Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Баравая Буда (в.) 2/130; 5/447 (к.)
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
БАРАЎСКІ́ ЛЕСАПІ́ЛЬНЫ ЗАВО́Д.
Дзейнічаў на Беларусі ў 1902—14 у в.Баравая Клімавіцкага пав. (цяпер вёска ў Касцюковіцкім раёне Магілёўскай вобл.). Меў паравы рухавік (1908), рухавік (1910), паравую машыну і 12 электраматораў (1913). Вырабляў бочкі, дошкі, клёпкі пілаваныя і гонты (1908—13). У 1910 працавала 150 рабочых.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЎЧАЯ́ГАДА, воўчнік (Daphne),
род кветкавых раслін сям. ваўчаягадавых. Каля 70 відаў. Пашыраны ў Еўропе (пераважна ў Міжземнамор’і), Паўд.-Ўсх. Азіі, Гімалаях, Іране. На Беларусі ў цяністых вільготных хвойных і лісцевых лясах расце ваўчаягада звычайная, або воўчае лыка, воўчыя ягады (Daphne mezereum); ваўчаягада баравая (Daphne cneorum), трапляецца вельмі рэдка на Палессі ў хваёвых барах, занесена ў Чырв. кнігу Рэспублікі Беларусь. У Цэнтр.бат. садзе АН Беларусі інтрадукаваны ваўчаягада лаўровая (Daphne laureola) і алтайская (Daphne altaica).
Лістападныя ці шматгадовазялёныя кусты або невял. дрэўцы. Лісце чаргаванае, зрэдку супраціўнае, простае, прадаўгавата-ланцэтнае, кароткачаранковае. Кветкі ружовыя, белыя ці жаўтаватыя, у галоўчатых суквеццях або ў кароткіх гронках, рэдка па 2—5 у пазухах лісця ці адзіночныя, двухполыя, пахучыя. Плод — сакаўная ярка-чырвоная аднанасенная касцянка. Дэкар., тэхн. (фарбавальныя, дубільныя і камедзяносныя), лек. (плады і кара — вонкавы раздражняльны, ірвотны, слабіцельны, процігельмінтны і інш. сродак), меданосныя, ядавітыя (асабліва плады і кара) і інсектыцыдныя расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́НІНСКІ,
біялагічны заказнік рэсп. значэння ў Салігорскім р-не Мінскай вобл. і Жыткавіцкім р-не Гомельскай вобл.Засн. ў 1960 у цэнтр.ч.Бел. Палесся паміж р. Случ і Лань. Пл. 42 тыс.га. Нізінныя, пераходныя і вярховыя балоты ў спалучэнні з сухадольнымі, верасовымі, чарнічнымі і імшыстымі хвойнікамі. На нізінных балотах чорнаальховыя і пушыстабярозавыя лясы. Невял. колькасць дуброў з прымессю ясеню і грабу. Водзяцца лось, казуля, дзік, ліс, янотападобны сабака, заяц-русак; баравая дзічына, вадаплаўныя і балотныя птушкі. Рэакліматызаваны рачны бабёр, рассялілася андатра. Шмат жывёл, занесеных у Чырв. кнігу Беларусі (чарапаха балотная, зімародак звычайны, пугач, бугай вялікі, бусел чорны і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРА́ЦКАЯ МАГІ́ЛА,
масавае пахаванне загінуўшых у ходзе ваен. дзеянняў ці памерлых ад ран воінаў, партызан, а таксама ваеннапалонных і мірных жыхароў. Адразу пасля баёў пахаванні ў брацкіх магілах ажыццяўлялі аднапалчане загінуўшых з выкананнем пэўнага рытуалу і ваен. ушанаванняў, ставілі сціплыя помнікі з даступных матэрыялаў. У шэрагу выпадкаў з некалькіх брацкіх магіл стваралі ваен. могілкі, рабілі і адзіночныя пахаванні. Шырока вядома брацкая магіла ў Севастопалі, дзе пахаваны рус. воіны, якія загінулі пры абароне горада ў Крымскую вайну 1853—56. Пасля Вял.Айч. вайны ў некаторых месцах рабіліся перапахаванні з адзіночных магіл у брацкія, ставілі помнікі, стваралі мемарыялы. Першы помнік на брацкай магіле сав. воінам пастаўлены ў 1945 у Кёнігсбергу (цяпер Калінінград, Расія). Найб. вядомы брацкія магілы ў Берліне (Трэптаўпарк), С.-Пецярбургу (Піскароўскія могілкі), Луганску, Севастопалі, Керчы (Украіна) і інш. На Беларусі 5575 брацкіх магіл. Найб. масавыя пахаванні: у Мінску каля былой в. Масюкоўшчына (больш за 80 тыс.чал.), у в.Баравая Мінскага р-на (30 тыс.чал.), на ст. Лясная Баранавіцкага р-на (50 тыс.чал.). Ахоўваюцца дзяржавай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́ЛІ (англ. rally літар. злёт, збор),
комплексныя спаборніцтвы на аўтамабілях (аўтаралі) ці матацыклах (мотаралі) на рэгулярнасць руху па зададзеным маршруце; адзін з тэхнічных відаў спорту. У праграму Р. ўключаюцца таксама дадатковыя скарасныя спаборніцтвы: гонкі па шашы, дарожках іпадрома, участках горных дарог, па фігурным ваджэнні і інш. Звычайна дыстанцыя Р. 1—2 тыс.км, колькасць дадатковых спаборніцтваў 20—40. У Р. выкарыстоўваюцца пераважна серыйныя аўтамабілі з некат. канструктыўнымі зменамі.
Першыя спаборніцтвы тыпу Р. адбыліся ў 1894 па маршруце Парыж—Руан—Парыж. Міжнар. спаборніцтвы «Р. Монтэ-Карла» праводзяцца з 1911. З 1940-х г. Р. найб. пашыраны ў Аўстрыі. Вялікабрытаніі, Германіі, Італіі, Фінляндыі, Францыі, Швецыі і інш. краінах. Найбуйнейшыя міжнар. Р.: — «Парыж—Дакар», «1000 азёр» (у Фінляндыі), «Руская зіма» (у Расіі) і інш. Асабістыя чэмпіянаты Еўропы праводзяцца з 1953, першынствы свету — з 1972.
На Беларусі спаборніцтвы па Р. практыкуюцца з 1960-х г. (акрамя 1992—99). Федэрацыя аўтамаб. спорту працуе з 1992. У 1997 У Мінскай вобл. праведзены этап міжнар. Р. «Парыж—Краснаярск» і дадатковая (карусельная) гонка на трасе «Баравая». Штогод адбываюцца рэсп. летнія і зімовыя спаборніцтвы. Гл. таксама Аўтамабільны спорт.