Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРАБУ́РДЫ,
ваенныя і дзяржаўныя дзеячы ВКЛ, радавы герб «Габданк». Паходзяць, верагодна, з полацкіх баяр. Найб. вядомыя:
Сямён Багданавіч, полацкі баярын, у час Лівонскай вайны 1558—83 трапіў у маскоўскі палон. Валодаў у Полацкім ваяв. Азярцамі, Гарадзеяй, Ушачамі і інш.Лукаш Багданавіч, каралеўскі дваранін, удзельнік пасольстваў у Маскву ў 1537 і 1558. У 1563—66 у маскоўскім палоне. Міхаіл (? — 1586), дыпламат, гл.Гарабурда М. Васіль Міхайлавіч, друкар, гл.Гарабурда В.М. Міхал Кароль (каля 1640—1709), дзярж. і вайсковы дзеяч ВКЛ. У 1666 дэпутат Трыбунала ВКЛ, пасол на сеймы 1688—99, з 1691 маршалак слонімскі. Выступаў супраць групоўкі Сапегаў. Камандаваў слонімскай харугвай у Алькеніцкай бітве 1700, дзе Сапегі былі разбіты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАГДА́НАЎ (Рыгор Багданавіч) (4.2.1910, в. Марцюшы Гарадоцкага р-на Віцебскай вобласці — 1.10.1943),
Герой Сав. Саюза (1943). У Вял.Айч. вайну са снеж. 1941 на Зах., Цэнтр., Варонежскім франтах. Камандзір батальёна ст. лейт. Багданаў вызначыўся ў вер. 1943 у баях на Пн ад Кіева: батальён з ходу фарсіраваў Дзясну, выйшаў да Дняпра, фарсіраваў яго, захапіў плацдарм, адбіў 10 контратак, заняў 2 нас. пункты і ўтрымліваў іх да падыходу падмацавання. Памёр ад ран.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАГАРША́Н (сапр.Пагасян) Вагарш Багданавіч
(14.2.1894, г. Шуша, Нагорны Карабах — 6.5.1959),
армянскі акцёр, рэжысёр, драматург.Нар.арт.СССР (1954). З 1923 у армянскім т-ры імя Г.Сундукяна (Ерэван). Праф. Ерэванскага тэатр. ін-та (з 1946). Акцёр шырокага творчага дыяпазону, майстар пераўвасаблення. З роляў: Гагік («Краіна родная» Д.Дэмірчана), Арбенін («Маскарад» М.Лермантава), Хлестакоў («Рэвізор» М.Гогаля), Гамлет («Гамлет» У.Шэкспіра). Сярод пастановак: «Дасцігаеў і іншыя» (1934) і «Васа Жалязнова» (1937) М.Горкага, «Каварства і каханне» Ф.Шылера (1938). Аўтар п’ес «У кальцы» (1930), «Давід Сасунскі» (1940) і інш.Дзярж. прэміі СССР 1941, 1952.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛО́ВІЧЫ,
дзяржаўныя дзеячы ВКЛ з роду герба «Багорыя». Родапачынальнік Ходка (Ходзька, Фёдар) жыў у 1-й пал. 15 ст. ў Гарадзенскім пав. Напачатку вызнавалі праваслаўе, у 16 ст. сярод іх шмат прыхільнікаў кальвінізму, з канца 16 ст. католікі. Тады ж род падзяліўся на некалькі галін. У 1798—1900 адна з іх насіла графскі тытул (згасла). У 19 ст. існавалі 4 галіны Валовічаў, валодалі маёнткамі ў Гродзенскай, Магілёўскай, Мінскай і Ковенскай губ.Найб. вядомыя:
