Камітэты беднаты 3/586; 5/311; 6/185; 9/292

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

КАМІТЭ́ТЫ БЕДНАТЫ́, камбеды,

органы вясковай беднаты, надзвычайныя органы сав. улады на вёсцы ў 1918—19. Ствараліся паводле дэкрэта ВЦВК і СНК РСФСР ад 11.6.1918 «Аб арганізацыі і забеспячэнні сялянскай беднаты». На Беларусі К.б. пачалі стварацца ў канцы чэрв. 1918 на неакупіраванай герм. войскамі тэр. Віцебскай (6 паветаў), Магілёўскай (11) і Мінскай (6) губ. Да ліст. 1918 тут створана больш за 7 тыс. К.б. Асн. іх задачы: размеркаванне хлеба, прадметаў першай неабходнасці, с.-г. інвентару; садзеянне харчовым атрадам у канфіскацыі лішкаў збожжа ў заможных сялян. Пазней К.б. сталі займацца мабілізацыяй сялян, аказаннем дапамогі Чырв. Арміі, барацьбой з дэзерцірамі. Яны арганізоўвалі таксама школы, хаты-чытальні, б-кі, распаўсюджвалі сав. перыядычныя выданні. 6—9.11.1918 6-ы Усерас. з’езд Саветаў прыняў Пастанову «Аб ліквідацыі камітэтаў беднаты і перавыбарах валасных і сельскіх Саветаў». У неакупіраваных паветах Магілёўскай і Віцебскай губ. пачаліся перавыбары; на вызваленай да гэтага часу тэр. Магілёўскай, Віцебскай і Мінскай губ. ствараліся рэўкомы, адначасова на працягу 1919 тут арганізоўваліся і камбеды. Вынікам дзейнасці К.б. было ўмацаванне на вёсцы бяднейшых і серадняцкіх гаспадарак, аслабленне пазіцый заможных сялян, змена парт. складу Саветаў на карысць РКП(б).

С.​Дз.​Жмуроўскі.

т. 7, с. 531

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Першы з’езд камітэтаў беднаты Заходняй вобласці 8/408

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Камбеды, гл. Камітэты беднаты

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

КАМБЕ́ДЫ,

скарочаная назва камітэтаў беднаты.

т. 7, с. 505

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САНКЮЛО́ТЫ (франц. sans-culottes ад sans без + culotte кароткія штаны),

тэрмін часоў Французскай рэвалюцыі 1789—99. Першапачаткова С. арыстакраты зняважліва называлі прадстаўнікоў гар. беднаты, якія насілі доўгія штаны з грубай матэрыі (у адрозненне ад дваран і буржуа, якія насілі кароткія штаны з шаўковымі панчохамі); пазней (асабліва ў час якабінскай дыктатуры 1793—94) тэрмін «С.» быў саманазвай радыкальных рэвалюцыянераў.

т. 14, с. 155

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФЛАГЕЛА́НТЫ [ад лац. flagellans (flagellantis) які бічуецца],

рэлігійныя аскеты-фанатыкі, якія прапаведавалі публічнае самабічаванне дзеля выкуплення ад грахоў. Рух узнік у 13 ст. сярод гар. беднаты Італіі як пратэст супраць каталіцкай царквы, прыгнёту феадалаў і безупынных войнаў, потым пашырыўся ў інш. краінах Зах. Еўропы. Ф. былі абвешчаны ератыкамі, іх жорстка праследавалі, і ў 15 ст. яны паступова зніклі.

т. 16, с. 422

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІПАНА́КТ (Hippōnax; каля 540 да н.э., г. Эфес, Грэцыя — ?),

старажытнагрэчаскі паэт. Выгнаны тыранамі з Эфеса, пасяліўся ў Клазаменах. Жыў у галечы. Яго вершы (захаваліся фрагменты) адлюстроўвалі жыццё гар. нізоў, беднаты. Мова вершаў блізкая да жывой народнай. Уся творчасць Гіпанакта прасякнута іроніяй і самаіроніяй; іранічна гучыць і сам верш, які нібыта «прыпадае» на апошнюю стапу: гэты вершаваны памер атрымаў назву халіямб (кульгавы ямб). Гіпанакт лічыцца яго вынаходцам.

Г.​В.​Сініла.

т. 5, с. 253

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШАМЕ́Т (Chaumette) П’ер Гаспар (у час рэвалюцыі прыняў імя Анаксагор; 24.5.1763, г. Невер, Францыя — 13.4.1794),

дзеяч Французскай рэвалюцыі 1789—99, левы якабінец. Са снеж. 1792 пракурор Парыжскай камуны 1789—94. Дамагаўся ўвядзення ўзмоцненага падаткаабкладання багацеяў, ліквідацыі беспрацоўя, павышэння зарплаты рабочым. Узначаліў выступленне парыжскай беднаты 4—5.9.1793, якое падштурхнула Канвент увесці цвёрдыя цэны (максімумы) на прадукты першай неабходнасці. Абвінавачаны М.Рабесп’ерам у імкненні супрацьпаставіць Камуну Канвенту і пакараны смерцю (гільяцінаваны).

т. 17, с. 365

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕДНЯ́К»,

штодзённая сялянская газета. Выходзіла з 25.9.1918 да жн. 1919 на рус. мове напачатку ў Смаленску як выданне Паўн.-Зах. абл. к-та РКП(б), з 25.2.1919 у Мінску як орган ЦБ КП(б)Б, з 12.3.1919 орган ЦК і Мінскага губ. к-та КП(б) Літвы і Беларусі. Асвятляла жыццё Сав. краіны, падзеі грамадз. вайны, друкавала матэрыялы пра дзейнасць к-таў беднаты, сельскіх камуністаў. Частка тыражу засылалася ў акупіраваныя Польшчай раёны Беларусі. Мела рубрыкі: «Па Расіі», «За рубяжом», «У ворагаў Савецкай улады», «Чырвоная Армія» («Чырвоны фронт»), «Вясковае жыццё» і інш.

т. 2, с. 371

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)