БАЗІ́ЛІ́КА (ад грэч. basilikē царскі дом),

выцягнуты, прамавугольны ў плане будынак, падзелены падоўжнымі радамі калон ці слупоў на некалькі (звычайна 3 ці 5) частак (т.зв. караблёў, ці нефаў), якія маюць самастойныя перакрыцці. Сярэдні гал. неф заўсёды вышэйшы за бакавыя, верхняя частка яго сцен, прарэзаная вокнамі, выступае над дахамі бакавых нефаў. Перад уваходам базілікі — папярочны прытвор (нартэкс), а ў процілеглым канцы сярэдняга, большага па шырыні нефа — паўкруглы выступ (апсіда), накрыты паўкупалам. Першапачаткова базілікі мелі драўлянае перакрыцце, якое пазней замянілі мураваным скляпеністым. У Стараж. Рыме базілікі выкарыстоўваліся як судовыя залы, рынкі, біржы і інш. Пазней базіліка стала адным з асн. тыпаў хрысц. храмаў, пашырылася ў візантыйскай, сірыйскай, раманскай і гатычнай архітэктуры, а таксама ў архітэктуры Адраджэння і барока. На Беларусі базілікі з’явіліся ў канцы 16 ст., пашырыліся ў 18 ст. Найчасцей выкарыстоўваліся ў культавых хрысц. будынках (каталіцкіх, праваслаўных і уніяцкіх), зрэдку — у ратушах (Слуцк), сінагогах (Слонім).

Базіліка Санта-Сабіна ў Рыме. 432 г.

т. 2, с. 220

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕФ (франц. nef ад лац. navis карабель),

карабель, у хрысціянскіх храмах прадаўгаватае памяшканне, частка інтэр’ера, абмежаваная з аднаго ці абодвух бакоў радам калон ці слупоў. Адрозніваюць Н. сярэдні, бакавыя і папярочныя (трансепт). Вядомы са старажытнасці ў храмах тыпу базілікі. На Беларусі пашыраны з 16 ст. Сярэдні Н., звычайна больш высокі за бакавыя, асвятляўся невысокімі аконнымі праёмамі над дахамі бакавых Н., у алтарнай ч. завяршаўся апсідай або прэсбітэрыем (у некат. храмах існавалі сярэднія Н. без апсід). На скрыжаванні сярэдняга Н. і трансепта часта рабілі купал на барабане, у бакавых размяшчалі алтары. У архітэктуры готыкі Н. мелі складаныя ўзорыстыя скляпенні, у архітэктуры барока і класіцызму сярэдні Н. звычайна перакрываўся цыліндрычным з распалубкамі, бакавыя — крыжовымі скляпеннямі. Скляпенні Н. ўпрыгожвалі дэкар. лепкай, размалёўкай.

Нефы базілікальнага храма.

т. 11, с. 304

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́НАК,

лёгкая прыбудова перад уваходам у будынак, звычайна слупавой канструкцыі. Здаўна пашыраны ў многіх народаў Еўропы ў жыллёвых, культавых (ганак базілікі Санта-Марыя Маджорэ ў Бергама, Італія; царквы ў в. Хабовічы Кобрынскага р-на Брэсцкай вобл.), сядзібна-палацавых (ганак гал. фасада сядзібнага дома ў г.п. Поразава Свіслацкага р-на Гродзенскай вобл.) пабудовах. На Беларусі найб. характэрны для сядзібна-палацавых пабудоў, а таксама для корчмаў, аўстэрый, ратушаў і інш. Пад уплывам стылю класіцызму ў 2-й пал. 18—19 ст. ганак афармлялі порцікамі, трохвугольнымі або ступеньчатымі франтонамі. У гандлёвых радах, гасціных дварах, лямусах, некаторых храмах (Віцебшчына) яны ператвараліся ў працяглыя па ўсім фасадзе ці навокал храма аркадныя галерэі. У вясковым буд-ве набылі пашырэнне ў 2-й пал. 19 ст. Традыц. ганак — адкрыты: памост з 1- ці 2-схільнай стрэшкай на 2—4 слупах. Як дамінанту, што акцэнтуе ўваход у жыллё, ганак аздабляюць разьбянымі закрылінамі па краях стрэшкі, ажурным карнізам, вільчыкам. У 20 ст. адкрытыя ганкі саступілі месца паўзакрытым, ва ўнутр. прасторы да сценак ставяць 2 лаўкі. Традыц. разьбяны дэкор часам дапаўняецца паліхромнай расфарбоўкай. Такія ганкі больш пашыраны ва ўсх. раёнах, на Гомельшчыне іх заглыбляюць у вуглы хаты (упоравень са сценамі). На астатняй тэр. Беларусі пераважаюць закрытыя ганкі — веранды або веранды ў спалучэнні з адкрытым ці паўзакрытым ганкам. Цяпер у мураваным індывід. і тыпавым буд-ве сценкі ганка ўтвораны нярэдка з фігурна выгнутых метал. элементаў. У шматпавярховых, секцыйных, блакіраваных дамах, дамах вежавага тыпу і інш. ганкі — уваходы ў пад’езды — афармляюць казыркамі, дэкар. кратамі, мазаічнымі пано і інш.