Грынька Ходкавіч (Рыгор Фёдаравіч), канюшы ВКЛ з 1451, гараднічы гарадзенскі (1488—95), намеснік перавольскі (1503). Упершыню названы Валовічам у грамаце 1499. Багдан Грынькавіч (? — 14.4.1539), канюшы гарадзенскі з 1508, войскі гарадзенскі з 1529, намеснік крынскі, скідзельскі і азёрскі з 1537. Рыгор Грынькавіч, маршалак гаспадарскі (1558—69), кашталян новагародскі (1566—85), староста слонімскі (1560—84). Рыгор Багданавіч (? — 1577), староста мсцібаўскі (1558—67), маршалак гаспадарскі (1560—63), гараднічы гарадзенскі (1558—66), лоўчы ВКЛ (1566—74), ваявода смаленскі з 1572. Астафій (Яўстафій) Багданавіч, гл.Валовіч А.Б. Геранім (Яраш) Рыгоравіч (? — 1636), сакратар каралеўскі, пісар ВКЛ (1589), падскарбі дворны (1600), падскарбі земскі ВКЛ (1605), падканцлер ВКЛ (1618), староста генеральны жамойцкі (1619). Астафій (Яўстафій; ? — 1630), біскуп віленскі (1616). Уладзіслаў (? — 15.9.1668), польны пісар ВКЛ (1639), ваявода віцебскі (1655), гетман польны ВКЛ (1666). Удзельнік войнаў з Расіяй 1632—34 і 1654—67, антыфеад. вайны 1648—51. Вінцэнты Пётр (1670—1737), рэферэндары ВКЛ, дыпламат. З 1728 святар. Антоній Эразм (24.9.1711—6.7.1770), пісар ВКЛ і сакратар вялікі ВКЛ (1744), біскуп луцкі і берасцейскі (1755). Андрэй (1750—9.3.1822), рэферэндары вялікі ВКЛ, біскуп куяўска-калішскі (1818). Міхал Казіміравіч, гл.Валовіч М.К.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛО́ВІЧ (Астафій) (Яўстафій) Багданавіч (каля 1520, Гродзеншчына — 1587),
дзяржаўны і грамадскі дзеяч ВКЛ, гуманіст, мецэнат-асветнік. З бел. шляхецкага роду Валовічаў. Скончыў Падуанскі ун-т. Падстароста берасцейскі (з 1550), пісар ВКЛ (1552—66), маршалак дворны, дзяржаўца медніцкі, староста магілёўскі, азярышчанскі, берасцейскі, кобрынскі, рэчыцкі. Падскарбі земскі (1561—66), падканцлер (1566—79), канцлер (з 1579) ВКЛ і кашталян трокскі (1569—79), віленскі (з 1579). Неаднаразова быў паслом у Маскве. Праціўнік аб’яднання ВКЛ з Каронай, адзін з лідэраў апазіцыі пры заключэнні Люблінскай уніі 1569. Актыўны ўдзельнік аграрнай, судова-адм. і інш. рэформаў 1550—60-х г., адзін з арганізатараў падрыхтоўкі Статута Вялікага княства Літоўскага 1566. Шмат зрабіў для пашырэння на Беларусі адукацыі, ведаў, кнігадрукавання. Быў апекуном бел.-літоўскага рэфармацыйнага руху. На яго сродкі заснавана Нясвіжская друкарня. Гуманістычна-хрысціянскі запавет «любові да бліжняга» ён пашыраў і на сваіх падданых — чэлядзь і сялян.
