НАБА́Т (араб. барабанны бой),

1) сігнал трывогі з выпадку якога-н. бедства, які падаецца пры дапамозе звона.

2) Вялікі барабан у войсках Стараж. Русі.

т. 11, с. 87

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАХО́Д,

1) сукупнасць дзеянняў арміі (флоту), якія ўключаюць перамяшчэнне войск (караблёў) на вял. адлегласці, уварванне на тэр. праціўніка, вядзенне баёў і бітваў. У мінулым П. складаў пэўны этап вайны (кампаніі) або вайну ў цэлым. У гісторыі войнаў П. вядомы са старажытнасці. іх учынялі Аляксандр Македонскі, Юлій Цэзар, кіеўскія князі, Алег, Ігар, Святаслаў Ігаравіч, князі ВКЛ Альгерд і Вітаўт (гл. Паходы Альгерда на Маскву 1368—72, Паходы Вітаўта на Смаленск 1395—1404), рас. палкаводзец А.​В.​Сувораў (гл. Швейцарскі паход Суворава 1799). З шэрагу П. складаліся Напалеонаўскія войны і інш., а таксама паходы Тэўтонскага ордэна на Беларусь. Вядомы марскія П., у т. л. славян у Візантыю, нарманаў у 8—11 ст. і інш. У наш час тэрмін «П.» захаваўся толькі ў ВМФ, дзе яны бываюць вучэбныя (штурманскія, збор-паходы і інш.) і баявыя.

2) У старой рас. арміі II. — асобы барабанны бой (марш), як ушанаванне выдатных ваен. дзеянняў. У кожным гв. палку, які вызначыўся ў баях, быў свой «гвардзейскі П.».

т. 12, с. 238

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДБО́РШЧЫК,

прычапная машына для падбірання з поля сена, саломы, ільняной трасты і інш. пры ўборцы с.-г. культур.

Падборшчык-капаклад выкарыстоўваецца для падбірання сена або саломы з валкоў і ўкладкі копаў. Рабочыя органы — падборшчык барабаннага тыпу, транспарцёр і камера-капноўшчык. Падборшчык-стогаскладальнік прызначаны для падбірання сена або саломы з валкоў і ўтварэння стога. Мае падборшчык барабаннага тыпу, вентылятар-шпурлялку, прасавальную камеру, падпрасоўваючы апарат. Падборшчык-ушчыльняльнік падбірае з валкоў салому, сена, правяленую траву і грузіць яе ў трактарны прычэп з адначасовым ушчыльненнем масы. Мае барабанны падборшчык, біцер з зубамі, загружальны механізм грабельнага тыпу, загружальны канал. Прэс-падборшчык падбірае з валкоў сена або салому, прасуе іх у цюкі прамавугольнай ці цыліндрычнай формы, абвязвае цюкі шпагатам або дротам Выкарыстоўваецца і ў стацыянарных умовах пры падачы сена (саломы) уручную. Аснашчаны падборшчыкам барабаннага тыпу, двума ўпакоўшчыкамі (механізмамі падачы масы), прасавальнай камерай, вязальным апаратам. Падборшчыкі трасты падбіраюць з рассцеленай на зямлі стужкі льняную трасту або абмалочаную салому і вяжуць яе ў снапы; падборшчык бавоўны падбірае бавоўну-сырэц, якая ўпала на зямлю, і часткова ачышчае яе, збірае ў бункер і перагружае ў трансп. сродак.

В.​М.​Кандрацьеў.

Тэхналагічныя схемы падборшчыкаў: а — прэс-падборшчык сена поршневага тыпу (1 — падборшчык, 2 — загрузчык, 3 — поршань, 4 — вязальны апарат, 5 — механізм ушчыльнення цюка); б — прэс-падборшчык сена барабаннага тыпу (1 — падборшчык, 2 — вязальны апарат, 3 — прасавальны механізм — транспарцёр, 4 — вальцы); в — падборшчык ільносаломы і трасты (1 — падбіральны барабан, 2 — комлепадбівальнік, 3 — Вязальны апарат, 4 — сноп).

т. 11, с. 487

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)