«Аповесць пра паход Батыя на Разань» 3/146
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
О́ЛАМАЎЦКАЯ БІ́ТВА 1241,
бітва, што адбылася 24 чэрв. каля г. Оламаўц (Маравія) паміж чэхамі і мангола-татарамі ў час іх паходу ў Зах. Еўропу. Пасля спусташэння Польшчы і перамогі над польска-ням. войскам каля Лягніцы мангола-татары пад камандаваннем Байдара (пляменнік Батыя) 9.6.1241 накіраваліся ў Багемію. На іх шляху стаяла крэпасць Оламаўц, якую абараняў моцны гарнізон на чале з чэш. ваяводам Яраславам. Узяць крэпасць з ходу не ўдалося. Пакінуўшы для яе аблогі частку сіл, захопнікі пачалі рабаваць краіну. 24 чэрв. Яраслаў вывеў сваё войска з крэпасці, нечакана атакаваў ворага і разграміў яго. О.б. з’явілася першым паражэннем мангола-татараў у Зах. Еўропе, пасля якога Байдар адступіў у Венгрыю на злучэнне з сіламі Батыя.
т. 11, с. 432
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУНКЭ́ (1208—1259),
4-ы вял. хан Мангольскай імперыі, унук Чынгісхана. Уступіў на прастол у 1251 пры падтрымцы Батыя пасля 3-гадовай барацьбы. Імкнуўся стварыць цэнтралізаваны дзярж. апарат. Пры М. заваяваны Іран і пачата заваяванне Паўд. Кітая. Памёр у час паходу ў Кітай.
т. 11, с. 26
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАХІ́ЙСКАЯ БІ́ТВА 1241.
Адбылася 11 крас. каля сяла Махі (Мухі) у паўн. Венгрыі ў час манг.-тат. нашэсця 1241—42 паміж войскамі хана Батыя (120 тыс. чал.) і венг. караля Белы IV (60 тыс. чал.). Батый выманіў венг. армію з крэпасці Пешт на адкрытую мясцовасць, дзе колькасную перавагу (асабліва ў конніцы) мелі мангола-татары, што забяспечыла яму перамогу. Бела IV выратаваўся ўцёкамі.
т. 10, с. 225
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВШЧЫЖ,
старажытнарускі горад (11 — 13 ст.) Чарнігаўскай зямлі (цяпер вёска ў Жукоўскім р-не Бранскай вобл., Расія). Упершыню ўпамінаецца ў летапісе пад 1142. З 1156 цэнтр удзельнага княства. У 1238 разбураны ў час нашэсця хана Батыя. Гарадзішча на мысе берага Дзясны складалася з дзядзінца, вакольнага горада, неўмацаванага пасада. У выніку раскопак выяўлены рэшткі мураванай царквы 12 ст., 2 драўляных абарончых вежаў, княжацкага палаца, жытлаў гараджан, знойдзены творы стараж.-рус. прыкладнога мастацтва.
т. 4, с. 298
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛАЎЦЫ,
руская назва зах. адгалінавання сярэдневяковага цюркамоўнага народа, вядомага ў Азіі як кіпчакі (кыпчакі), у Еўропе — як куманы (каманы). У 11 ст. прыйшлі з тэр. Паўн.-Зах. Казахстана ў стэпы Паўн. Прычарнамор’я і Каўказа. Падзяляліся на плем. саюзы на чале з ханамі. Займаліся качавой жывёлагадоўляй, жылі ў юртах. З 1055 рабілі спусташальныя набегі на Русь, Венгрыю, Візантыю. У 1223 пераможаны мангола-татарамі. Пры нашэсці Батыя (1237—43) адышлі ў Венгрыю, потым часткова ў Балгарыю. Апошнія групы П. канчаткова асіміляваны венграмі ў канцы 19 ст.
Літ.:
Плетнева С.А. Половцы. М., 1990.
