ВАСІЛЕ́ВІЦКІ ДРЭВААПРАЦО́ЎЧЫ ЗАВО́Д.

Дзейнічаў на Беларусі ў 1904—13 у в. Васілевічы Рэчыцкага пав. (цяпер горад у Рэчыцкім р-не Гомельскай вобл.). Вырабляў чаўнакі, бабіны, паганялкі для прадзільных і ткацкіх ф-к Расіі. У 1913 меў паравы рухавік (100 к.с.), працавала 120 рабочых. На міжнар. выстаўках у Бруселі (1905) і Бесарабіі (1912) прадукцыя адзначана залатымі медалямі.

т. 4, с. 22

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКІ ЗАВО́Д «КІНАДЭТА́ЛЬ».

Засн. ў 1951 у Мінску. Спецыялізаваўся па выпуску фільматары і абсталявання для кінакапіравальных фабрык і кінапракату. Выпускаў фільмастаты для ўвільгатнення фільмакопій, бабіны для кіналент, супрацьпажарныя засланкі, склеечныя прэсы. Выконваў мантаж, наладку, рамонт і тэхн. абслугоўванне кінаабсталявання. У 1995—96 з-д перапрафіляваны, наз. «Светакон». Выпускае асвятляльную і светарэгулявальную апаратуру для тэатральна-канцэртных устаноў і клубаў.

т. 10, с. 438

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЛАЖЭ́ВІЦКА-ВАСІЛЕ́ВІЦКІ ШПУ́ЛЕЧНА-ТАКА́РНЫ ЗАВО́Д.

Дзейнічаў у 1904—13 у Беларусі ў в. Балажэвічы Мазырскага пав. (цяпер вёска ў Мазырскім раёне Гомельскай вобл.). У 1913 меў паравы рухавік, 120 рабочых. Вырабляў чаўнакі, бабіны, шпулькі і інш. абсталяванне для прадзільных і ткацкіх фабрык. Прадукцыя з-да на міжнар. выстаўцы 1905 у Бруселі адзначана Вял. залатым медалём, у 1912 у Бесарабіі — Малым залатым медалём.

т. 2, с. 237

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРЭНА́Ж (франц. drainage ад англ. drain асушаць),

сістэма штучных вадатокаў — дрэнаў (труб, свідравін, поласцей і інш.), якія збіраюць і адводзяць залішнюю ваду з с.-г. зямель, ад збудаванняў, зніжаюць узровень падземных (грунтавых) вод. Выкарыстоўваецца пры меліярацыі, буд-ве, торфаздабычы, асваенні рудных радовішчаў і інш.

Д. с.-г. можа выкарыстоўвацца для асушэння, увільгатнення і рассольвання зямель. Адрозніваюць Д. гарыз. (трубчасты і поласцевы), верт. (сістэма свідравін) і камбінаваны (спалучэнне гарыз. дрэн са свідравінамі або калодзежамі). Робіцца з дапамогай дрэнажных машын, экскаватараў. У выкапаную траншэю або шчыліну укладваюць трубы з розных матэрыялаў. Керамічныя (ганчарныя) гарыз. дрэны кладуць упрытык, стыкі абкладаюць фільтравальнымі матэрыяламі, потым траншэю засыпаюць; пластмасавыя дрэны ўкладваюць і бестраншэйным спосабам (напр., з бухты) — у вузкую шчыліну ў грунце. У залежнасці ад размяшчэння дрэн на асушальнай плошчы адрозніваюць Д.: сістэматычны (паралельныя адна адной дрэны або свідравіны раўнамерна размеркаваны па тэр.); выбарачны, або тальвегавы (робіцца на асобных паніжэннях рэльефу); галаўны, або нагорналоўчы (для перахопу падземных вод з боку схілу); берагавы (для перахопу вады з боку ракі або вадасховішча пры падтапленні). У засушлівы перыяд Д. можа выкарыстоўвацца для ўвільгатнення зямель (падачай вады ў дрэнажныя сістэмы). У засушлівых зонах Д. выкарыстоўваюць для барацьбы з засаленнем арашальных зямель. Д. збудаванняў робяць (у выглядзе сістэмы труб, свідравін, латакоў, галерэй, штольняў і інш.) для асушэння і ўмацавання асноў будынкаў, плацін, дарог, аэрадромаў, для паніжэння фільтрацыйнага ціску вады на збудаванне і інш.

Літ.:

Мурашкшо А.И. Сельскохозяйственный дренаж в гумидной зоне. М., 1982;

Осушение земель вертикальным дренажем. Мн., 1980;

Пивовар Н.Г., Бугай Н.Г., Рычко В.А. Дренаж с волокнистыми фильтрами. Киев, 1980;

Эггельсманн Р. Руководство по дренажу: Пер. с нем. М., 1978.

А.​Я.​Вакар.

Да арт. Дрэнаж. А — дрэнажныя трубы (1—4 — керамічныя, 5—6 — пластмасавыя). Б — схема адводу дрэнамі залішніх вод (1 — паверхня зямлі, 2 — ападкі, 3 — дрэна, 4 — узровень грунтавых вод, 5 — напрамак руху грунтавых вод, 6 — водаўпор). В — схема дрэнажнай сістэмы (1 — дрэны, 2, 3, 4 — калектары, 5 — назіральны калодзеж, 6 — фільтр-паглынальнік, 7 — канал). Г — схема цюфяковага дрэнажу земляной плаціны (1 — адваротны фільтр, 2 — цюфячная дрэна, 3 — вывадны калектар). Д — схема ўкладкі пластмасавага дрэнажу (1 — бухта труб, 2 — дрэнаўкладчык ЭТЦ-202А, 3 — бабіны шклопалатна).

т. 6, с. 236

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)