АДЗІНЦЭ́ВІЧЫ,
Адынцэвічы, старажытны княжацкі род герба «Адынец» у ВКЛ. Верагодна, з нашчадкаў Рурыкавічаў, хоць іх уласны радавод у Супрасльскім рукапісе прыпісвае родапачынальніку Івану Адынцу паходжанне «ад немцаў». У 15—16 ст. Адзінцэвічы валодалі часткай Друцкага княства з маёнткамі Багрынава, Гольцава, Рэпухава, Шыйкі, а таксама Нястанавічамі ў Менскім пав. Вызнавалі праваслаўе. Значнай ролі ў паліт. жыцці не адыгрывалі.
У 1432 упамінаецца Фёдар Андрэевіч як прыхільнік Свідрыгайлы. Ад трох яго сыноў пайшлі асобныя лініі Адзінцэвічаў: гольцаўская (згасла ў пач. 16 ст.), багрынаўская (верагодна, згасла ў пач. 17 ст.) і дзярэчынская (найб. значная). Прадстаўнік апошняй Сямён Багданавіч (? — 1542), староста любашанскі (1536), праз шлюб з княжной Н.М.Сангушкаўнай набыў частку Дзярэчына ў Слонімскім пав. Яго сын Андрэй (? — 1566), ротмістр каралеўскі (1555), маршалак і староста аршанскі (1559), памёр без нашчадкаў.
На працягу 17—19 ст. вядомы шляхецкія роды з прозвішчамі Адзінцэвіч і Адынец. Яны, найб. верагодна, не маюць дачынення да княжацкага роду Адзінцэвічаў.
В.Л.Насевіч.
т. 1, с. 109
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)