Атыс (міфал.) 11/83

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

А́ТЫС,

у грэчаскай міфалогіі бог фрыгійскага паходжання, любімец Вялікай маці багоў Кібелы. Сімвалам Атыса была хвоя. Паводле адной з легендаў, ён вылегчаў сябе ў рэліг. экстазе і стаў вярх. жрацом культу Кібелы. У гонар Атыса ў Рыме з 15 да 27 сак. праходзілі святкаванні, якія суправаджаліся нястрымнымі оргіямі. Жахі самакатаванняў Атыса апісаў рым. лірык Катул у паэме «Атыс».

т. 2, с. 80

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАТУ́Л (Гай Валерый) (Caius Valerius Catullus; 87 ці 84 да н. э., г. Верона, Італія — каля 54 да н. э.),

рымскі паэт. Прадстаўнік гуртка «паэтаў-неатэарэтыкаў» «паэтаў-неатэрыкаў», якія лічылі за ўзор александрыйскую паэзію. Вучыўся ў Рыме. Захавалася яго 116 вершаў. У лірычным цыкле да Лесбіі (Клодыі) паказаў глыбокае, шчырае каханне як высакароднае адухоўленае пачуццё. Аўтар эпіграм супраць Цэзара і яго паплечнікаў, вершаў, прысвечаных сябрам, кароткіх паэм (эпіліяў) «Вяселле Пелея і Фетыды», «Атыс» і інш. Стыль К. адметны маст. выразнасцю, музычнасцю, кантрастамі высокага і грубага, паэт. і прастамоўнага. Перакладаў з грэч. мовы блізкіх па духу Сапфо, Калімаха. На бел. мову яго вершы пераклаў У.​Караткевіч.

Тв.:

Бел. пер. — у кн.: Галасы маіх сяброў. Мн., 1993;

Рус. пер. — Книга стихотворений. М., 1986;

У кн.: Валерий Катулл;

Альбий Тибулл;

Секст Проперций. М., 1963;

Античная лирика. М., 1968.

Літ.:

Шталь И.В. Поэзия Гая Валерия Катулла. М., 1977;

Пронин В. Катулл. М., 1993.

С.​Дз.​Малюковіч.

т. 8, с. 179

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЮЛІ́ ((Lully) Жан Батыст) (італьян. Джавані Батыста Лулі, Lulli; 28.11.1632, г. Фларэнцыя, Італія — 22.3.1687),

французскі кампазітар, заснавальнік франц. опернай школы. З 1646 у Францыі. Прыбліжаны караля Людовіка XIV. З 1652 іграў у прыдворным аркестры «24 скрыпкі караля», сфарміраваў і ўзначаліў малы прыдворны аркестр «16 скрыпак караля». Удзельнічаў у пастаноўцы прыдворных балетаў, напісаў музыку да шэрагу камедый-балетаў Мальера. З 1662 прыдворны кампазітар. З 1672 адзіны кіраўнік, кампазітар, дырыжор і рэжысёр опернага т-ра «Каралеўская акадэмія музыкі» (гл. Парыжская опера). Стваральнік нац. муз.-сцэн. жанру лірычнай трагедыі (пераважна на міфалагічныя ці легендарныя сюжэты), новага тыпу франц. опернай уверцюры, якая стала прататыпам пазнейшых уверцюр і вызначыла адзін са шляхоў да класічнай сімфоніі. Яго балетная музыка паўплывала на развіццё танц. сюіты. Сярод твораў: лірычныя трагедыі «Тэсей» (паст. 1675), «Атыс» (паст. 1676), «Персей» (паст. 1682), «Раланд» (паст. 1685), «Арміда» (паст. 1686) і інш.; гераічныя пастаралі, оперы-балеты, у т. л. «Трыумф кахання» (1681); камедыі-балеты, у т. л. «Шлюб паняволі» (1664), «Пан дэ Пурсаньяк» (1669), «Мешчанін — дваранінам» (1670); дывертысменты, інстр. п’есы, песні, духоўная музыка і інш.

Літ.:

Роллан Р. Заметки о Люлли // Собр. соч.: Пер. с фр. Л., 1935. Т. 16.

Ж.Б.Люлі.

т. 9, с. 406

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)