ЗАМАРО́ЖВАННЕ ГРУНТО́Ў,

штучнае ахаладжэнне слабых і воданасычаных грунтоў да адмоўных т-р з мэтай іх умацавання і дасягнення воданепранікальнасці; адзін з відаў замацавання грунтоў. Выкарыстоўваецца пры буд-ве шахтаў, тунэляў, станцый метрапалітэна, падземных сховішчаў, фундаментаў, мастоў, перамычак і інш.

Для З.г. па перыметры аб’екта (напр., выемкі) прабіваюць свідравіны на адлегласці 1—3 м адна ад адной, апускаюць у іх замарожвальныя трубы (калонкі) з герметычна завараным ніжнім канцом. Унутр калонкі па трубе падаюць ахалоджаны да -20 °C і ніжэй у халадзільных машынах (устаноўках, на станцыях) раствор солей, або расол (звычайна хлорыстага кальцыю), па другой трубе адводзяць яго з мэтай цыркуляцыі. У выніку ахаладжэння вакол калонак утвараюцца слупы мёрзлага грунту, якія злучаюцца ў суцэльную сцяну.

М.​М.​Кунцэвіч.

т. 6, с. 520

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГНІ́ТНАЕ АХАЛАДЖЭ́ННЕ,

метад атрымання тэмператур, ніжэйшых за 1 К, шляхам адыябатнага размагнічвання парамагнітных рэчываў (гл. Адыябатны працэс, Парамагнетызм). Прапанаваны П.Дэбаем і У.Ф.Джыёкам; здзейснены ў 1933.

Пры М.а. парамагнітны ўзор, ахалоджаны вадкім геліем, намагнічваюць у магутным мага. полі, пасля выключэння якога ўзор размагнічваецца з прычыны цеплавога руху атамаў, і яго т-ра ва ўмовах цеплаізаляцыі зніжаецца (гл. Магнетакаларычны эфект). Для атрымання т-р ∼10​−3 К выкарыстоўваюць солі рэдказямельных элементаў (напр., сульфат гадалінію), а таксама інш. парамагнітныя рэчывы (напр., хрома-каліевы і жалеза-каліевы галын), у крышт. рашотцы якіх знаходзяцца іоны з недабудаванымі электроннымі абалонкамі і адрозным ад нуля ўласным магн. момантам (Fe​+3, Cr​+3, Gd​+3). Пры выкарыстанні парамагнетызму атамных ядраў (напр., ва ўзоры медзі) атрымліваюць т-ры да 10​−6 К. М.а. шырока выкарыстоўваецца ў навук. даследаваннях пры вывучэнні звышцякучасці і звышправоднасці.

Р.​М.​Шахлевіч.

т. 9, с. 480

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)