т. 12, с. 451
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІКІ́ФАРАЎСКІ ЛЕ́ТАПІС,
помнік беларуска-літоўскага летапісання апошняй чвэрці 15 ст., спіс 2-й рэдакцыі Беларуска-літоўскага летапісу 1446. Перадае яго тэкст хоць і няпоўна (без пачатку і канца, з пропускамі ў сярэдзіне), але болей дакладна, чым інш. спісы. Заканчваецца апісаннем падзей у ВКЛ пасля смерці Вітаўта. «Пахвала Вітаўту» і «Летапісец вялікіх князёў літоўскіх» з «Аповесцю пра Падолле» ў гэтым спісе не зберагліся. Н.л. грунтуецца на скарочаным агульнарус. летапісе, у якім сцісла выкладаецца гісторыя Кіеўскай і Маскоўскай Русі, ВКЛ (канец 14—1-я трэць 15 ст). У ім змешчаны кароткія пагадовыя запісы, апавяданні пра значныя гіст. падзеі (паход Батыя на Русь, Неўская бітва 1240 і інш.). Упершыню апублікаваны ў 1898 С.Белакуравым, перавыдадзены М.Улашчыкам у Поўным зборы рускіх летапісаў (т. 35, 1980). Зберагаецца ў б-цы Рас. АН у С.-Пецярбургу.
В.А.Чамярыцкі.
т. 11, с. 342
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАЯ́СЛАЎ-ХМЯЛЬНІ́ЦКІ,
горад на Украіне, у Кіеўскай вобл., на р. Трубеж (прыток р. Дняпро). 30,2 тыс. ж. (1991). Прадпрыемствы харч. і лёгкай прам-сці. Пед. вучылішча. Гіст.-культ. запаведнік, 14 музеяў, у т. л. гіст., Нар. архітэктуры і побыту, хлеба.
Упершыню згадваецца ў дагаворы Русі з Візантыяй у 907. У 992 кіеўскі кн. Уладзімір Святаслававіч пасля перамогі над печанегамі пабудаваў тут крэпасць. У 2-й пал. 11—1-й пал. 13 ст. цэнтр Пераяслаўскага княства. У 1239 разбураны мангола-тат. войскамі Батыя. З 2-й пал. 16 ст. пачаў хутка расці як адзін з цэнтраў укр. казацтва. У 1630 каля П.-Х. казацка-сял. войска на чале з Тарасам Федаровічам перамагло польскую армію гетмана А.Каняцпольскага. Тут адбылася Пераяслаўская рада 1654. У 1754—59 у П.-Х. выкладаў укр. асветнік Р.С.Скаварада У 18—19 ст. горад — буйны гандл. і рамесніцкі цэнтр. У 1845 і 1849 тут жыў укр. паэт Т.Р.Шаўчэнка. У 2-ю сусв. вайну акупіраваны (1941—43) ням.-фаш. захопнікамі. Арх. помнікі: рэшткі пабудоў 10—11 ст. (замка. епіскапскага палаца, царквы і жылых дамоў), царква св. Міхаіла са званіцай (сярэдзіна 17 ст.), Узнясенскі манастыр з саборам (17—18 ст.), званіцай, будынкам калегіума, капліцай і пячорамі (усе 18 ст.).
