Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
БА́НДЖА (англ. banjo),
струнны шчыпковы інструмент. Напачатку мела драўляны, пазней метал. корпус у выглядзе бубна са скураной (цяпер пластыкавай) мембранай, доўгую шыйку з грыфам без ладоў (цяпер з ладамі), галоўку з калкамі, 4—9 жыльных (пазней металічных) струн. Гук рэзкі, востры, з шаргаценнем, хутка згасае, здабываецца пераважна плектрам. Завезена з Зах. Афрыкі ў ЗША каля 17 ст. Выкарыстоўвалася для акампанементу і сольнай ігры, пазней у традыц.джазе. У канцы 19 — пач. 20 ст. з’явіліся разнавіднасці банджа — пікала, тэнар, бас і яго мадыфікацыі — банджа-укулеле, банджа-мандаліна, банджа-гітара (падобныя да банджа колькасцю струн і настройкай).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІГ-БЭ́НД (англ. big band),
тып аркестра класічнага джаза. Склаўся ў канцы 1920-х г. у ЗША. Звязаны са стылем свінг. У адрозненне ад інш. тыпаў джаз-аркестраў мае функцыянальны падзел інструментаў на секцыі: рытмічную (банджа, духавы ці струнны бас, ударныя, фп.) і меладычную (групы труб, саксафонаў, трамбонаў). Сярод найб. вядомых біг-бэндаў аркестры Ф.Хендэрсана, Дз.Элінгтана, Дж.Лансфарда, Б.Гудмена, Т.Дорсі, А.Шоу, Ч.Уэба, К.Бейсі (ЗША), Л.Уцёсава, А.Лундстрэма, Г.Гараняна, А.Крола (Расія), К.Арбеляна (Арменія). На Беларусі ў канцы 1939 — пач. 1940-х г. працаваў Дзярж. джаз-аркестр БССР пад кіраўніцтвам Э.Рознера.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЛЮЗ (англ. blues ад blue devils меланхолія, журба, смутак),
сольная лірычная песня амер. неграў. Вядомы з 2-й пал. 19 ст. У 1920-я г. сфарміраваўся т.зв. класічны, або гарадскі, блюз. Сярод муз. асаблівасцяў блюза — сінкопы, слізганне, нефіксаваныя паніжэнні ступеняў ладу (т.зв. «блюзавыя» інтанацыі), імправізацыйнасць выканання. Напачатку блюз выконваўся ў суправаджэнні банджа, гітары, пазней — фп. ці інстр. Ансамбля. Станаўленню блюза садзейнічала творчасць негрыцянскага кампазітара У.Хэндзі («Мемфіс-блюз», 1912; «Сент-Луіс-блюз», 1914, і інш.). Сярод выканаўцаў класічнага блюза — Ма Рэйні, Ч.Хіл, Б.Сміт, Д.Унтэрспун. Блюз паўплываў на фарміраванне джаза і поп-музыкі. Элементы блюза выкарыстоўвалі кампазітары Дж.Гершвін (ЗША), М.Равель (Францыя), Э.Кшэнек (Аўстрыя) і інш.
Літ.:
Конен В.Дж. Блюзы и XX век.: Пер. с англ.М., 1980.