяшчэнне Н. на скрыжаванні шляхоў «з варагаў у грэкі» і Волжскага спрыяла развіццю гандлю, рамёстваў, культуры. У 1136—1478 цэнтр Наўгародскай феадальнай рэспублікі. Яго гандл. сувязі пашыраліся ад Фландрыі і ням. ганзейскіх гарадоў (гл. Ганза) да Канстанцінопаля. У 12 ст. існавала гандл. карпарацыя «Іванскае сто». З 2-й пал. 14 ст. наз. Вялікі Н. У сярэдзіне 12 — сярэдзіны 15 ст. цэнтр узбр. барацьбы са знешняй агрэсіяй з боку Швецыі і Лівонскага ордэна. У Неўскай бітве 1240 і Лядовым пабоішчы 1242 наўгародцы на чале з Аляксандрам Неўскім перамаглі швед. і ням. войскі. У 1478 у выніку перамогі маскоўскага войска (1471) Н. і ўсе яго землі ўключаны ў склад Рус. дзяржавы. У 1480—90-я г., каб ліквідаваць наўгародскія «вольнасці», у цэнтр. вобласці Расіі выслана каля 7 тыс. жыхароў горада. У 1570 апрычнікі Івана Грознага знішчылі амаль усё насельніцтва Н. У 16 — пач. 18 ст. буйны эканам. і гандл. цэнтр Расіі. У 1616—17 пацярпеў ад швед. акупацыі. З 1727 губернскі горад, з 1927 акруговы, з 1930 раённы цэнтр Ленінградскай вобл. З 1944 цэнтр Наўгародскай вобл. У Вял. Айч. вайну акупіраваны ням.-фаш. войскамі (1941—44), моцна разбураны.

У выніку археал. раскопак адкрыты вуліцы і плошчы з драўлянымі маставымі, вадазборнікі і водаадводы, жылыя дамы, церамы, майстэрні, крамы; знойдзены берасцяныя граматы. Да сярэдзіны 12 ст. сфарміраваліся 2 асн. раёны Н.: на левым беразе р. Волхаў Сафійскі бок з крамлём (дзядзінцам; пабудаваны ў 1044, пашыраны ў 1484—90, з 1925 гіст.-арх. музей-запаведнік; уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны); на правым — Гандлёвы бок з Торгам і комплексам пабудоў Яраслававага дварышча, дзе збіралася веча. Да 17 ст. ў Н. пераважала драўляная забудова, з каменю і цэглы рабілі абарончыя збудаванні, храмы, часам палаты знаці. У 12—15 ст. склалася Наўгародская школа дойлідства. На тэр. дзядзінца захаваліся Наўгародскі Сафійскі сабор, Сафійская званіца (15 ст., у 16—19 ст. перабудоўвалася), Уладычны (Епіскапскі) двор з гранавітай палатай (1433) і дазорнай вежай «Часазвоняй» (1673), Ліхудаўскі (15—17 ст.) і Нікіцкі (17 ст.) карпусы, будынак б. дзярж. устаноў (18—19 ст.) і інш. У цэнтры б. дзядзінца пастаўлены помнік «Тысячагоддзе Расіі» (1862, скульпт. М.​Мікешын, арх. В.​Гартман), на яго тэр. знаходзіцца магіла рас. паэта Г.​Дзяржавіна. У канцы 18 — пач. 19 ст. добраўпарадкаваны радыяльна-паўкальцавая планіроўка Сафійскага боку і прамавугольная — Гандлёвага (генпланы 1778 і 1834), пабудаваны класіцыстычныя гаўптвахта (пач. 19 ст.), Пуцявы палац (1771, перабудаваны ў 1824—28, арх. В.​Стасаў), жылыя дамы паводле ўзорных праектаў. У сав. час створаны ахоўныя зоны, упарадкаваны дзядзінец і Яраславава дварышча. Узведзены помнікі Перамогі (1974), Аляксандру Неўскаму (1985, скульпт. Ю.​Чарноў, арх. Г.​Ісаковіч).

Літ.:

Лихачев Д.С. Новгород Великий. М., 1959;

Каргер М.К. Новгород. 3 изд. Л.;

М., 1970;

Кушнир И.И. Архитектура Новгорода. Л., 1991.

