Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАКУЛЕ́ВІЧ (Уладзімір Антонавіч) (н. 5.4.1949, с. Новасысоеўка Якаўлеўскага р-на Прыморскага краю, Расія),
бел. вучоны ў галіне мікрабіялогіі і генетыкі мікраарганізмаў. Д-рбіял.н. (1989), праф. (1995). Скончыў БДУ (1971), з 1984 працуе ў ім (з 1989 заг. кафедры). Навук працы па вывучэнні працэсаў рэкамбінацыі і рэпарацыі ў бактэрый, стварэнні сістэм генет. аналізу і вывучэнні арганізацыі геномаў фітапатагенных бактэрый, пабудове кальцавых генет. карт бактэрый, малекулярна-генет. характарыстыцы плазмід грамстаноўчых бактэрый, распрацоўцы і ўкараненні ў вытворчасць вет. прэпаратаў новага пакалення.
Тв.:
Генетический контроль УФ-резистентности у Erwinia chrysanthemi // Молекулярные механизмы генетических процессов. М., 1991;
Генетическая организация хромосомы Erwinia chrysanthemi (разам з Ю.К.Фамічовым) // Успехи современной генетики. 1993. Вып. 18.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАКТЭРО́ІДЫ (ад бактэрыі + грэч. eidos від),
1) марфалагічна змененыя клеткі клубеньчыкавых бактэрый. Адрозніваюцца ад зыходных бактэрый большымі памерамі, вял. колькасцю глікагену і тлушчу, валюцінавых гранул (унутрыклетачны рэзерв фасфату) і актыўнай фіксацыяй атм. азоту. У адрозненне ад клубеньчыкавых бактэрый, якія развіваюцца па-за раслінай, бактэроіды пранікаюць у тканкі каранёў (звычайна бабовых раслін) і толькі там функцыянуюць.
2) Нерухомыя анаэробныя бактэрыі (палачкі), якія не ўтвараюць спораў. Жывуць у ротавай поласці, кішэчніку і палавых органах чалавека; патагенныя віды выклікаюць вострыя запаленчыя працэсы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫПЛАКО́КІ,
від бактэрый шарападобнай формы (кокі), размешчаных парамі. Будова Д. абумоўлена тым, што пры дзяленні бактэрый у адной плоскасці 2 новыя асобіны не разыходзяцца. У Д. адсутнічаюць жгуцікі, яны не ўтвараюць спораў. Сярод Д. ёсць сапрафіты, якія жывуць у глебе, вадзе, і ўзбуджальнікі інфекц. хвароб — пнеўмакокі, менінгакокі, ганакокі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАКТЭРЫЯЎЛО́ЎНІКІ,
прылады для адбору пробаў паветра з мэтаю вызначэння ступені і характару бактэрыял. забруджвання. Адрозніваюць бактэрыяўлоўнікі, прынцып дзеяння якіх заснаваны на прапусканні паветра праз вадкія (вада, пажыўны булён) ці сухія (вата) паглынальнікі, накіраванні струменя паветра на цвёрдае пажыўнае асяроддзе, паглынанні бактэрый дробнымі кроплямі распыленай вадкасці. Забруджванне вызначаюць праз высяванне ўлоўленых бактэрый на пажыўнае асяроддзе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАКТЭРЫЦЫ́ДЫ [ад бактэрыі + ...цыд(ы)],
бактэрыцыдныя рэчывы, рэчывы, што выклікаюць гібель бактэрый. Дзеянне бактэрыцыдаў звязана з іх уплывам на рост і дзяленне бактэрый і залежыць ад т-ры і кіслотнасці асяроддзя. Да бактэрыцыдаў адносяцца дэзінфекцыйныя сродкі, антысептычныя сродкі, многія з хіміятэрапеўтычных (антыбіётыкі і сульфаніламіды) і дэрматалагічных прэпаратаў, рэчываў для аховы раслін, матэрыялаў і вырабаў ад біяразбурэння, фунгіцыдаў і інш. Механізм і выбіральнасць дзеяння бактэрыцыдаў і адчувальнасць бактэрый да іх вагаюцца ў шырокіх межах. Пры працяглым лек. выкарыстанні пэўных відаў бактэрыцыдаў узнікаюць расы патагенных мікраарганізмаў, устойлівыя да іх, што абумоўлівае неабходнасць ужывання больш высокіх дозаў бактэрыцыдных рэчываў або пошук, распрацоўку і замену іх новымі відамі. Гл. таксама Бактэрыцыднасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАКТЭРЫЯ́ЛЬНЫЯ ЎГНАЕ́ННІ,
прэпараты з каштоўнымі для с.-г. раслін глебавымі мікраарганізмамі. Да іх належаць нітрагін, азотабактэрын, фосфарабактэрын і прэпараты сілікатных бактэрый. Павышаюць фіксацыю атм. азоту раслінамі, актывізуюць біяхім. працэсы ў глебе, паляпшаюць каранёвае жыўленне раслін.
На Беларусі наладжана вытв-сць гама-рызатарфіну (разнавіднасць нітрагіну) — прэпарату клубеньчыкавых бактэрый, вырашчаных на спецыяльна прыгатаваным тарфяным субстраце. Для лепшай азотфіксацыі ў яго дадаюць мікраэлементы — бор, кобальт, малібдэн. Для кожнага віду бабовых (лубін, гарох, віка, канюшына, люцэрна і інш.) прэпарат рыхтуюць са спецыфічных відаў бактэрый, здольных у сімбіёзе толькі з гэтым відам раслін фіксаваць атм. азот. Асабліва эфектыўны прэпарат на глебах, дзе бабовыя высяваюцца ўпершыню (прыбаўкі ўраджаю больш за 100%).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІЯЛУРАНІДА́ЗА,
фермент, які каталізуе рэакцыі гідралітычнага расшчаплення і дэполімерызацыі гіялуронавай к-ты. У млекакормячых ёсць амаль ва ўсіх органах і тканках, найб. багатыя ім семяннікі і яечнікі. Прысутнічае таксама ў плазматычных мембранах хваробатворных бактэрый і інш. мікраарганізмаў, некат. паразітычных чарвей, у ядзе пчол, змей і інш. У бактэрый гідралізуе гліказідныя сувязі гіялуронавай к-ты і аблягчае пранікненне бактэрый у тканкі. У пазваночных у працэсе апладнення гідралізуе вонкавую абалонку яйцаклеткі і робіць яе больш пранікальнай для сперматазоідаў. Гіялуранідаза, якую атрымліваюць з семяннікоў быкоў, уваходзіць у лячэбныя прэпараты (ранідазы, лідазы), якія выкарыстоўваюць для зніжэння вязкасці эксудатаў і ацёкаў, а таксама для вызначэння гіялуронавай к-ты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́ЕРЫНК ((Beyerinck) Марцін Вілем) (16.3.1851, Амстэрдам — 1.1.1931),
галандскі батанік і мікрабіёлаг; адзін з заснавальнікаў вірусалогіі. Праф. (1895). Замежны чл.-кар. Расійскай АН (1924), ганаровы чл.АНСССР (1929). Скончыў Вышэйшую політэхн. школу ў г. Дэлфт. Вылучыў чыстыя культуры азотфіксавальных клубеньчыкавых бактэрый (1888) і азотабактэру (1901). Навук. працы па жыццядзейнасці мікраарганізмаў, глебавай мікрабіялогіі, развіцці вышэйшых раслін, пра ролю бактэрый у кругавароце рэчываў у прыродзе.