Бацькаў Т. Ф. 11/617

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ПОЛ,

сукупнасць марфалагічных, фізіялагічных, біяхімічных і інш. адзнак арганізма, якія абумоўліваюць узнаўленне падобнага да сябе. Уласцівы ўсім жывым арганізмам. Асобіны з процілеглымі адзнакамі здольны злівацца адна з адной (некат. аднаклетачныя водарасці) або прадуцыраваць гаметы розных тыпаў, якія пры зліцці ўтвараюць зіготу (большасць раслін і жывёл). З зіготы развіваецца новы арганізм; ён мае 2 адзінарныя (матчын і бацькаў) наборы храмасом гамет, што забяспечвае працэс генет. рэкамбінацыі і спрыяе натуральнаму адбору больш прыстасаваных форм. Гэта з’яўляецца асн. перавагай палавога размнажэння перад бясполым размнажэннем.

Р.​Г.​Заяц.

т. 12, с. 449

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІКІ́ТА (Віктар Васілевіч) (н. 25.4.1955, г. Гродна),

бел. мастак. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1979). У 1981—86 выкладаў у ім. Працуе пераважна ў станковай (творы па матывах паэм Я.​Купалы «Курган», «Адвечная песня», 1982; серыі паводле зб. У.​Караткевіча «Мая Іліяда», 1983; «Гродна — горад мой старажытны...», 1988 і інш.) і кніжнай (іл. да кніг «Мудрыя дарадцы», 1983; «Жывая вада», 1985, «Палескія легенды», 1986, А.​Грачанікава; «Санеты і трагедыі» У.​Шэкспіра, 1989; «Скарына на Градчанах» А.​Лойкі, 1990; «Чортаў скарб» У.​Караткевіча, 1995; да серыі «Французскія народныя казкі», 1997) графіцы, а таксама ў жывапісе («Падзенне Ікара», 1993; «Горад мой старажытны», 1995; «Легенда Свіцязі», «Край мой родны», абодва 1999, і інш.) і камбінаванай тэхніцы («Зніклыя цывілізацыі», 1994; «Графіка мора», «Графіка лесу», «Бацькаў кошык», усе 1999). Работы М. адметныя метафарычнасцю, сімволіка-алегарычнымі матывамі, асацыятыўнасцю.

В.Мікіта. Ілюстрацыя да кнігі А.​Лойкі «Скарына на Градчанах». 1990.

т. 10, с. 356

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ЛКАЎ (Анатоль Валянцінавіч) (25.11.1908, г. Пенза, Расія — 21.12.1985),

бел. графік. Сын В.​В.​Волкава. Вучыўся ў Віцебскім маст. тэхнікуме (1925—30). У 1944—45 супрацоўнічаў у сатыр. выданні «Раздавім фашысцкую гадзіну», у 1945—80 у час. «Вожык». Працаваў у галіне выяўл. сатыры (карыкатура, плакат), кніжнай і станковай графікі, жывапісу. У яго сатыр. малюнках і карыкатурах дасканалая кампазіцыя, індывідуалізацыя, гіпербалічнае шаржыраванне сатыр. тыпажу («Партызанскі воз», «Лайдак на сенакосе» і інш.). Аформіў і ілюстраваў кнігі «Дрыгва» (1940) і «Новая зямля» (1949) Я.​Коласа, «Баранаў Васіль» А.​Куляшова (1941), «Мушка-зелянушка» М.​Багдановіча (1947, 1952), «Казка пра папа і работніка яго Балду» А.​Пушкіна (1950), «Выбраныя творы» М.​Гогаля (1952), «Аповесці» (1957) і «Міколка-паравоз» (1965) М.​Лынькова, зборнікі бел. нар. казак у апрацоўцы А.​Якімовіча «Каток — залаты лабок» (1955), «Бацькаў дар» (1957), «Людзей слухай, а свой розум май» (1980) і інш. Сярод станковых твораў: серыі акварэлей «Мінск і яго жыхары» (1958), «Юныя мінчане» (1968), «Дзеці 1920-х г.» (1969) і інш. Жывапісныя палотны: «Пчальнік» (1943), «Янка Купала на адпачынку» (1949), «Першага верасня» (1950), «Снежкі» (1957) і інш.

А.В.Волкаў. Першага верасня. 1950.

т. 4, с. 263

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫМЕ́ТНІК,

знамянальная часціна мовы, якая абазначае прыкметы прадметаў, з’яў і жывых істот. Паводле значэння падзяляюцца на якасныя і адносныя.