Да арт. Ноўгарад. Від на Гандлёвы бок.
Ноўгарад: 1 — панарама Сафійскага боку; 2 — Сафійская званіца крамля; 3 — помнік «Тысячагоддзе Расіі». 1862.

т. 11, с. 383

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРО́ДНАЕ ДЭКАРАТЫ́ЎНА-ПРЫКЛАДНО́Е МАСТА́ЦТВА,

галіна народнай творчасці, якая ўключае выраб па-мастацку аформленых прылад працы, хатняга начыння, быт. абсталявання, трансп. сродкаў, посуду і інш. Мае ярка выражаны нац. характар, адлюстроўвае самабытнасць жыцця народа, яго эстэт. ідэалы і погляды. Гарманічна спалучае утылітарныя, практычныя функцыі вырабаў з дэкар., маст. задачамі, што дасягаецца ўмелым выкарыстаннем дэкар. магчымасцей матэрыялу, прастатой кампазіцыі, яснасцю маст. мовы. Дэкор, як правіла, толькі дапаўняе і падкрэслівае лагічную кампазіцыю і ўдала прадуманую форму, з’яўляецца сродкам рэалізацыі духоўных патрабаванняў народа. Характар яго вызначаецца пераважна асаблівасцямі матэрыялу і тэхналогіі вытв-сці (геам. матывы ў ткацтве і разьбе па дрэве, пластычнасць у кавальстве і ганчарстве і інш.). У многіх відах арнаменту праяўляюцца стараж. вераванні, культ прыроды: салярныя знакі, зааморфныя і антрапаморфныя выявы і інш. Асн. вызначальныя рысы Н.д.-п.м. — традыцыйнасць (перадача з пакалення ў пакаленне лепшых здабыткаў у галіне форм прадметаў, дэкору, навыкаў апрацоўкі матэрыялу) і калектыўнасць (масавасць) творчасці. З Н.д.-п.м. бярэ вытокі прафес. дэкар.-прыкладное мастацтва. Яно таксама зазнала ўплывы прафес. мастацтва, брала ад яго тое, што адпавядала мясц. густам і традыцыям.

