БА́ЗІСНАЯ СЕ́ТКА,

сістэма трохвугольнікаў, якая выкарыстоўваецца ў геадэзічных вымярэннях. Забяспечвае пераход з неабходнай дакладнасцю ад непасрэднага вымярэння на мясцовасці кароткага базіса геадэзічнага да больш доўгага (зыходнага) боку аднаго з трохвугольнікаў, якія ўваходзяць у склад самой трыянгуляцыі. Базісная сетка будуецца ў тых выпадках, калі непасрэднае вымярэнне зыходных бакоў трыянгуляцыі немагчымае ці нерэнтабельнае. Звычайна форма базіснай сеткі блізкая да ромба, малая дыяганаль якога служыць базісам, а большая — зыходным бокам трыянгуляцыі.

т. 2, с. 221

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́ЗІСНАЯ ЦАНА́,

1) база для вызначэння індэкса цэн у міжнар. гандлі (экспартных і імпартных) у цэлым і па асобных групах тавараў. Гэтыя звесткі друкуюцца ў міжнар. і нац. знешнегандл. статыстыцы, перыяд. выданнях ААН.

2) У рыначнай эканоміцы — цана тавару з пэўнымі фіксаванымі параметрамі (якасць, памер, хім. састаў), якая служыць базай цэн на дадзеную прадукцыю. Пры змене кан’юнктуры рынку базісная цана звычайна захоўвае пэўную стабільнасць, мяняюцца надбаўкі і скідкі да яе, што вядзе да ўстанаўлення рэальнага ўзроўню (росту ці зніжэння) цэн.

т. 2, с. 221

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДУКА́ЦЫЯ АГУ́ЛЬНАЯ,

працэс і вынік авалодання асновамі навук, неабходнымі чалавеку для разумення з’яў прыроды і грамадства. Аснова полігэхн. і прафес. адукацыі. Адукацыю агульную атрымліваюць у навуч. установах і самаадукацыяй. Асн. структурнай адзінкай у сістэме адукацыі з’яўляецца агульнаадук. школа (дзярж., грамадскія і прыватныя). На аснове Статута сярэдняй агульнаадук. школы ў Рэспубліцы Беларусь дзейнічаюць пачатковыя (1—4-ы кл.), 9-гадовыя (базавыя; 1—9-ы кл.), сярэднія агульнаадукацыйныя школы (1—11, 12-ы кл.), з паглыбленым вывучэннем прадметаў, школы-інтэрнаты, спец. школы, ліцэі, гімназіі; для працоўнай моладзі створаны вячэрнія (пазменныя) сярэднія агульнаадукац. школы. Змест адукацыі агульнай вызначаецца агульнадзярж. (абавязковым стандартам для пэўнага ўзроўню адукацыі) і школьным (устанаўліваецца з улікам сац.-эканам. абставін, інтарэсаў вучняў) кампанентамі. Базісная частка вучэбных планаў і праграм адукацыі агульнай уяўляе сабой сукупнасць абавязковых і даступных для ўсіх вучняў ведаў і ўменняў, неабходных адукаванаму чалавеку незалежна ад яго прафесіі. Дыферэнцыяцыя навучання праводзіцца на розных узроўнях складанасці з улікам выяўленых здольнасцяў. На розных этапах развіцця грамадства існуе пэўны сац. неабходны і агульнадаступны ўзровень адукацыі. На Беларусі гэта 9-гадовая (базавая) адукацыя, якая гарантуецца дзяржавай. У 1994/95 навуч. г. на Беларусі 5062 агульнаадук. школы, у т. л. 4971 дзённая і 91 вячэрняя (пазменная), у якіх 1561,8 тыс. Вучняў.

М.С.Фяськоў, А.А.Канавальчык.

т. 1, с. 139

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)