Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРША́ РАСЛІ́Н,
хвароба, якая выклікаецца грыбамі ці актынаміцэтамі з родаў стрэптаміцэс, спонгаспора, гельмінтаспорыум, вентурыя і інш. Пашырана ўсюды, значна зніжае ўраджай у вільготныя і цёплыя гады. На Беларусі найб. шкодзіць бульбе, яблыні, грушы. З інш.с.-г. культур на паршу хварэюць бурак, цытрусавыя, вішня. Пашкоджвае паверхневыя тканкі: утвараюцца плямы, каросты, язвы на пладах, лісці, парастках. Інфекцыя перадаецца з насенным матэрыялам, праз глебу (з расл. рэшткамі). Меры барацьбы: чаргаванне культур, прарошчванне клубняў на святле, вытрымліванне рэжыму захоўвання клубняў, знішчэнне апалага лісця, апырскванне раслін фунгіцыдамі і інш. Устойлівыя да паршы сарты бульбы — Тэмп, Лошыцкая, Агеньчык; яблыні — Беларускі сінап, Каштэля, Мінскі; грушы — Дзюшэс летні, Бэра лошыцкая, Беларуская позняя.
Літ.:
Дорожкин Н.А., Бельская С.И. Болезни картофеля. Мн., 1979;
Амбросов А.Л., Болотникова В.В., Мерцалова О.С. Как защитить сад от вредителей и болезней. 2 изд. Мн., 1985.
С.І.Бельская.
Парша раслін: 1 — яблыні; 2 — звычайная парша бульбы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАНАСПО́РА (Peronospora),
род ааміцэтавых грыбоў сям. перанаспоравых. Каля 300 відаў. Пашыраны ўсюды. Паразіты травяністых раслін, выклікаюць перонаспарозы. На Беларусі найб. вядомыя П.: бураковая (P. schachtii), капусная (P. brassicae), разбуральная (P. destructor), паразітуе на цыбулі.
Міцэлій разгалінаваны, распаўсюджваецца па міжклетніках, мае гаўсторыі рознага тыпу. Канідыяносцы дыхатамічна разгалінаваныя, завостраныя на канцы, з адзіночнымі канідыямі. На адваротным баку некратычных плям утвараюць шараваты налёт. Ааспоры шарападобныя, жаўтавата-карычневыя, знаходзяцца ў тканках раслін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІДУЛЯРЫЯ́ЛЬНЫЯ (Nidulariales),
парадак грыбоў-гастэраміцэтаў. 3 роды, 85 відаў. Пашыраны ўсюды. На Беларусі адзначаны гняздоўка запоўненая (Nidularia farcta), кілішак гнаявы (Cyathus stercoreus), кілішак Ола (C. olla), кілішак паласаты (C. striatus), кубачак гладкі (Crucibulum laeve). Трапляюцца на гнілой драўніне, ламаччы ў лясах і садах.
Пладовыя целы кубка-, лейка- або гнёздападобныя, знаходзяцца спачатку ў плевачнай абалонцы. Мякаць у выглядзе асобных цельцаў, якія ляжаць свабодна ў слізі ці прымацаваныя да абалонкі. Споры эліпса- або шарападобныя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРОНАСПАРА́ЛЬНЫЯ (Peronosporales),
парадак грыбоў класа ааміцэтаў. 3 сям. (перанаспоравыя, пітыевыя, цыстопавыя), больш за 500 відаў. Пашыраны ўсюды. На Беларусі больш за 70 відаў з родаў перанаспора, пітый, фітафтора, брэмія, плазмапара, склераспора і інш.Сапратрофы, паразіты і паўпаразіты. Выклікаюць некроз у раслін, перонаспарозы, гнілі.
Міцэлій не падзелены на септы, галінасты, распаўсюджваецца ўнутры- і міжклетачна, утварае гаўсторыі. Канідыяносцы разгалінаваныя, канідыі звычайна акруглыя. Некат. віды з сям. пітыевых размнажаюцца зааспорамі. Наземныя грыбы здольны ўтвараць хламідаспоры. Ааспоры ўзнікаюць у выніку палавога працэсу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛОСЬ, саркадон чарапіцавы (Sarcodon imbricatus),
шапкавы базідыяльны грыб сям. тэлефоравых. Пашыраны ў лясной зоне Еўразіі і Паўн. Амерыкі. На Беларусі — усюды. Трапляецца вял. групамі ў сухіх, пераважна хваёвых, лясах. Пладовыя целы з’яўляюцца ў жн. — лістападзе.
Пладовае цела — шапка на ножцы. Шапка дыям. 3—20 см, плоскапукатая або шырокаўвагнутая, бураватая, сухая, густа ўкрыта буйнымі завостранымі лускавінкамі. Шыпападобны спараносны слой на ніжняй паверхні шапкі. Ножка цыліндрычная, суцэльная, аднаго колеру з шапкай. Мякаць шчыльная, брудна-шараватая, са спецыфічным пахам, пры выспяванні гаркаватая. Споры шарападобныя, шыпаватыя, бураватыя. Ядомы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІСІ́ЧКІ (Cantharellus),
род шапкавых базідыяльных грыбоў сям. лісічкавых. Каля 70 відаў. Пашыраны ўсюды, пераважна ва ўмераных паясах. На Беларусі 2 віды: Л. сапраўдная, або жоўтая (C. cibarius), і Л. трубкападобная (C. tubaeformes). Трапляюцца ў хваёвых і мяшаных лясах. Пладовыя целы з’яўляюцца ў ліп.—кастрычніку.
Пладовае цела ў выглядзе шапкі на ножцы. Шапка дыям. да 10 см, пукатая або плоская, потым лейкападобная з тонкім хвалістым краем, жоўтая, жаўтаватая ці белаватая. Складкі пласціністыя, тоўстыя, зыходзяць на ножку. Ножка цыліндрычная, суцэльная, аднаго колеру са шляпкай з шапкай*. Мякаць шчыльная, белаватая, з прыемным пахам. Споры эліпсападобныя, гладкія, бясколерныя. Ядомыя.