Літ.:

Беларускае народнае жыллё. Мн., 1973;

Сахута Я. Народная разьба па дрэву. Мн., 1978.

Я.​М.​Сахута.

Ганак сядзібнага дома ў г.п. Поразава Гродзенскай вобл.
Ганак базілікі Санта-Марыя Маджорэ ў г. Бергама (Італія).
Ганкі царквы ў в. Хабовічы Кобрынскага раёна Брэсцкай вобл.

т. 5, с. 20

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛЫБО́ЦКІ ТРО́ІЦКІ КАСЦЁЛ,

помнік архітэктуры 18—пач. 20 ст. Размешчаны ў старым цэнтры г. Глыбокае Віцебскай вобл. Пабудаваны ў 1764—82 у стылі позняга барока. Мураваны 1-нефавы храм з выцягнутай паўкруглай апсідай і 2-вежавым фасадам, аздобленым ордэрнай пластыкай (вязкамі пілястраў, крапаванымі карнізамі і інш.). У 1902—08 (арх. Ю.​Заро) прыбудаваны трансепт, бакавыя нефы і сакрысціі, што надало касцёлу аб’ёмна-прасторавую кампазіцыю 3-нефавай крыжовай базілікі. 2-ярусныя вежы павялічаны на 2 ярусы, якія, як і цэнтр. фігурны франтон, маюць выцягнутыя верт. прапорцыі. Дэкар. аздабленне стылізавана пад першапачатковае. Тры драўляныя разныя алтары і амбон выкананы ў пач. 20 ст. У касцёле знаходзіцца абклад абраза «Маці Боская Адзігітрыя» 18 ст., захавалася каваная рашотка амбона. Над бабінцам хоры з арганам у стылі неаготыкі.

С.​Г.​Багласаў.

Глыбоцкі Троіцкі касцёл.

т. 5, с. 309

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕАРАМА́НСКІ СТЫ́ЛЬ,

умоўная назва кірунку ў архітэктуры канца 19 — пач. 20 ст., заснаванага на выкарыстанні форм і элементаў кампазіцыі раманскага стылю. Зараджэнне Н.с. звязана з панаваннем у зах.-еўрап. архітэктуры і выяўл. мастацтве стылю мадэрн. Імкнучыся да манументальнасці, дойліды некрытычна выкарыстоўвалі кампактныя стэрэаметрычныя аб’ёмы (куб, паралелепіпед, прызма, цыліндр) і выразныя, часам дынамічна-асіметрычныя сілуэты пры ўзвядзенні культавых і грамадз. збудаванняў, стылізавалі іх пад творы сярэдневяковай архітэктуры. На Беларусі Н.с. часцей выяўляўся ў спалучэнні з элементамі несапраўднай готыкі. У сядзібным буд-ве выкарыстоўвалі аркатурныя паясы і контрфорсы, высокія шчыты ў завяршэнні сцен. У культавай архітэктуры былі пашыраны 3-нефавыя базілікі, гал. фасады якіх фланкіравалі ярусныя вежы, завершаныя шатрамі. Збудаванні характарызаваліся шматграннасцю аб’ёмаў, выкарыстаннем адкрытага муру, цыліндрычных і крыжовых скляпенняў, купалаў, аздабленнем аркатурай галерэй, аконных і дзвярных праёмаў.

