ПСЕЎДАСЛО́НІКІ, ілжэслонікі (Anthribidae),

сямейства жукоў падатр. разнаедных. Каля 2,2 тыс. відаў. Пашыраны пераважна ў тропіках. Жывуць на травяністых раслінах, ствалах дрэў. На Беларусі 6 відаў, найб. трапляюцца П. вялікі, або слонік-пласкахобатнік (Platyrrhinns resinosus), і П. белаваты, або антрыб плямісты (Anthribus albinus).

Даўж. да 40 мм. Цела валікападобнае, галаватрубка кароткая, шырокая. Вусікі некаленчатыя, нітка- або пацеркападобныя. Ад слонікаў адрозніваюцца наяўнасцю верхняй губы і будовай вусікаў. Дарослыя жукі — драпежнікі (некат. лічынкі таксама), кормяцца шчытоўкамі, яйцамі артазід. Лічынкі кароткія, тоўстыя, белыя, з вял. галавой, кормяцца пераважна мёртвай, гнілой драўнінай лісцевых дрэў, некат. развіваюцца ў пладовых целах грыбоў-губ.

С.​Л.​Максімава.

Псеўдаслонікі: 1 — вялікі; 2 — белаваты.

т. 13, с. 100

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯЛЬМО́, лейкома,

рубцовае памутненне рагавой абалонкі вока. Бывае прыроджанае (запаленне рагавіцы ў перыяд унутрывантробнага развіцця) і набытае (вынік хвароб, траўмаў вачэй). Бяльмо можа займаць усю паверхню рагавіцы або яе частку. У залежнасці ад памераў і інтэнсіўнасці памутнення зрок значна пагаршаецца або поўнасцю страчваецца. Рагавая абалонка набывае белаваты колер з бліскучай паверхняй. Часта ў яе ўрастаюць крывяносныя сасуды. Лячэнне: рассысальная тэрапія, хірургічнае — кератапластыка.

Д.​М.​Марчанка.

т. 3, с. 404

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАНІ́Т (італьян. granito літар. зярністы),

магматычная поўнакрышт. горная парода, багатая крэменязёмам. Адна з найб. пашыраных у зямной кары кантынентаў. Складаецца ў асноўным з кварцу, каліевага палявога шпату (артаклаз, мікраклін), кіслага плагіяклазу і слюды (біятыт, мускавіт). Структура раўнамерназярністая ці парфірападобная. Тэкстура масіўная. Колер ружовы, шэры, жоўты, белаваты, зеленаваты. Шчыльн. 2530—2720 кг/м³. Трываласць на сцісканне да 300 МПа. Існуюць 2 генет. групы граніту: магматычныя, якія ўзніклі ў працэсе крышталізацыі (расплавы) і ўтвораныя ў працэсе гранітызацыі. Адрозніваюць уласна граніт (10—60% плагіяклазу), гранадыярыт (65—90%) і плагіяграніт (больш за 90%). На Беларусі граніт пашыраны сярод парод крышт. фундамента. Выкарыстоўваецца як буд. і абліцовачны матэрыял.

У.​Я.​Бардон.

Граніт.

т. 5, с. 407

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУЛАРО́З, птушак, бацылярны белы панос, бацылярная дызентэрыя,

інфекцыйная хвароба птушак групы сальманелёзаў.

Выклікаецца бактэрыямі з роду сальманела і пашкоджвае кішэчнік і інш. ўнутр. органы птушанят і яечнікі дарослых птушак. Хварэюць на П. куры, індычкі, перапёлкі, цяцеркі, канарэйкі, галубы і інш.

Крыніца інфекцыі — хворыя птушаняты і дарослыя птушкі-сальманеланосьбіты, якія выдаляюць узбуджальніка з памётам, яйцамі, спермай. Інфекцыя перадаецца з кормам і піццём, праз паветра, пры апладненні. Цячэнне хваробы ў куранят вострае, падвострае і хранічнае. Назіраецца прыгнечанасць, санлівасць, адсутнасць апетыту, павышаная т-ра (да 44 °C), белаваты светлы панос, апярэнне ўскудлачана, крылы звісаюць. У дарослых птушак П. хранічны, бессімптомны, пры ўскрыцці назіраюцца дэфармацыя і перараджэнне фалікулаў яечніка. Смяротнасць куранят 60—70%, кур 30—40%. Магчыма захворванне чалавека пры спажыванні ў ежу заражаных мяса і яец.

Пулароз куранят.

т. 13, с. 120

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)