ВАКЗА́Л

(ад англ. Vauxhall — назва забаўляльнай установы каля Лондана ў 17 ст.),

будынак ці комплекс будынкаў, збудаванняў і прыстасаванняў для абслугоўвання пасажыраў, кіравання рухам транспарту і размяшчэння службовага персаналу. Адрозніваюць чыгуначныя, рачныя, марскія, аўта- і аэравакзалы, а таксама аб’яднаныя, ці комплексныя (напр., чыгуначна-аўтобусны). Першыя вакзалы з’явіліся з пачаткам пасажырскіх перавозак па чыгунцы (напр., вакзалы на лініі Стоктан—Дарлінгтан у Англіі, 1822—25).

На Беларусі чыгуначныя вакзалы будавалі адначасова з пракладкай чыгунак. Будынак вакзала (Віленскага) у Мінску адкрыты ў 1874 (перабудаваны ў 1939, пасля Айч. вайны адноўлены ў 1949, з 1980-х г. узводзяцца новыя будынкі), у 1866 пабудаваны Віцебскі чыгуначны вакзал, да 1867 — чыг. вакзал у Гродне (у 1948 рэканструяваны, у 1986 пабудаваны новы), у 1886 — Брэсцкі чыгуначны вакзал (у 1956 рэканструяваны), у 1-й пал. 20 ст. пабудаваны Магілёўскі чыгуначны вакзал, Слонімскага вакзала будынак. Адноўлены разбураныя ў Айч. вайну і рэканструяваны вакзал ў Баранавічах (1947), Гомелі (1948), Оршы (1951), Полацку (1953). Пабудаваны аэравакзалы: у Мінску (гл. Мінскія аэрапорты), Брэсцкі аэравакзал, у Гродне (1962), Салігорску (1965), Бабруйску (1966), Гомелі (1976), Магілёве (1971). У ліку буйных аўтавакзалаў Беларусі Мінскі аўтавакзал «Усходні». На суднаходных рэках будуюцца рачныя вакзалы (Мазырскі рачны вакзал).

т. 3, с. 463

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРАДСКІ́ ТРА́НСПАРТ,

сукупнасць розных відаў транспарту, прызначаных для перавозкі пасажыраў і грузаў у горадзе і прыгараднай зоне, выканання работ па добраўпарадкаванні. Гарадскі транспарт — галіна гарадской гаспадаркі, уключае: трансп. сродкі (рухомы састаў), пуцявыя ўстройствы (рэльсавыя пуці, тунэлі, эстакады, масты, пуцеправоды, станцыі, стаянкі); прыстані і лодачныя станцыі, сродкі энергазабеспячэння (цягавыя электрападстанцыі, кабельныя і кантактныя сеткі, аўтазаправачныя станцыі); рамонтныя майстэрні і з-ды; дэпо, гаражы, станцыі тэхн. абслугоўвання; лінейныя прыстасаванні (сувязь, сігналізацыя, блакіроўка); дыспетчарскае кіраванне. Гарадскі транспарт падзяляецца на пасажырскі, грузавы і спецыяльны.

Пасажырскі гарадскі транспарт аб’ядноўвае вулічны (аўтобус, тралейбус, трамвай), пазавулічны скорасны (метрапалітэн, манарэйкавыя дарогі, фунікулёры, скорасны трамвай), легкавы аўтамабільны транспарт, двухколавы (матацыклы, веласіпеды, мапеды), водны (рачныя судны, паромныя пераправы, лодкі), паветраны (верталёты) транспарт. Да грузавога гарадскога транспарту адносяцца: грузавы аўтатранспарт (гл. Грузавы аўтамабіль), грузавыя трамвай, тралейбус, рачныя судны, чыг. транспарт прамысл, прадпрыемстваў. Спецыяльны гарадскі транспарт уключае: палівачна-мыечныя, падмятальныя, смеццеўборачныя і снегаўборачныя машыны, дарожныя рэманцёры, аўтавышкі, пажарныя машыны, рэфрыжэратары, санітарныя аўтамабілі і інш.

Да пач. 20 ст. ў гарадах Беларусі быў толькі конны транспарт. Конка ўяўляла сабой вагон на 20—30 чал., які цягнулі 2—3 кані (на пад’ёмах запрагалі яшчэ пару коней). Скорасць 5 км/гадз. Першая конка пушчана ў Мінску ў 1892, мела 4 аднакалейныя лініі даўж. больш за 7 км. У гады грамадз. вайны не працавала, аднавіла работу ў 1921, заменена трамваем у 1929. У Магілёве конка працавала да 1910. Аўтобусны рух адкрыты ў Мінску ў 1924 (па 2 маршрутах), з 1934 стала працаваць таксі, з 1952 — тралейбус, з 1984 — метро. Першы на Беларусі трамвай пачаў працаваць у Віцебску 18.6.1898 (адзін з першых у Рас. імперыі), Наваполацку — з 1974, у Мазыры — з 1988. Тралейбусны рух пачаўся: у Мінску з верасня 1952, у Гомелі з 1962, у Магілёве з 1970, у Гродне з 1974, у Віцебску і Бабруйску з 1978, у Брэсце з 1981.

І.І.Леановіч.

т. 5, с. 47

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)