АЗЁМША (Іван Паўлавіч) (1851, в. Лучыцы Петрыкаўскага р-на Гомельскай вобл. — 1916),

бел. нар. казачнік. У рэпертуары Азёмшы паданні, легенды, казкі, апавяданні на фантаст. і касмаганічныя сюжэты. Яго цікавілі пытанні пра стварэнне свету і чалавека, пра душу, замагільнае жыццё і г.д. Яркай гутарковай мовай расказваў сатыр. бытавыя казкі, у якіх маляваў каларытныя вобразы зайздроснага папа, прагнага багацея і спрытнага мужыка («Мужык, пан і ксёндз», «Завідны поп», «Завісны багатыр», «Вада памагла», «Хаўрус» і інш.). З 80 твораў у кн. А.​К.​Сержпутоўскага «Казкі і апавяданні беларусаў-палешукоў» (1911) 32 запісаны ад Азёмшы.

т. 1, с. 162

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУКО́МСКАЕ РАДО́ВІШЧА ГЛІН.

У Чашніцкім р-не Віцебскай вобл., паміж вёскамі Лукомль, Зара, Ротна, Стражэвічы, Багатыр, пас. Асавец. Пластавы паклад звязаны з лімнагляцыяльнымі адкладамі часу адступання паазерскага ледавіка. Гліны шчыльныя, тлустыя, вязкія, пластычныя і высокапластычныя, месцамі з тонкімі праслойкамі пылаватага пяску і супеску. Разведаныя запасы 27,1 млн. м³, перспектыўныя 67 млн. м³. Магутнасць карыснай тоўшчы 14,1—29,9 м, ускрышы (торф, пяскі) 0,2—6,9 м. Гліны прыдатныя на выраб цэглы, дрэнажных труб, цэменту і керамзітавага жвіру. Распрацоўваецца Новалукомскім з-дам керамзітавага жвіру і Мінскім з-дам будматэрыялаў.

А.​П.​Шчураў.

т. 9, с. 365

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСТРЫ́НСКІЯ,

род татарскіх царэвічаў у ВКЛ, адгалінаванне крымскай дынастыі Гірэяў. Паходзілі ад царэвіча Дэўлеш-салтана, які ў 1491 трапіў на службу да вял. князя ВКЛ і караля польск. Казіміра IV. Род Астрынскіх некаторы час быў найб. уплывовым тат. родам у ВКЛ. Да сярэдзіны 16 ст. Астрынскія не ўваходзілі ў склад тат. харугваў, не падпарадкоўваліся тат. харунжым, мелі права (як князі і паны) з’яўляцца са сваім атрадам непасрэдна да гетмана.

Сын Дэўлеш-салтана Азубек-салтан (Азюбек, Узубек, ? — пасля 1540) упершыню ўпомнены ў 1507. З 1514 ён і яго нашчадкі ў актах ВКЛ называюцца царэвічамі Астрынскімі (ад маёнтка Астрына, цяпер Гродзенская вобл.). Азубек-салтан удзельнічаў у цырымоніі абвяшчэння Жыгімонта II Аўгуста вял. князем ВКЛ (1529), на Берасцейскім сойме 1533, выступаў арбітрам у спрэчках літ. служылых татараў. Меў сыноў Багатыр-салтана, Джаная і Чынгіса. У 2-й пал. 16 ст. царэвічы Астрынскія паступова страцілі свае землеўладанні. Іх род згас на дзецях Чынгіса.

С.​У.​Думін.

т. 2, с. 58

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПОЛІСЕМІ́Я (ад полі... + грэч. sēma знак),

мнагазначнасць, наяўнасць у моўнай адзінкі (слова, фразеалагізма і інш.) некалькіх звязаных паміж сабой значэнняў. Адрозніваюць першасныя (асн., гал., прамыя) і другасныя (вытворныя, пераносныя) значэнні, што ўзнікаюць і развіваюцца на аснове першасных.

Канкрэтнае значэнне мнагазначнага слова вынікае з яго семантычных сувязей з інш словамі ў межах словазлучэння, сказа ці больш шырокага моўнага кантэксту («лясная дарога — жыццёвая дарога», «несці рэчы — несці страты»), Многія словы маюць да 10 і больш значэнняў (напр., значэнні слоў «зямля», «хлеб», «жыццё», «добры», «ведаць» і інш.). Нягледзячы на сэнсавыя адметнасці ва ўжыванні такіх слоў, паміж іх значэннямі існуе пэўная семантычная сувязь, што аб’ядноўвае і дазваляе лічыць іх значэннямі аднаго і таго ж слова ў адрозненне ад аналагічных па форме слоў-амонімаў. П. можа ўзнікаць на сэнсавых сувязях адпаведных слоў («сцяна будынка — сцяна лесу») і на асацыятыўных уяўленнях пра пэўныя прадметы, з’явы рэчаіснасці («цень дрэва — цень смутку»); на аснове падабенства прадметаў па форме, колеры, функцыі, размяшчэнні ў прасторы («ножка стала», «залатая восень»), пераносу адзнак, уласцівых чалавеку ці інш. істотам, на прадметы нежывой прыроды («лагодны вецер, «спіць рака»), назваў матэрыяльных з’яў на сац., маральныя («грамадская думка», «моцная дружба») і інш. (гл. Метафара); на аснове сумежнасці прадметаў ці з’яў рэчаіснасці («уважлівая аўдыторыя», «чытаць Купалу»; гл. Метанімія); у выніку суаднесенасці назваў цэлага прадмета з яго ч.: «У сям’і пяць ратоў» (К.​Чорны) і інш. (гл. Сінекдаха). У працэсе гіст. ўжывання некат. слоў другасныя значэнні, што ўзніклі і развіваліся на базе першасных, пачынаюць выступаць у ролі асноўных (параўн., напр., семантычнае выкарыстанне слоў «багатыр», «будзень» і інш. у сучаснай бел. мове).

Літ.:

Красней В.П. Лексіка і фразеалогія беларускай мовы. Мн., 1982;

Абабурка М.В. Беларускае слова і яго вывучэнне. Мн., 1986;

Старычонак В.​Дз. Полісемія ў беларускай мове (на матэрыяле субстантываў). М., 1997.

А.​І.​Наркевіч.

т. 12, с. 477

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)