Якасныя выражаюць якасці і ўласцівасці прадметаў, маюць ступені параўнання. формы суб’ектыўнай ацэнкі і меры якасці («бялюсенькі», «гаркаваты», «страшэнны», «даўжэзны»), могуць утвараць поўную і кароткую формы («дужы», «дуж»), бываюць невытворныя («добры», «новы») і вытворныя («клапатлівы», «працавіты»), Адносныя паказваюць на прыкмету прадмета праз адносіны да інш. прадметаў, асоб, дзеянняў ці акалічнасцей («летні вечар», «дзіцячы смех»), пры вобразна-пераносным ужыванні лёгка пераходзяць у якасныя («жалезная воля», «братні прыём»), бываюць толькі вытворныя («зімовы», «спартыўны»), Разнавіднасць адносных — прыналежныя П., якія абазначаюць прыкмету паводле прыналежнасці прадмета пэўнай асобе ці жывой істоце («бацькаў кажух», «вавёрчына дупло»), Формы роду, ліку і склону П. залежаць ад роду, ліку і склону назоўніка, з якім яны звязаны ў сказе ці ў больш шырокім кантэксце. Паводле склонавых форм падзяляюцца на 3 тыпы скланення: ад’ектыўнае (поўныя формы адносных і якасных П.), змешанае (прыналежныя П., якія ў назоўным і вінавальным склонах маюць кароткую, а ва ўсіх астатніх склонах — поўную форму), нулявое (нязменныя П. — «касцюм беж»). Утвараюцца афіксальным (суфіксальным — «пчаліны»; прэфіксальным — «антываенны»; прэфіксальна-суфіксальным — «міжвідавы») спосабамі, асноваскладаннем («руска-беларускі»), асноваскладаннем у спалучэнні з суфіксацыяй («дробназярністы»), зрашчэннем кампанентаў («вышэйпамянёны»), У сказе выконваюць ролю азначэння ці выказніка.

Літ.:

Булахаў М.Г. Прыметнік у беларускай мове. Мн., 1964;

Шуба П.П. Сучасная беларуская мова: Марфаналогія. Марфалогія. Мн., 1987;

Сямешка Л.І., Шкраба І.Р., Бадзевіч З.І. Курс беларускай мовы. Мн., 1996.

А.​І.​Наркевіч.

т. 13, с. 72

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕЛЯШЧУ́К (Мікалай Міхайлавіч) (4.8.1947, в. Велікарыта Маларыцкага р-на Брэсцкай вобл. — 25.9.1996),

бел. мастак. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1976). Працаваў як жывапісец, графік, майстар экслібрыса. У творчасці імкнуўся паказаць непарыўную сувязь вытокаў нац. культуры і сучаснага мастацтва, спалучаў сюррэалістычную манеру выканання з вобразамі бел. нар. фальклору і этнаграфіі. Яго кніжная графіка адметная насычанасцю дэкар. дэталямі, фантаст. выявамі, арх. помнікамі, прадметамі побыту і адзення, гульнёй фактур і святлаценяў. Адмаўленне ад апавядальнасці ўласціва афармленню кніг «Бацькаў дар» (1984), «Прагны багацей», «Індыкала-Кудыкала» Р.​Барадуліна (абедзве 1986, залаты медаль біенале кніжнай іл. ў Браціславе 1989), «Казкі беларускіх пісьменнікаў» (1988), «Сымон-музыка» (1988—90) і інш. Графічныя прыёмы, пэўныя сюжэты часта пераносіў у станковы жывапіс, якому ўласцівы алегарычнасць, метафарычнасць маст. мовы, часам філас. асэнсаванне рэчаіснасці. Вял. ўвагу ў творах аддаваў спалучэнню фактуры фону, абстрактных элементаў з колеравымі і фігуратыўнымі, што паступова ўзмацнілася ў 1990-я г.: «Наведванне сядзібы Агінскага ў Залессі» (1978), «Памяці Максіма Багдановіча» (1981), «Матылькі тут не жывуць» (1982), «Бацька памёр» (1982—84), «Канец сезона туманаў», «Позняя восень» (1984), серыя «Казачны калейдаскоп» (1984—85), «Свята IV», «Хвіліна маўчання» (абодва 1989), «Гучанне музыкі нябёсаў» (1990), «Прагулка», «Калі цвіце язмін» (абодва 1991), «Метамарфозы» (1992), «Злашчасны вечар», «Люблю цябе сустракаць» (абодва 1994), «Спякотны вечар з вясёлкай на крэсле» (1995), «Вяртанне на Радзіму. Шоп-тур» (1996) і інш. Працаваў у станковай графіцы. Дзярж. прэмія Беларусі 1992.

Літ.:

Баразна М.Р. Беларуская кніжная графіка 1960—1990-х гг. Мн., 2001;

Каваленка В. Палёт над прасторай і часам // Мастацтва. 1997. № 8.

М.​Р.​Баразна.

М.Селяшчук. Злашчасны вечар. 1994.

т. 14, с. 316

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)