ВАЛЕРЫ́
(Valéry) Поль (30.10.1871, г. Сет, Францыя — 20.7.1945),
французскі пісьменнік. Чл. Франц. акадэміі (1925). Аўтар паэм «Юная Парка» (1917), «Марскі могільнік» (1920), «Мой Фауст» (не скончана, 1941), паэт. зб-каў «Альбом старых вершаў» (1920), «Чары» (1922), драмы «Амфіён» (паст. 1931), літ.-філас. трактатаў «Вечар з панам Тэстам» (1896), «Ліст пані Эмілі Тэст» (1924), эсэ «Уводзіны ў сістэму Леанарда да Вінчы» (1895), «Становішча Бадлера» (1924), «Я часам гаварыў Стэфану Малармэ...» (1931), «Віктор Гюго...» (1935), «Усеагульнае вызначэнне мастацтва» (1935), «Паэзія і абстрактная думка» (1939), «Сшыткі» (т. 1—29, 1894—1945; выд. 1957—61), «Паэтычныя ўспаміны» (выд. 1947). Паэзіі Валеры ўласцівыя філас.-інтэлектуальная глыбіня, насычанасць міфалагічнай сімволікай, ускладненасць сінтаксісу, моўныя навацыі.
Тв.:
Рус. пер. — Избранное. М., 1936;
Об искусстве. М., 1976.
Літ.:
Балашова Т.В. Французская поэзия XX века. М., 1982.
Е.А.Лявонава.
т. 3, с. 480
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЗЭ́Н
(Bazin) Эрвэ (сапр. Жан П’ер Мары Эрвэ-Базэн; Hervé-Bazin; г. Анжэ, Францыя — 17.2.1996),
французскі пісьменнік. У 2-ю сусв. вайну ўдзельнік Руху Супраціўлення. З 1958 чл. Ганкураўскай акадэміі, з 1977 яе прэзідэнт. Аўтар паэт. зб-каў «Долі» (1933), «Дні» (1947), «Настроі» (1953) і інш. Бяздушнасць і ханжаства сем’яў, заснаваных на меркантыльных інтарэсах, іх бездухоўнасць, праблема бацькоў і дзяцей у цэнтры сатыр.-псіхал. трылогіі «Сям’я Рэзо» («Гадзюка ў кулаку», 1948; «Смерць коніка», 1950; «Крык савы», 1972), у цыкле «сямейных» псіхал. раманаў «У імя сына» (1960), «Сямейнае жыццё» (1967), «Анатомія аднаго разводу» (1975). У рамане «Уставай і ідзі» (1952) адлюстраваў трагічныя вынікі вайны. Раман «Масла ў агонь» (1954) — даніна натуралістычнай эстэтызацыі паталаг. выпадку. Аўтар дакумент. рамана «Шчасліўцы з вострава «Адчаю» (1970), філас. рамана «Зялёны храм» (1981), паліт. аповесці пра Чылі «І агонь паглынае агонь» (1978), зб. нататак і афарызмаў «Азбука» (1984) і інш.
Тв.:
Рус. пер. — Собр. соч. Т. 1—4. М., 1988.
Літ.:
Балашова Т. Эрве Базен и пути французского психологического романа. М., 1987.
т. 2, с. 223
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЭТО́Н
(Breton) Андрэ (18.2.1896, Тэншбрэ, дэпартамент Орн, Францыя — 28.9.1966),
французскі пісьменнік, адзін з заснавальнікаў сюррэалізму. Па прафесіі ўрач-псіхіятр. Удзельнік дадаісцкага руху (гл. Дадаізм). Тэкст «Магнітныя палі» (1919—20, з Ф.Супо) — першы эксперымент у галіне т.зв. «аўтаматычнага пісьма». У «Маніфесце сюррэалізму» (1924) сфармуляваў базавыя палажэнні сюррэалістычнай паэтыкі: «аўтаматычнае пісьмо», «запіс мрояў», «мроі наяве» і інш. спосабы вызвалення пішучага з-пад кантролю розуму. У «Другім маніфесце сюррэалізму» (1930) засяродзіўся на пытаннях арганізацыйнага, а не літ. характару. У 1938 сустракаўся ў Мексіцы з Л.Троцкім і заснаваў «Міжнародную федэрацыю незалежнага рэв. мастацтва». У час 2-й сусв. вайны жыў у ЗША, у 1946 вярнуўся на радзіму. Аўтар вершаваных зб-каў «Зямны свет» (1923), «Дыханне вады» (1934), рамана «Надзя» (1928), эсэ «Заўвагі пра паэзію» (1936, з П.Элюарам), кн. «Аркан 17» (1945), «Лямпа ў гадзінніках» (1948) і інш.
Тв.:
Рус. пер. — [Стихи] // Поэзия. М., 1990. № 57;
У кн.: Антология французского сюрреализма, 20-е годы. М., 1994;
Называть вещи своими именами: Программные выступления мастеров запад.-европ. лит. XX в. М., 1986.
Літ.:
Андреев Л.Г. Сюрреализм. М., 1972;
Балашова Т.В. Французская поэзия XX в. М., 1982;
Вирмо А. и О. Мэтры сюрреализма. СПб., 1996.
К.М.Міхееў.
т. 3, с. 302
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРАГО́Н
(Aragon) Луі (3.10.1897, Парыж — 24.12.1982),
французскі пісьменнік, паліт. дзеяч. Чл. Ганкураўскай акадэміі. Ганаровы д-р Маскоўскага і Пражскага ун-таў (1966). З 1915 вучыўся на мед. ф-це ў Парыжы. Удзельнік 1-й сусв. вайны, грамадзянскай вайны ў Іспаніі 1936—39, у 2-ю сусв. вайну — франц. Руху Супраціўлення. Раннія творы напісаны ў духу дадаізму (зб. вершаў «Феерверк», 1920; раман «Анісе, ці Панарама», 1921) і сюррэалізму (раман «Парыжскі селянін», 1926). На пачатку 1930-х г. перайшоў на пазіцыі рэалізму: зб-кі вершаў «Ура, Урал!» (1934), «Нож у сэрца» (1941), «Вочы Эльзы» (1942), цыкл раманаў «Рэальны свет» (1934—51), раман-эпапея «Камуністы» (т. 1—6, 1949—51, апошняя рэд. 1967—68), гіст. раман «Перадвелікодны тыдзень» (1958). Эпічны размах у спалучэнні з лірычнасцю і філас. роздумам характэрныя для раманаў «Пагібель усур’ёз» (1965), «Бланш, ці Забыццё» (1967), «Тэатр-раман» (1974). Апавяданні розных гадоў склалі зб. «Салгаць — праўду сказаць» (1980). У кн. «Савецкія літаратуры» (1955) Арагон уключыў раздзел пра бел. л-ру. Пераклаў на франц. мову вершы «А хто там ідзе?», «Я не паэта», урыўкі з паэмы «Над ракою Арэсай» Я.Купалы, верш П.Броўкі. Творы Арагона на бел. мову перакладалі Э.Агняцвет, Р.Барадулін, З.Колас, С.Ліхадзіеўскі, Н.Мацяш.
Тв.:
Choix de poèmes. Moscou, 1959;
Бел. пер. — Базельскія званы. Мн., 1937;
Рус. пер. — Собр. соч. Т. 1—11. М., 1957—61;
Поэзия. М., 1980.
Літ.:
Балашова Т.В. Творчество Арагона. М., 1964.
т. 1, с. 449
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)