Тэрміналагічная камісія пры БелСЭ 10/401

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕЛАРУ́СКАЯ САВЕ́ЦКАЯ ЭНЦЫКЛАПЕ́ДЫЯ»

(БелСЭ),

12-томны даведнік па ўсіх галінах ведаў; першая ў гісторыі бел. народа універсальная энцыклапедыя. Выдадзена ў Мінску ў 1969—75 выдавецтвам «Беларуская Энцыклапедыя». У 1976 выпушчаны дадатковы спец. том паказальнікаў (прадметны, імянны, геагр. назваў). У 1—11-м тамах у алфавітным парадку змешчана 34 409 артыкулаў, у канцы 11-га тома надрукаваны дадатак — матэрыялы пра падзеі, што адбыліся за час выдання БелСЭ. 12-ы том цалкам прысвечаны Беларусі, а матэрыялы ў ім размешчаны па тэматычным прынцыпе. Стваральнікі БелСЭ творча выкарысталі вопыт лепшых энцыклапедычных выданняў, метадычныя прынцыпы адбору, апрацоўкі і сістэматызацыі матэрыялаў. Звесткі па ўсіх пытаннях падаюцца ў цеснай сувязі з Беларуссю — з яе прыродай, эканомікай, навукай, гісторыяй, культурай, мастацтвам. Бел. нац. тэматыка ў БелСЭ складае каля 40%. У выданні змешчана каля 12 тыс. ілюстрацый і 672 карты. У напісанні артыкулаў для БелСЭ прынялі ўдзел больш за 5 тыс. аўтараў, з іх больш як 90% навукоўцы Беларусі. Групе стваральнікаў БелСЭ прысуджана Дзярж. прэмія Беларусі 1976. У 1978 дапрацаваныя матэрыялы 12-га тома выдадзены на рус. мове асобнай кнігай «Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка».

Літ.:

Грыцкевіч А., Мальдзіс А. Свята беларускай культуры // Полымя. 1975. № 12.

І.​П.​Хаўратовіч.

Выданне «Беларуская Савецкая Энцыклапедыя». 1969—76.

т. 2, с. 426

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАБАЛО́ЦКАЯ (Людміла Васілеўна) (н. 27.12.1949, г. Крычаў Магілёўскай вобл.),

бел. паэтэса. Скончыла БДУ (1974). Працавала ў выд-ве «БелСЭ» (1974—84), на Бел. тэлебачанні, нам. гал. рэдактара час. «Пралеска» (1991—95), у выд-ве «Полымя», з 1996 у час. «Адукацыя і выхаванне». Друкуецца з 1967. Аўтар зб-каў вершаў «Сакавік» (1974), «Радаводны васілёк» (1981), «Святло палыну» (1989), «Струны памяці» (1991). Асн. тэма творчасці — жаночая доля, каханне і пошукі жыццёвай гармоніі. Паэтэса чулая да маст. слова, настойлівая ў пошуку сродкаў узбагачэння паэт. тэматыкі. Пераклала на бел. мову раман В.​Скота «Айвенга» (1997).

т. 6, с. 485

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́РЫШАЎ (Гурый Іларыёнавіч) (н. 30.4.1928, Ташкент),

бел. тэатразнавец і мастацтвазнавец. Д-р мастацтвазнаўства, праф. (1990). Скончыў Ташкенцкі тэатр. ін-т (1950). Працаваў у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі (1955—67, 1973—78), Бел. тэатр.-маст. ін-це (1961—67), Гал. рэдакцыі БелСЭ (1967—73). З 1983 у Бел. ун-це культуры. Даследуе гісторыю і тэорыю бел. прафес. і нар. т-ра, т-р Беларусі 18 ст., сцэнаграфію. Аўтар раздзелаў у кн. «Гісторыя беларускага тэатра» (т. 1, 1983), «Музычны тэатр Беларусі: Дакастрычніцкі перыяд» (1990), «Беларускі народны тэатр батлейка» (1962, з А.​Саннікавым) і інш.

Тв.:

Театральная культура Белоруссии XVIII века. Мн., 1992.

А.​А.​Саламаха.