А.​М.​Кулагін.

Да арт. Неараманскі стыль. Касцёл у вёсцы Слабодка Браслаўскага раёна Віцебскай вобл. 1903.

т. 11, с. 257

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́ПЦКАЕ МАСТА́ЦТВА,

мастацтва коптаў. Склалася ў 3—4 ст. на аснове маст. традыцый Стараж. Егіпта і эліністычнага мастацтва. Росквіт К.м. ў 5—7 ст. звязаны з аддзяленнем копцкай царквы ад візантыйскай. Пад уплывам ідэй аскетызму і ўзораў раннехрысц. мастацтва Сірыі і Палесціны набыло рысы схематызму, умоўнасці, грубаватай экспрэсіўнасці. У архітэктуры былі пашыраны 3-нефавыя, часта 3-конхавыя базілікі з каменю, радзей з цэглы (у Белым, Чырвоным манастырах і інш.), купальныя грабніцы (у Багауаце), 2—4-павярховыя жылыя дамы. Выяўл. мастацтва прадстаўлена царк. фрэскамі, каменнымі і драўлянымі рэльефамі, кніжнай мініяцюрай, энкаўстыкай, дэкар.-прыкладное мастацтва — разьбой па дрэве і косці (аздабленне дзвярэй, мэблі, куфэркаў), вырабамі з бронзы, тэракоты (лямпы, вазы, начынне), высокамаст. тканінамі. Рэаліст. выявы 4 — пач. 5 ст. (жанравыя або перанятыя з эліністычнай міфалогіі) у 5—6 ст. змяніліся ўмоўнымі схематызаванымі выявамі на хрысц. сюжэты. У канцы 6 — пач. 7 ст. пашырыліся матывы блізкаўсх. мастацтва (сцэны палявання на львоў і інш.). Сучасныя копцкія мастакі захоўваюць стараж. традыцыі.

т. 8, с. 414

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДАВА́НА ((Padovano) Джавані) (Ян) Марыя [сапр. Моска да Падова (Mosca da Padova) Джанмарыя; каля 1493, г. Падуя (?),

Італія — 31.3.1574], італьянскі скульптар і архітэктар; прадстаўнік Адраджэння. У 1515—30 працаваў у Падуі і Венецыі, з 1532 у Рэчы Паспалітай, у т. л. ў Вільні. Прыдворны мастак вял. князя ВКЛ Жыгімонта I Старога. Майстар надмагільнай пластыкі. Сярод твораў: барэльеф «Цуд са шклянкай» для базілікі св. Антоніа ў Падуі, надмагіллі Б.​Тарноўскай (каля 1536), Я.​Тарноўскага і яго сына (1561—70) у саборы ў Тарнуве, С.​Алясніцкага (1450) у кафедральным касцёле ў Познані, П.​Гамрата (1545) і С.​Мацеёўскага (1552) у кафедральным касцёле на Вавелі ў Кракаве, жонак Жыгімонта II Аўгуста Лізаветы (1546—52) і Барбары Радзівіл (1553—63, абодва не захаваліся) у Вільні, ківорый для касцёла Дзевы Марыі ў Кракаве (1551—54) і інш. Аўтар 4 медалёў з партрэтамі Жыгімонта I Старога і яго сям’і (1532), арх. праектаў атыкаў і лесвіцы ў «Сукеніцэ» (1555—59) і нішаў для каралеўскіх надмагілляў у капліцы Жыгімонтаў на Вавелі (1571—74).

С.​У.​Пешын.

