тэхніка атрымання рэльефных выяў на паверхні скуры, аксаміту, ліставога металу, бяросты і інш. матэрыялаў выцісканнем штампамі; вырабы ў гэтай тэхніцы. Ц. па метале вядома ў мастацтве Стараж. Егіпта і інш. краін Стараж. свету. Пазней Ц. пашырылася ў інш. краінах. На Беларусі Ц. па скуры і метале вядома з 11—13 ст. Ц. па скуры рабілі з малюнкам пераважна геам. характару, па метале дадаткова аздаблялі зярненнем, гравіраваннем, чарненнем і інш. Высокімі маст. якасцямі вызначаюцца скураныя пераплёты кніг 16 ст. Ф.Скарыны і П.Мсціслаўца. У 1-й пал. 17 ст.тэхн. ўзровень Ц. па скуры знізіўся, у 18 ст. палепшыўся, аднак малюнак стаў менш выразны, здробнены. Багатыя выданні аздаблялі залатым Ц., часам з падфарбоўкай, дэкарыравалі скураныя футляры для акуляраў, ключоў і інш., конскую вупраж, шпалеры, завесы і інш. Ц. па ляўкасе з наступнай. пазалотай характэрна для фонаў абразоў 17—18 ст. Значна пашырылася басма (ручное Ц. па тонкім ліставым метале), якой аздаблялі пераплёты кніг, абклады абразоў і інш. У нар. побыце тэхнікай Ц. ўпрыгожвалі берасцяныя вырабы. У наш час Ц. аздабляюць вырабы з бяросты, скуры і інш.
У паліграфіі Ц. атрымліваюць адбітак малюнка або шрыфту на пераплётнай крышцы, паперы або кардоне. Выконваецца на пазалотным прэсе. Адрозніваюць Ц. рэльефнае і плоскапаглыбленае. Выкарыстоўваецца таксама плоскі штамп з цынку або латуні. Ц. можа быць бясфарбавае або фарбавае (выява ўтвараецца з дапамогай спец. фарбавай ці металізаванай фольгі, якая застаецца ў паглыбленнях).
Літ.:
Кацер М.С. Народно-прикладное искусство Белоруссии. Мн., 1972.