т. 2, с. 335

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАБО́ВІЧ (Арсень Аляксандравіч) (н. 28.9.1923, в. Студзянкі Падляскага ваяв., Польшча),

бел. тэатразнавец. Канд. мастацтвазнаўства (1965). Скончыў Бел. тэатр. ін-т (1949). Працаваў у культасветустановах Гродна, Стоўбцаў, Навагрудка. З 1959 у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі, з 1971 у Гал. рэдакцыі БелСЭ, з 1979 у Рэсп. ін-це павышэння кваліфікацыі работнікаў культуры, з 1988 у Мінскім ін-це культуры, з 1991 у Музеі гісторыі тэатр. і муз. культуры Беларусі. Даследуе бел.-польскія тэатр. сувязі, тэатр. жыццё Зах. Беларусі, творчасць нар. т-раў, праблемы ўвасаблення твораў А.​Астроўскага і М.​Горкага на бел. сцэне, выступае ў друку па пытаннях сучаснага тэатр. жыцця.

Тв.:

Героі Горкага на сцэне тэатра імя Янкі Купалы // Максім Горкі і Беларусь. Мн., 1968;

Тэатр змагання. Мн., 1969;

Пьесы А.​Н.​Островского на белорусской сцене. Мн.,1971.

т. 9, с. 82

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУБЯНЕ́ЦКІ (Міхаіл Фёдаравіч) (4.3.1927, в. Востраў Пінскага р-на Брэсцкай вобл. — 3.9.1990),

бел. перакладчык і публіцыст. Брат С.Ф.Дубянецкага. Скончыў Рэсп. парт. школу пры ЦК КПБ (1956), Вышэйшую парт. школу пры ЦК КПСС (1960). Настаўнічаў, працаваў у прэсе, на парт. рабоце., у 1968—75 — інструктар сектара друку ЦК КПБ, у 1975—79 адказны сакратар, нам. гал. рэдактара БелСЭ, у 1979—86 — дырэктар выд-ва «Мастацкая літаратура». Друкаваўся як публіцыст з 1959. З 1964 выступаў як перакладчык з рус., укр., польскай моў. На бел. мову пераклаў аповесці «Жыві і помні» В.​Распуціна (1982), «Клімко» Г.​Цюцюнніка (1982), «Гэта дзіўнае жыццё: Аповесці і апавяданні» Д.​Граніна (1983), «Блакадную кнігу» А.​Адамовіча і Граніна (1983), «Верная рака: Аповесць. Апавяданні. Абразкі» С.​Жаромскага (1985), зб. укр. апавяданняў «Сцежка без канца» (1980). Пераклады Д. вылучаюцца глыбокім адчуваннем слова кожнай мовы, адэкватнасцю яму эквівалентаў у бел. моўнай стыхіі.

І.​У.​Саламевіч.

т. 6, с. 250

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗА́ЙЦАЎ (Мар’ян Міхайлавіч) (літ. псеўд. Мар’ян Віж; 23.2.1949, Мінск),

бел. пісьменнік, гісторык. Скончыў БДУ (1971). Працаваў у Бел. т-ве аховы помнікаў гісторыі і культуры (1974—76), у БелСЭ (1976—79), у навук. і культ.-асв. установах Мінска, у штотыднёвіку «Наша слова» (1993—95), з 1995 у Ін-це сучасных ведаў. Друкуецца з 1974. У гіст. аповесці «Лабірынт» (1991), заснаванай на архіўных дакументах, паказаны падзеі на Беларусі ў час паўстання 1863—64. У аповесці «Гарадскія кветкі» (1995) спроба расказаць пра лёс адзінокага чалавека ў вял. горадзе (падзеі ў Мінску на мяжы 1970—80-х г.) У апавяданнях і навелах паглыбленая ўвага да набалелых праблем сучаснасці, іх повязей з айч. мінуўшчынай. Аўтар кн. гіст.-публіцыстычных нарысаў «Чары даўніны» (1989). У 1990 апублікаваў пралог гіст.-прыгодніцкага рамана «Здарэнне на Віленскім тракце». На бел. мову пераклаў кн. З.В. і С.​Ф.​Шыбекаў «Мінск. Старонкі жыцця дарэвалюцыйнага горада» (1994). Адшукаў у архіве і ў 1997 апублікаваў нар. драму М.​Чарота «На Купалле», якая лічылася страчанай.

Тв.:

Сялянскія хваляванні на Іўеўшчыне // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1980. № 2;

Сялянскі рух у сярэдзіне XIX ст. // Тамсама. 1981. № 1;

«Чтоб люд пробуждался...» // Нёман. 1988. № 3;

Наш Менск, наш Минск // Тамсама. 1995. № 1;

3 пячаткай «Зямлі і волі» // Маладосць. 1989. № 3;

Калейдаскоп сталічнай даўніны // Полымя. 1991. № 4.

І.​У.​Саламевіч.

т. 6, с. 502

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)