АЦВЯРДЗЕ́ННЕ ПАЛІМЕ́РАЎ,

неабарачальны працэс пераходу рэакцыйназдольных алігамераў і манамераў у нерастваральныя і няплаўкія сеткаватыя палімеры. Адбываецца ў выніку ўзаемадзеяння функцыянальных груп ацвярджальных рэчываў паміж сабой ці з групамі ацвярджальнікаў пры дзеянні цяпла, выпрамяненняў высокіх энергій і інш.; суправаджаецца ўсадкай, таму ў кампазіцыю дадаюць напаўняльнікі. Тэмпература ацвярдзення палімераў павінна быць вышэйшая за т-ру шклавання ўтваральнага палімеру (пры ніжэйшай працэс не адбываецца). Ацвярдзенне палімераў адбываецца пры фармоўцы некаторых вырабаў з пластмасаў, высыханні клеяў і лакаў, зацвярдзенні герметыкаў і кампаўндаў і інш.

т. 2, с. 161

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПОЛІЭФІ́РНЫЯ СМО́ЛЫ,

складаныя поліэфіры, здольныя ў выніку ацвярдзення ператварацца ў нерастваральныя і няплаўкія палімеры. Найб. пашыраны ненасычаныя П.о. — растворы (50—70%-ныя) складаных эфіраў — прадуктаў полікандэнсацыі малеінавай ці фумаравай кіслот з гліколямі, у ненасычаных манамерах (напр., стырол, метылметакрылат, вінілталуол) — растваральніках поліэфіраў.

Ацвярдзенне П.с. адбываецца ў выніку суполімерызацыі поліэфіру і растваральніку (гл. Ацвярдзенне палімераў, Ацвярджальнікі), прыводзіць да ўтварэння трывалых, вода-, кіслота-, масла-, бензінаўстойлівых матэрыялаў з добрай адгезіяй да розных паверхняў і выдатнымі дыэлектрычнымі ўласцівасцямі. Выкарыстоўваюць у вытв-сці шклапластыкаў, лакафарбавых матэрыялаў (гл: Поліэфірныя лакі), кляёў, замазак і інш.

т. 12, с. 480

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПОЛІЭФІ́РНЫЯ ЛА́КІ,

лакафарбавыя матэрыялы на аснове ненасычаных поліэфірных смол; растворы поліэфірных смол у рэакцыйназдольным арган. растваральніку (пераважна стыроле). Маюць рэчывы, што ініцыіруюць і паскараюць ацвярдзенне, дабаўкі, якія прадухіляюць інгібіраванне гэтага працэсу (напр., парафін) і інш. Наносяць пнеўматычным распыленнем ці пры дапамозе спец. лаканаліўной машыны. Пакрыцці на аснове Пл. (плёнкі таўшчынёй 10—300 мкм) вода- і цеплаўстойлівыя (т-ра эксплуатацыі ад -40 да 60 °C), добра паліруюцца. Выкарыстоўваюць Пл., а таксама шпаклёўкі і эмалі на іх аснове для атрымання ахоўна-дэкаратыўных пакрыццяў на вырабах з дрэва і драўняных матэрыялаў (напр., мэблі).

т. 12, с. 480

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕ́ЛІ (ад лац. gelo застываю),

дысперсныя сістэмы з вадкім дысперсійным асяроддзем, у якіх часцінкі дысперснай фазы ўтвараюць прасторавую структуру (сетку). Маюць некат. ўласцівасці цвёрдых целаў: здольнасць захоўваць форму, пругкасць, пластычнасць.

Тыповыя гелі ў выглядзе студзяністых асадкаў (каагеляў) утвараюцца з золяў пры іх каагуляцыі ці пры вылучэнні новай дысперснай фазы з перанасычаных раствораў. Ацвярдзенне золяў ва ўсім аб’ёме першапачаткова вадкай сістэмы без парушэння яе макрааднароднасці дае т.зв. ліагелі. Для іх характэрна тыксатрапія — здольнасць у ізатэрмічных умовах самаадвольна аднаўляць структуру, разбураную мех. уздзеяннем. Гелі з водным дысперсійным асяроддзем наз. гідрагелямі, з вуглевадародным — арганагелямі. Высушваннем ліагелей атрымліваюць аэрагелі, ці ксерагелі, — крохкія мікрасітавінныя целы (напр., алюмагель і сілікагель). У хіміі і тэхналогіі палімераў гелямі наз. няплаўкія і нерастваральныя прадукты полікандэнсацыі і полімерызацыі. Гл. таксама Студзяні.

т. 5, с. 140

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛЁНКАЎТВАРА́ЛЬНЫЯ РЭ́ЧЫВЫ, плёнкаўтваральнікі,

рэчывы (звычайна алігамеры ці палімеры), здольныя ўтвараць шчыльныя, трывалыя плёнкі пры нанясенні іх на цвёрдую паверхню; асн. кампаненты лакафарбавых матэрыялаў. Паводле паходжання адрозніваюць прыродныя (напр., высыхальныя алеі, смолы прыродныя) і сінтэтычныя. Найб. пашыраны сінт. П.р., на аснове якіх атрымліваюць лакафарбавыя пакрыцці з больш стабільнымі і разнастайнымі характарыстыкамі, чым на аснове прыродных.

Большасць П.в. — рэакцыйназдольныя алігамеры разгалінаванай ці лінейнай будовы (алкідныя, фенола-фармальдэгідныя, меламіна-фармальдэгідныя, поліэфірныя і эпаксідныя смолы, некаторыя супалімеры акрылатаў). У якасці П.р. выкарыстоўваюць таксама параўнальна нізкамалекулярныя (напр., поліакрылаты, хлорзмяшчальныя палімеры) і высокамалекулярныя палімеры (гл. Парашковыя фарбы). Паводле рэакцыйнай здольнасці падзяляюць на П.р. неператваральныя, ці абарачальныя (тэрмапластычныя), якія ўтвараюць плёнку ў выніку выпарэння растваральніку, і ператваральныя, ці неабарачальныя (тэрмарэактыўныя), якія пры фарміраванні пакрыцця ператвараюцца ў сеткавыя палімеры ў выніку рэакцый полікандэнсацыі ці полімерызацыі па функц. групах (гл. Ацвярдзенне палімераў). Выкарыстоўваюць пераважна ў выглядзе раствораў у лятучых арган. растваральніках, водных раствораў і дысперсій.

Літ.:

Сорокин М.Ф., Кочнова З.А., Шодэ Л.Г. Химия и технология пленкообразующих веществ. 2 изд. М., 1989.

М.​Р.​Пракапчук.

т. 12, с. 426

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)