Атэлье 5/291

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

АТЭЛЬЕ́ (франц. atelier),

1) прадпрыемства па аказанні насельніцтву пэўных відаў быт. паслуг.

2) Павільён кінастудыі.

3) Майстэрня жывапісца, скульптара, фатографа.

т. 2, с. 81

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНЕКЕ́Н (франц. mannequin ад галанд. mannekijn чалавек),

1) фігура ў выглядзе тулава чалавека, якая служыць для прымеркі і паказу адзення, напр., у атэлье.

2) Лялька з рухомымі рукамі і нагамі, якая выкарыстоўваецца мастакамі для зарысоўкі розных поз чалавека, адзення і інш.

т. 10, с. 78

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРАШЭ́ВІЧЫ,

вёска ў Беларусі, у Драгічынскім р-не Брэсцкай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 13 км на ПнЗ ад г. Драгічын, 100 км ад Брэста, 5 км ад чыг. ст. Драгічын. 2080 ж., 830 двароў (1995). Лясніцтва, швейнае атэлье. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Помнік архітэктуры — царква Ушэсця (пач. 20 ст.). Курган на ўшанаванне памяці землякоў, якія загінулі ў Вял. Айч. Вайну.

т. 3, с. 255

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭМІ́ ((Demy) Жак) (н. 5.6.1931, г. Паншато, Францыя),

французскі кінарэжысёр. Вучыўся ў Акадэміі прыгожых мастацтваў і ў Ін-це вышэйшай кінематаграфічнай адукацыі ў Парыжы. Вядомасць прынёс яму музычны фільм «Шэрбурскія парасоны» (1964) — вытанчанае, прасякнутае лірызмам апавяданне пра каханне і разлуку. Сярод інш. фільмаў: «Дзяўчаты з Рашфора» (1967), «Атэлье мадэляў» (1969, ЗША), «Асліная шкура» (1970), «Пацукалоў» (1972, Вялікабрытанія), «Лэдзі О» (1979, Японія), «Пакой у горадзе» (1982). У фільмах Д. раскрыўся талент К.Дэнёў.

т. 6, с. 349

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛО́ТНІЦА,

вёска ў Столінскім р-не Брэсцкай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 26 км на ПнЗ ад г. Столін, 220 км ад Брэста, 13 км ад чыг. ст. Відзібор. 1262 ж., 530 двароў (2000). З-д ліцейнага абсталявання. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, швейнае атэлье, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Помнік архітэктуры — Свята-Пакроўская царква (1875).

т. 12, с. 433

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРСА́К ((Barsacq) Андрэ) (24.1.1909, г. Феадосія, Украіна — 3.2.1973),

французскі рэжысёр, тэатр. мастак, драматург. Вучыўся ў Школе дэкарацыйных мастацтваў у Парыжы (1924—26). У 1928—30 мастак у т-ры «Атэлье» (Парыж), з 1940 узначальваў яго. Аўтар дэкарацыйнага афармлення і рэжысёр спектакляў: «Хітрыкі Скапэна» Мальера, «Эўрыдыка» Ж.​Ануя, «Браты Карамазавы» паводле Ф.​Дастаеўскага і інш. Працаваў як мастак і ў кіно. Аўтар камедыі «Агрыпа, ці Шалёны дзень», некалькіх інсцэніровак літ. твораў, артыкулаў пра тэатр.

т. 2, с. 317

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АХО́ЛА-ВАЛО́ (Алексантэры) (Аляксандр Пятровіч; нарадзіўся 27.1.1900, С.-Пецярбург),

мастак. У 1919—30 жыў на Беларусі. Працаваў у газ. «Беларуская вёска», час. «Беларускі піянер», «Беларуская работніца і сялянка», «Плуг» і інш.; сатыр. малюнкі змяшчаў у час. «Дубінка» (1927). Аформіў кнігі Я.​Коласа «Новая зямля», А.​Александровіча «Угрум», П.​Труса «Ветры буйныя», А.​Вольнага «Табе», М.​Нікановіча «Вясновы прамень», К.​Чорнага «Хвоі гавораць» і інш. Аўтар станковых лінарытаў «Ахвяра віна» (1921), «Кастрычнік у космасе» (1925), «Атэлье» (1927). Мастак-канструктар павільёна Міжнар. арг-цыі дапамогі барацьбітам рэвалюцыі (МОПР) для 1-й Усебел. выстаўкі сельскай гаспадаркі і прам-сці (1930, Мінск). Жыве ў Фінляндыі.

Л.​Дз.​Налівайка.

А.Ахола-Вало. Вокладка кнігі П.​Труса «Ветры буйныя».

т. 2, с. 153

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРО́ ((Barrault) Жан Луі) (8.9.1910, Ле-Везінэ, дэп. Івелін, Францыя — 22.1.1994),

французскі акцёр і рэжысёр. Вучыўся на курсах жывапісу ў Луўрскай школе (Парыж). З 1931 у драм. т-ры «Атэлье», адначасова вывучаў мастацтва пантамімы. Працаваў у т-ры «Камеды Франсэз» (1940—46). Разам з жонкай актрысай М.​Рэно стварыў сваю трупу (1946), з якой паставіў «Гамлета» У.​Шэкспіра, «Працэс» Ф.​Кафкі, «Вішнёвы сад» А.​Чэхава (і выканаў ролю Трафімава). У 1959—68 узначальваў «Тэатр дэ Франс» (Парыж), дзе паставіў «Насарогаў» Э.​Іанеска, «Маленькую пані Мальер» Ж.​Ануя і інш. З 1935 здымаўся ў кіно («Дзеці райка», «Вялікае каханне Бетховена», «Фантастычная сімфонія», «Завяшчанне доктара Кардэлье»). Развіваў традыцыі мастацтва пантамімы. Аўтар успамінаў «Роздум пра тэатр» (1949).

т. 2, с. 311

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЮЛЕ́Н ((DuUin) Шарль) (12.5.1885, г. Ен, Францыя — 12.12.1949),

французскі рэжысёр, акцёр, педагог. У 1907—21 удзельнічаў у спектаклях парыжскіх т-раў пад кіраўніцтвам рэжысёраў А.​Антуана, Ж.​Капо, Ф.​Жэм’е, Г.​Баці і інш. У 1922 заснаваў у Парыжы т-р «Атэлье», дзе працаваў да 1940. У 1940-я г. акцёр і рэжысёр «Тэатра дэ Пары» і «Тэатра Сары Бернар» (Парыж), «Тэатра Селесцінцаў» (Ліён). Сярод пастановак: «Марыя Магдаліна» Ф.​Гебеля (1912), «Асалода жыцця» Л.​Пірандэла (1922), «Вальпоне» Б.​Джонсана (1928; і гал. роля). З лепшых акцёрскіх работ: Гарпагон («Скупы» Мальера), Смердзякоў («Браты Карамазавы» паводле Ф.​Дастаеўскага). Выхаваў плеяду выдатных акцёраў і рэжысёраў франц. т-ра (Ж.​Вілар. Ж.​Баро, М.​Марсо, Р.​Руло і інш.). Аўтар кн. «Успаміны і нататкі акцёра» (1946).

т. 6, с. 129

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)