На Беларусі здаўна найб. пашыранымі відамі Н.-д.-п.м. былі разьба па дрэве, ганчарства, ткацтва, вышыўка, пляценне мастацкае і інш. З часоў неаліту вырабляўся гліняны посуд, драўляныя і касцяныя прылады працы, аздобленыя выціснутым, ляпным, разным арнаментам сімвалічнага характару (гл. Першабытнае мастацтва). З падзелам грамадства на класы вылучыліся рамеснікі-прафесіяналы, што абслугоўвалі патрэбы пануючых класаў; творчасць іх нярэдка была далёкай ад нар. традыцый. Развівалася і традыц. Н.д.-п.м. як хатняя вытв-сць для ўласных патрэб ці ў выглядзе розных рамёстваў, якія з цягам часу развіліся ў народныя мастацкія промыслы. Асн. якасці бел. Н.д.-п.м.: глыбокая традыцыйнасць, яркая самабытнасць. выразнасць форм, спакойны, стрыманы дэкор, у якім пераважалі матывы сімвалічнага характару (ромб, круг, разетка, салярныя знакі, выявы раслін, жывёл і птушак). На працягу многіх стагоддзяў Н.д.-п.м. ўплывала на характар цэхавага і мануфактурнага рамяства, праца прыгонных майстроў выкарыстоўвалася ў майстэрнях і мануфактурах у гарадах, феад. маёнтках і манастырах. Пэўныя змены ў яго характары выявіліся ў канцы 19 — пач. 20 ст. ў сувязі з новымі сац.-эканам. ўмовамі і адпаведнымі зменамі ў нар. побыце. Развіццё капіталізму моцна паўплывала на тыя віды Н.д.-п м., што бытавалі ў выглядзе промыслаў з выхадам на рынак. Адны з іх (набіванка, пернікарства, медніцтва) не вытрымалі канкурэнцыі з прам-сцю і заняпалі, інш. (ганчарства. пляценне) прыстасаваліся да новых патрабаванняў рынку і змянілі характар прадукцыі. Узрасла іх дэкаратыўнасць, у т. л. і тых яго відаў, што развіваліся ў сферы хатняй вытв-сці. Разам са стараж. геам., салярнымі, зааморфнымі матывамі пашырыўся рэаліст. расл. дэкор. Значнае месца пачалі займаць вырабы нар. мастацтва, звязаныя з надворным і ўнутр. упрыгожаннем жылля: разныя і па-мастацку ашаляваныя ліштвы, ганкі, франтоны; дэкарыраваная мэбля (асабліва куфры), дэкар. тканіны (посцілкі, дываны, у т. л. маляваныя), выцінанка, саломка мастацкая, карцінкі на шкле і інш. Росквіту дасягнуў дэкор традыц. нар. адзення. Пэўны ўплыў на характар Н.д.-п.м. зрабілі маст. стылі прафес. дэкар.-прыкладнога мастацтва, масавая прамысл. прадукцыя, але запазычаныя формы вырабаў і віды дэкору майстры перапрацоўвалі ў адпаведнасці з мясц. традыцыямі і ўласнымі патрабаваннямі. Найб. значныя змены ў характары Н.д.-п.м. адбыліся ў 2-й пал. 20 ст. Насычэнне побыту масавай таннай прамысл. прадукцыяй абясцэніла многія традыц. вырабы нар. майстроў (самаробныя прылады працы, мэбля, даматканае адзенне, посцілкі, ручнікі і інш.). Працягваюць бытаваць тыя яго віды, у якіх пераважае дэкар. функцыя. Вырабы нар. майстроў задавальняюць больш эстэт., чым практычныя патрэбы, выкарыстоўваюцца пераважна ў якасці твораў мастацтва і сувеніраў; павялічваецца іх дэкаратыўнасць, пашыраецца колеравая гама, развіваюцца новыя віды і матывы аздаблення. Бытуе арх. дэкор, маст. ткацтва, вышыўка, карункапляценне, лозапляценне, працягваюць дзейнасць некат. асяродкі ганчарства. З ростам цікавасці грамадства да традыц. нац. культуры на новым узроўні адрадзіліся некат. заняпалыя рамёствы: саломапляценне, аплікацыя саломай па дрэве і палатне, выцінанка, берасцяныя вырабы і інш. Творы Н.д.-п.м. захоўваюць Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту, Веткаўскі музей народнай творчасці, Дзінаўскі музей мастацтва і этнаграфіі, Дудзіцкі музей матэрыяльнай культуры, Заслаўскі гісторыка-культурны запаведнік, Мотальскі музей народнай творчасці, Музей беларускага народнага мастацтва, Крошынскі музей нар. мастацтва і рамёстваў і інш.; вял. калекцыю зберагае Музей старажытна-беларускай культуры Ін-та мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору. Нац. АН Беларусі. Ранейшы механізм пераемнасці традыцый (ад бацькоў да дзяцей) саступае месца арганізаваным формам навучання: школам, студыям, гурткам, дамам рамёстваў і інш. Майстроў бел. Н.Д.-П.М. аб’ядноўвае Саюз майстроў народнай творчасці Беларусі. Развіццё і захаванне Н.д.-п.м. рэгулюе Закон «Аб народным мастацтве, народных промыслах (рамёствах) у Рэспубліцы Беларусь» (1999).

Літ.:

Некрасова М.А. Народное искусство как часть культуры. М., 1983;

Сахута Я.М. Народнае мастацтва Беларусі. Мн., 1997;

Лабачэўская В.А. Зберагаючы самабытнасць: 3 гісторыі нар. мастацтва і промыслаў Беларусі. Мн., 1998;

Bossert H. Th. Peasant art of Europe and Asia. New-York, 1959;

Grabowski J. Sztuka ludowa w Europe. Warszawa, 1978.

Я.​М.​Сахута.

Да арт. Народнае дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. М.​Генбіцкая. Ходнікі. Вёска Гарадная Столінскага раёна Брэсцкай вобл. 1980-я г.
Да арт. Народнае дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. З.​Жылінскі. Цацкі «Коннікі». Г.п. Ружаны Пружанскага раёна Брэсцкай вобл. 1978.
Да арт. Народнае дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Ручнікі. Пінскі раён Брэсцкай вобл. 1-я пал. 20 ст.
Да арт. Народнае дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. А.​Краўчун. Кошыкі. Віцебск. 1997.
Да арт. Народнае дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. І.​Малчановіч. Ганчарны посуд. Г.п. Івянец Валожынскага раёна Мінскай вобл. 1975.

т. 11, с. 168

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)