Літ.:
Саверчанка І. Астафей Валовіч: (Гіст.-біягр. нарыс). Мн., 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРАНЕ́ЎСКІ (Уладзімір Багданавіч) (1782, паводле інш. звестак 1784, 1786, в. Астахава Бялёўскага р-на Тульскай вобл., Расія — 19.4.1835),
рускі ваен. пісьменнік, ген.-м. (1832). Скончыў Марскі кадэцкі корпус (1802). Удзельнік ваен. кампаній на Міжземным і Адрыятычным морах (1805—10), служыў на Чарнаморскім флоце (1812—16). З 1819 інспектар Аляксандраўскага дваранскага ваен. вучылішча ў г. Тула, з 1828 памочнік дырэктара Пажскага корпуса. Чл.Рас. акадэміі і Маскоўскага т-ва гісторыі старажытнасцей расійскіх пры Маскоўскім ун-це (1829). Літ. дзейнасць пачаў у 1818. Творы «Запіскі марскога афіцэра» (т. 1—4, 1818—19), «Лісты марскога афіцэра» (т. 1—2, 1825—26), «Падарожжа ад Трыеста да Санкт-Пецярбурга ў 1810 г.» (т. 1—2, 1828) напісаны ў жанры дарожных нарысаў і заснаваны на ўспамінах пра марскую службу і наведванне еўрап. краін у 1805—10. Аўтар гіст. твораў «Агляданне Паўднёвага берага Таўрыды ў 1815 г.» (1822), «Гісторыя Данскога войска. Апісанне Данской зямлі і паездка на Каўказ» (ч. 1—4, 1833—34).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДЗІНЦЭ́ВІЧЫ, Адынцэвічы,
старажытны княжацкі род герба «Адынец» у ВКЛ. Верагодна, з нашчадкаў Рурыкавічаў, хоць іх уласны радавод у Супрасльскім рукапісе прыпісвае родапачынальніку Івану Адынцу паходжанне «ад немцаў». У 15—16 ст. Адзінцэвічы валодалі часткай Друцкага княства з маёнткамі Багрынава, Гольцава, Рэпухава, Шыйкі, а таксама Нястанавічамі ў Менскім пав. Вызнавалі праваслаўе. Значнай ролі ў паліт. жыцці не адыгрывалі.
У 1432 упамінаецца Фёдар Андрэевіч як прыхільнік Свідрыгайлы. Ад трох яго сыноў пайшлі асобныя лініі Адзінцэвічаў: гольцаўская (згасла ў пач. 16 ст.), багрынаўская (верагодна, згасла ў пач. 17 ст.) і дзярэчынская (найб. значная). Прадстаўнік апошняй Сямён Багданавіч (? — 1542), староста любашанскі (1536), праз шлюб з княжной Н.М.Сангушкаўнай набыў частку Дзярэчына ў Слонімскім пав. Яго сын Андрэй (? — 1566), ротмістр каралеўскі (1555), маршалак і староста аршанскі (1559), памёр без нашчадкаў.
На працягу 17—19 ст. вядомы шляхецкія роды з прозвішчамі Адзінцэвіч і Адынец. Яны, найб. верагодна, не маюць дачынення да княжацкага роду Адзінцэвічаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРКЛА́Й ДЭ ТО́ЛІ (Міхаіл Багданавіч) (24.12.1761, маёнтак Помуш, цяпер у Пакруойскім раёне Літвы — 25.5.1818),
расійскі палкаводзец і дзярж. дзеяч, ген.-фельдмаршал (1814). Выхадзец з шатл. роду, які ў 17 ст. перасяліўся ў Прыбалтыку. Удзельнік руска-турэцкай 1787—91 і руска-шведскай 1788—90 войнаў, т.зв. Польскай кампаніі 1792—94 — задушэння паўстання Т.Касцюшкі (штурм Вільні, знішчэнне атрада С.Грабоўскага каля Гродна). Камандзір дывізіі, корпуса ў руска-пруска-французскую 1806—07 і руска-шведскую 1808—09 войны. З мая 1809 галоўнакаманд. фінл. арміяй і ген.-губернатар Фінляндыі. З 1810 чл.Дзярж. савета. У студз. 1810 — вер. 1812 ваен. міністр, адначасова камандаваў 1-й Зах. арміяй, сфарміраванай у Літве і Зах. Беларусі (сак. — вер. 1812). У час вайны 1812 да 17 жн. фактычна кіраваў баявымі дзеяннямі рас. войскаў, у Барадзінскай бітве 1812 камандаваў правым флангам і цэнтрам баявога парадку. У замежных паходах рускай арміі 1813—14 галоўнакаманд. руска-прускай арміяй. З 1815 галоўнакаманд. 1-й рас. арміяй. У 1817 суправаджаў цара Аляксандра I у яго падарожжы па Беларусі; выступаў супраць ваен. пасяленняў.
Літ.:
Балязин В.Н. Фельдмаршал М.Б. Барклай-де-Толли: Жизнь и полководческая деятельность. Киев, 1990;
Тотфалушин В.П. М.Б.Барклай де Толли в Отечественной войне 1812 г. Саратов, 1991.