ЛАПТА́,

руская нар. гульня з мячом. У інш. краінах да Л. падобныя гульні: бейсбол, крыкет, ойна (Румынія), песа пало (Фінляндыя). На Беларусі Л. нагадвае гульня апука.

Гуляюць у Л. 2 каманды па 7—9 чал. на роўнай пляцоўцы даўж. 50—60 і шыр. 20—30 м. Інвентар: мяч дыяметрам 6—7 см, масай 50—70 r і біта — «лапта» (палка даўж. 80—120 см). Адна каманда «б’е», другая «водзіць» Мэта гульні — ударам біты паслаць мяч як мага далей і прабегчы па чарзе да процілеглага боку і назад, за што каманда атрымлівае ачко. Калі гульца з каманды, якая «б’е» «асаляць» (зачэпяць) злоўленым мячом, каманды мяняюцца месцамі. Выйграе каманда, якая за 60 мін пабярэ больш ачкоў.

т. 9, с. 134

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ГАРО́ТНІК»,

бел. дзіцячая гульня. Для гульні патрэбны мячык — «гаротнік». Гуляюць 2 каманды (па 5—10 чал.). На роўнай цвёрдай пляцоўцы адзін у адным чэрцяць 3 кругі. Першы круг наз. «востраў» дыям. 1,5—2 м, другі — каля 8, трэці — 16 м. Пл. паміж меншым і сярэднім кругамі наз. «рака», паміж сярэднім і вял. — «бераг». Кругі дзеляць папалам. Каманды займаюць месцы на процілеглых «берагах». Ударам аб «востраў» мячык кідаюць на другі «бераг»; там яго павінны злавіць і перакінуць такім жа чынам назад. Калі мячык упадзе на зямлю ў межах яе «берага» ці гулец, кідаючы мяч, не стукне ім аб «востраў», ці мячык пасля адскоку ад «вострава» ўпадзе ў «раку» або за мяжу процілеглага «берага», каманда атрымлівае штрафное ачко. Гульня доўжыцца да 10 штрафных ачкоў.

Я.Р.Вількін.

т. 5, с. 68

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)