т. 11, с. 483

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАМА́НСКІ СТЫЛЬ,

стыль сярэдневяковага мастацтва. Склаўся ў 10—13 ст. пад уплывам традыцый стараж.-рым. і візант. мастацтва. Вызначальныя рысы архітэктуры Р.с.: урачыстая суровасць і крапасны характар (замкі-крэпасці з данжонамі, кляштарныя комплексы, храмы, гар. дамы); тэктанічная сістэма, якой уласцівы сукупнасць набліжаных адзін да аднаго аб’ёмаў рознай вышыні, канструкцыйна аб’яднаных узаемазвязанасцю апор, перакрыццяў і ўраўнаважаных вежай-ліхтаром ці купалам над сяродкрыжжам. У ранні перыяд у будынках рабілі плоскія драўляныя перакрыцці, пазней цыліндрычныя і асабліва характэрныя Р.с. — крыжовыя. Раманскі храм — базіліка (пераважна 3-нефавая), крыжападобная ў плане ў Зах. Еўропе, круглая ў плане (ратонда) у Цэнтр. Еўропе. Для іх характэрны масіўнасць сцен і вежаў, магутныя апоры, што ўспрымаюць цяжар скляпенняў, паўкруглыя аркі і завяршэнні парталаў, перавага гарызанталей. Адметная ўсх. ч. базілікіхор, размешчаны паміж апсідай і трансептам, які выдаецца з аб’ёму будынка, што надае яму план лац. крыжа. Пры роўнай вышыні і шырыні цэнтр. нефа і трансепта месца іх перасячэння (сяродкрыжжа) мае форму квадрата і становіцца модулем плана: у цэнтры сяродкрыжжа размяшчаецца алтар, пад ім — крыпта з рэліквіямі. На высокіх арках, што абмяжоўвалі сяродкрыжжа, на ветразях і тромпах узводзілі купал, над якім звонку ўзвышалася вежа. Цэнтр. неф быў шырэйшы і вышэйшы за бакавыя. На Пд і ПдЗ Францыі будавалі купальныя базілікі. У арх. дэкоры пераважаў скульпт.-арнаментальны рэльеф, у фрэсках — лапідарнасць малюнка, статычны арнаментальна-плоскасны характар кампазіцыі, умоўная трактоўка фігур. Манум. жывапіс і скульптура непарыўна звязаны з архітэктурай Р.с., падначалены яе формам і рытмам, ажыўляюць яе магутнасцю пластыкі і гучнай колеравай гамай (размалёўкі, рэльефы, вітражы). Р.с. ярка выявіўся ў мастацтве мініяцюры, у ліцці, чаканцы, эмалі, дыванаткацтве, разьбе па дрэве і косці.

Яркія ўзоры Р.с. створаны ў Германіі (саборы ў Шпаеры, 11 — пач 13 ст., Вормсе, 12—13 ст.), Францыі (касцёл Нотр-Дам у Пуацье, 12 ст.), Італіі (касцёл Сан-Мікеле ў Павіі, 12 ст.) і інш. Раманскія манум. будынкі складалі адзіны ансамбль з прыродай, часта размяшчаліся на ўзвышшах, берагах рэк, панавалі ў наваколлі як падабенства «горада божага», увасабленне магутнасці каталіцкага ордэна ці феадала.

На Беларусі Р.с. праявіўся ў архітэктуры раннехрысц. храмаў, быў абумоўлены некат. падабенствам ідэйна-маст. задач (Віцебская Благавешчанская царква, Спаса-Праабражэнская царква Полацкага Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра). Рысы Р.с. паявіліся ў замкавым дойлідстве 13—14 ст. (Камянецкая вежа, Крэўскі замак, Лідскі замак, Навагрудскія замкі).

Літ.:

Всеобщая история архитектуры. Т. 4. Л.;

М., 1966;

Swiechowski Z. Sztuka romańska w Polsce. Warszawa, 1990.

А.​М.​Кулагін.

Да арт. Раманскі стыль. Інтэр’ер сабора ў г. Шпаер. Германія. 11 — пач. 13 ст.
Да арт. Раманскі стыль. Сабор у г. Вормс. Германія. 12—13 ст.

т. 13, с. 295

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАРЭНЦЭ́ЦІ (Lorenzetti),

італьянскія жывапісцы, браты; прадстаўнікі Сіенскай школы жывапісу.

П’етра Л. (каля 1280, г. Сіена, Італія — 1348?). Зазнаў уплывы Дуча ды Буанінсенья, Джота ды Бандоне, Дж.​Пізана. Творы вызначаюцца імкненнем да жыццёвай пластычнасці форм, адухоўленасці вобразаў, трагічным пафасам і манументальнасцю выяў. У кампазіцыйнай пабудове выкарыстоўваў арх. матывы ў лінейнай перспектыве. Сярод твораў: паліпціхі «Мадонна з немаўлём і святымі» ў царкве П’еве ды Санта-Марыя ў Арэца (1320) і «Гісторыя блажэннай Умільты» (пасля 1332), трыпціх з алтарнай карцінай «Нараджэнне Марыі» (1342), фрэскі «Страсці Хрыстовы» ў Ніжняй царкве базілікі Сан-Франчэска ў Асізі (1325—29 і пасля 1340) і інш.