т. 12, с. 292
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЙДУ́К (Мікола) (Мікалай Раманавіч; н. 29 5.1933, в. Кабылянка Беластоцкага ваяв., Польшча),
бел. пісьменнік, краязнавец, фалькларыст. Засл. дз. культуры Польшчы (1986). Скончыў БДУ (1959). У 1959—64 выкладчык бел. і рус. моў і літаратур, лац. мовы, у 1965—71 дырэктар Бельскага бел. ліцэя. У 1971—88 у штотыднёвіку «Ніва» (Беласток). Друкуецца з 1957. Працуе ў жанрах апавядання, эсэ, нарыса, выступае як публіцыст і крытык. Выдаў зб. вершаў і перакладаў «Ціш» (Беласток, 1988). Шмат увагі аддае гіст. тэматыцы. Барацьба нашых продкаў з татарамі і крыжакамі, эпоха Усяслава Чарадзея і Вітаўта, Давыда Гарадзенскага, Міндоўга, Ягайлы, напад Батыя і жыццё яцвягаў, заснаванне Бельска і змаганне супраць каталіцкай экспансіі, паўстанне 1863—64 на Беласточчыне і інш. — асн. тэмы кніг гіст. эсэ і апавяданняў «Трызна» (Мн., 1991), «Паратунак» (Мн., 1993). Апубл. каля 700 уласных запісаў бел. нар. песень з нотамі, краязнаўчы слоўнік Беласточчыны, сабраны і апрацаваны ім зб. казак і легенд «Аб чым шуміць Белавежская пушча» (Беласток, 1982). На польск. мове выдаў «Белавежскія паданні» (Беласток, 1990). Аўтар публіцыст. і крытычных артыкулаў, краязн. нарысаў, бел. падручнікаў для школ у Польшчы. Даследуе бел.-польскія культ. сувязі, бел. нар. каляндарна- і сямейна-абрадавую паэзію. Пераклаў на бел. мову кн. Калеві Касаля «Праваслаўныя набажэнствы, таінствы і звычаі» (Беласток, 1992), вершы польскіх паэтаў Л.Падгорскага-Аколава, Ц.Абрамовіча, Е.Плютовіча, Т.Маславецкага, А.Казлоўскай і інш., з лац. — М.К.Сарбеўскага. Складальнік зб. «Храм і верш: Праваслаўныя святыні Усходняй Польшчы і беларуская духоўная паэзія» (Беласток, 1993).
Тв.:
Белавежскія быліцы і небыліцы: Легенды, паданні. Мн., 1996;
Рус. пер. — Брестская уния 1596. Мн., 1996.
І.У.Саламевіч.
т. 4, с. 438
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯДО́ВАЕ ПАБО́ІШЧА 1242,
бітва паміж наўгародскім войскам і рыцарамі ням. Лівонскага ордэна на лёдзе Чудскога воз. 11 красавіка. Выкарыстаўшы аслабленне Русі з-за мангола-тат. нашэсця хана Батыя, ням. крыжакі, дацкія і шведскія феадалы ўзмацнілі націск на паўн.-зах. землі суседзяў. Шведы былі разгромлены ў вусці р. Нява (гл. Неўская бітва 1240); у гэтым жа годзе крыжакі захапілі Ізборск і Пскоў. На землях племя водзь (Водская пяціна) яны пабудавалі крэпасць Капор’е, адкуль рабілі набегі на Наўгародчыну. У 1241 наўгародскі кн. Аляксандр Неўскі, сабраўшы войска з наўгародцаў, ладажан, іжорцаў і карэлаў, выбіў лівонцаў з Капор’я і зруйнаваў крэпасць; потым штурмам узяў Пскоў, адкуль рушыў на землі ордэна. Крыжакі выступілі насустрач з раёна Дэрпцкага біскупства. Частка іх войска накіравалася да Ізборска, асн. сілы — да Пскоўскага возера. Даведаўшыся пра напрамкі руху рыцараў, Аляксандр Неўскі павярнуў сваё войска да Узмені (самае вузкае месца, дзе злучаюцца Чудское і Пскоўскае азёры) і размясціўся насупраць в. Варонін Камень. Умела выкарыстоўваючы мясцовасць і колькасную перавагу (наўгародскае войска налічвала 15—17 тыс. чал.) і ведаючы тактыку лівонцаў (наступленне «клінам» або т.зв. «свіннёй»), кн. Аляксандр Неўскі б. ч. сваіх сіл паставіў на флангах, княжацкую дружыну схаваў у засадзе. Рыцарскае войска (10—12 тыс. чал.), узмоцненае атрадамі эстаў (чудзі), на досвітку 11 крас. прарвала цэнтр абароны наўгародцаў, дзе стаялі пешае апалчэнне і перадавы полк. Потым крыжакі ўступілі ў схватку з добра ўзброенай пяхотай і конніцай, што размяшчаліся на флангах. Пазбаўленыя магчымасці манеўра, яны не змаглі развіць поспех. Удар засаднай княжацкай дружыны спрыяў канчатковаму акружэнню рыцараў і разгрому іх. Л.п. — адна з выдатных бітваў сярэдневякоўя, якая ў значнай меры прыпыніла экспансію крыжакоў на У (гл. Крыжовыя паходы супраць славян і балтаў у 12—15 ст.).
т. 9, с. 419
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)