БАРХАТКО́Ў Антон Стафанавіч

(н. 17.1.1917, в. Шчаглоўка Касцюковіцкага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. жывапісец. Засл. дз. мастацтваў Беларусі (1991). Скончыў Маскоўскае маст. вучылішча памяці 1905 г. (1940; пед. М.Крымаў і П.Пятровічаў), вучыўся ў Маскоўскім маст. ін-це імя В.Сурыкава (1944—48, пед. С.Герасімаў, П.Пакаржэўскі, Д.Мачальскі), працаваў у майстэрні В.Бялыніцкага-Бірулі (1945—47). Бархаткоў — майстар рэаліст. жывапісу. У пейзажных і тэматычных палотнах адчуваецца ўплыў мастацтва перадзвіжнікаў. У работах — яркасць уражання ад прыроды, маляўнічае бачанне свету, жыццесцвярджальная гама фарбаў — простая філасофія быцця. Працуе ў жанры лірычнага пейзажа, партрэта і тэматычнай карціны. Асн. творы: «Раніца на беразе ракі» (1943), «Партрэт В.К.Бялыніцкага-Бірулі» (1946), «Вясна на Нёмане», «Поўдзень на сенажаці» (абодва 1960), «Статак» (1962), «Вечар на Бярэзіне» (1969), «Бэз» (1970), «Дарога ў Вязынку» (1972), «Перад Новым годам. Снежань» (1976), «Стажок», «Позняя восень» (абодва 1978), «Зямля беларуская» (1980), «Возера» (1983), «Апошні прамень» (1985), «Залатая восень» (1986), «Восеньскі нацюрморт» (1992), «Восень. Лісце плыве» (1993), «Канец сакавіка. Алея» (1994) і інш.

Літ.:

А.С.Бархаткоў: [Альбом]. Мн., 1983;

Дробаў Л.М. Антон Бархаткоў. Мн., 1988.

Г.А.Фатыхава.

т. 2, с. 322

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРХАТКО́Ў Вітольд Антонавіч

(н. 30.3.1948, Масква),

бел. мастак. Скончыў Бел. дзярж. тэатр.-маст. ін-т (1976). Сын А.С.Бархаткова. Піша пейзажы, партрэты, нацюрморты. Галоўнае ў творчасці — колеравая гама, эмацыянальнасць. Раннія работы напісаны ў імпрэсіяністычнай манеры, што адбілася і на далейшай творчасці. Сярод работ: «Каля возера» (1963), «Вёска» (1968), «Восень», «Партрэт дзяўчыны» (абодва 1971), «Вясновы дзень» (1972), «Нацюрморт з рыбай» (1974), «Новы дом» (1976), «Бэз» (1982), «Князь Ігар на рускай зямлі» (1985), «Вязынка» (1987), «На Бярэзіне» (1989), «Арлекіна» (1992), «Саванна» (1994) і інш. З 1990 жыве ў ЗША.

Г.А.Фатыхава.

т. 2, с. 323

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРХАТКО́Ў Ігар Антонавіч

(н. 5.1.1958, Мінск),

бел. жывапісец. Сын А.С.Бархаткова. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1984). У 1984—87 вучыўся ў Творчых акад. майстэрнях у М.Савіцкага. Творы вызначаюцца грамадзянскасцю, філасафічнасцю і глыбінёй пачуццяў. Асн. жанры — пейзаж і карціна, у якіх гал. месца займае духоўны аспект нашай мінуўшчыны («Царква ў Халмах», 1981; «Вясна на Нёмане», 1979; «Старая лесвіца», 1982; «Інтэр’ер Дома-музея Якуба Коласа ў Смольні», 1981; «Бацька і сын», 1984; «Аплакванне», 1985; «Памяці Юрыя Смірнова», 1986; «Сакавік. Закінутая вёска», «Юнацтва Скарыны», абодва 1990; «Святар», «І буду Вам бацькам, і Вы будзеце маімі Сынамі...», «Іверская Маці Божая», усе 1991; «Забыты крыж», «Вечар», «Лістапад», усе 1992); нізка твораў з в. Млева, 1990-я г.

Г.А.Фатыхава.

т. 2, с. 323

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)