БАНКІ́РСКІ ДОМ,

прыватнае банкаўскае прадпрыемства асобнага банкіра ці групы банкіраў (партнёраў), аб’яднаных у т-ва з неабмежаванай адказнасцю. Узніклі ў 14 ст. ў Італіі як прадпрыемствы ліхвярскага капіталу. Пры капіталізме на аснове спалучэння гандл. і банкаўскіх аперацый сталі першай арганізацыйнай формай банкаўскага крэдыту. Пазней банкірскія дамы фактычна ператварыліся ў банкі, хоць і захавалі ранейшую назву. У працэсе канцэнтрацыі банкаў колькасць іх зменшылася: у свеце захавалася каля 200 банкірскіх дамоў, з іх самыя вядомыя ў ЗША, Вялікабрытаніі і Германіі. Некаторыя банкірскія дамы сталі цэнтрамі фінансава-манапал. груп, звязаны з многімі акц. прадпрыемствамі, кампаніямі і банкамі праз сістэму ўдзелу і валодання кантрольным пакетам акцый. На Беларусі з’явіліся ў канцы 19 ст., але пашырэння не атрымалі.

В.​Ф.​Дашкевіч.

т. 2, с. 282

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МО́РГАНЫ (Morgan),

адна са старэйшых і найбуйнейшых фін. груп ЗША. Узнікла ў канцы 19 ст. Уяўляе сабой вялізную кааліцыю банкаўскіх і прамысл. манаполій, звязаных сістэмай удзелу, асабістай уніяй і фін. сувязямі. Кіруючым цэнтрам фін. групы да 2-й сусв. вайны з’яўляўся банкірскі дом «Дж.​П.​Морган энд К°» у Нью-Йорку. Сферы ўплыву кааліцыі: банкаўская справа, апрацоўчая прам-сць, чыг. транспарт. Вядучыя фін. ін-ты: камерцыйны банк «Морган гаранты траст компані», інвестыцыйны банк «Морган Стэнлі». Кантралююць каля 50% актываў страхавых кампаній «Прудэншэл», «Нью-Йорк лайф», сетку інвестыцыйных банкаў, прамысл. карпарацыі «Юнайтэд Стэйтс стыл», «Джэнерал электрык», «Джэнерал мотарс».

Т.Морган.

т. 10, с. 521

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАБУШЫ́НСКІЯ,

дынастыя рас. прамыслоўцаў, банкіраў і паліт. дзеячаў. Заснавальнік М.​Я.​Рабушынскі быў вядомы з 1840-х г. як уладальнік тэкст. фабрык у Маскве і Калужскай губ. У канцы 19 — пач. 20 ст. валодалі шматлікімі баваўнянымі, шклянымі, ільноапрацоўчымі, папяровымі і паліграф. прадпрыемствамі ў розных губ.; у гады 1-й сусв. вайны набылі шэраг прадпрыемстваў лясной і металаапрацоўчай прам-сці, пачалі будаваць аўтамаб. завод. У 1900 падпарадкавалі сабе Харкаўскі пазямельны банк, у 1902 засн. Банкірскі дом братоў Р. (з 1912 Маскоўскі банк). Адыгрывалі вядучую ролю ў прадпрымальніцкіх арг-цыях Расіі. З Р. найб. вядомы ўнук М.​Я.​Рабушынскага Павел Паўлавіч (30.6.1871, Масква — 19.7.1924), саўладальнік і кіраўнік (з 1900) «Т-ва мануфактур П.​М.​Рабушынскага з сынам», Маскоўскага банка, «Т-ва друкарань П.​П.​Рабушынскага», акцыянер многіх кампаній. У 1905—06 чл. ЦК партыі акцябрыстаў. З 1906 уваходзіў у кіраўніцтва партыі мірнага абнаўлення, з 1912 — прагрэсістаў. У 1915 ініцыятар стварэння і старшыня маскоўскага Ваен.-прамысл. к-та. Падтрымаў Карнілава мяцеж 1917. З 1919 у Францыі.

т. 13, с. 189

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)