ПО́ЛАЎЦЫ,

руская назва зах. адгалінавання сярэдневяковага цюркамоўнага народа, вядомага ў Азіі як кіпчакі (кыпчакі), у Еўропе — як куманы (каманы). У 11 ст. прыйшлі з тэр. Паўн.-Зах. Казахстана ў стэпы Паўн. Прычарнамор’я і Каўказа. Падзяляліся на плем. саюзы на чале з ханамі. Займаліся качавой жывёлагадоўляй, жылі ў юртах. З 1055 рабілі спусташальныя набегі на Русь, Венгрыю, Візантыю. У 1223 пераможаны мангола-татарамі. Пры нашэсці Батыя (1237—43) адышлі ў Венгрыю, потым часткова ў Балгарыю. Апошнія групы П. канчаткова асіміляваны венграмі ў канцы 19 ст.

Літ.:

Плетнева С.А. Половцы. М., 1990.

т. 12, с. 451

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)