Амброджа Л. (?—1348). Зазнаў уплыў фларэнційскага мастацтва Протарэнесансу, вывучаў ант. скульптуру, праблематыку перспектывы. У манум. кампазіцыях спалучаў алегарычнасць сюжэтаў з карцінамі гар. і сялянскага побыту, велічнай пейзажнай панарамай. Сярод твораў: «Мадонна з немаўлём» з царквы Сант-Анджэла ў Віка л’Абаце каля Фларэнцыі (1319), «Мадонна на троне з немаўлём» (1330-я г.), фрэскі «Пакутніцтва францысканцаў» і «Зарок св. Людовіка Тулузскага» ў царкве Сан-Франчэска (1330—31), «Алегорыя Добрага і Кепскага кіравання і іх плады ў горадзе і вёсцы» ў Палацца Публіка (1337—39. абодва ў Сіене), алтарныя карціны «Прынясенне ў храм» (1342), «Дабравешчанне» (1344) і інш.

В.​Я.​Буйвал.

А.Ларэнцэці. Мадонна на троне з немаўлём. 1330-я г.

т. 9, с. 140

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́РДЭР архітэктурны,

пэўнае спалучэнне нясучых і нясёных частак стоечна-бэлечнай канструкцыі, іх структура і маст. апрацоўка. Як маст выразная форма выкарыстоўваўся ў манум. архітэктуры ў старажытнасці (Стараж. Егіпет, асіра-вавілонскае дойлідства). Класічная сістэма О. склалася ў Стараж. Грэцыі; асн. О. атрымалі найменні ад назваў плямён і абласцей: дарычны ордэр, іанічны ордэр, карынфскі ордэр. Разнавіднасць дарычнага О. — тасканскі ордэр, карынфскага і іанічнага — кампазітны ордэр. Абавязковыя састаўныя часткі О.: нясучыя — калона (аздобленая канелюрамі) з капітэллю і базай (у дарычным О. без базы), часам з п’едэсталам; нясёныя — антаблемент, які складаецца з архітрава, фрыза і карніза. Дэталі О. ўпрыгожваюць разнымі ці цягавымі профілямі — абломамі архітэктурнымі. Асаблівасці кожнага О. — у прапорцыях, прарысоўцы абломаў і формах капітэлі. Змена суадносін паміж нясучымі і нясёнымі часткамі О. надае яму і збудаванню ў цэлым разнастайныя маштабнасць і характар (напр., лаканічнасць і мужнасць — дарычны О., лёгкасць і вытанчанасць — іанічны і карынфскі О.). О. і ордэрныя сістэмы выкарыстоўваліся ў розныя гіст. эпохі (у архітэктуры Стараж. Рыма, рэнесансу, барока, класіцызму). У эпоху Стараж. Рыма і пазней ужываліся шмат’ярусныя ордэрныя кампазіцыі, ордэрныя чляненні сцяны з выкарыстаннем паўкалон і пілястраў, пашыраны О. або яго асобныя элементы ў спалучэнні са скляпеністымі або арачнымі канструкцыямі (Калізей, базілікі і ратонды Стараж. Рыма, арачныя каланады ў эпоху Адраджэння). З 15 ст. О. стаў адным з гал. кампанентаў у зах.-еўрап. архітэктуры. У рус. дойлідстве пашыраны з канца 17 ст. На Беларусі О. і ордэрныя сістэмы выкарыстоўваліся ў культавай, палацавай, грамадз. архітэктуры стыляў барока, класіцызму, эклектыкі, мадэрну, неакласіцыстычных кірункаў, у архітэктуры 1940—50-х г.

С.​А.​Сергачоў.

Ордэры архітэктурныя. Грэчаскія: 1 — дарычны; 2 — іанічны; 3 — карынфскі. Рымскія: 4 — тасканскі; 5 — дарычны; 6 — іанічны; 7 — карынфскі.

т. 11, с. 448

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)