Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
А́ТЫС,
у грэчаскай міфалогіі бог фрыгійскага паходжання, любімец Вялікай маці багоў Кібелы. Сімвалам Атыса была хвоя. Паводле адной з легендаў, ён вылегчаў сябе ў рэліг. экстазе і стаў вярх. жрацом культу Кібелы. У гонар Атыса ў Рыме з 15 да 27 сак. праходзілі святкаванні, якія суправаджаліся нястрымнымі оргіямі. Жахі самакатаванняў Атыса апісаў рым. лірык Катул у паэме «Атыс».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАТУ́Л (Гай Валерый) (Caius Valerius Catullus; 87 ці 84 да н. э., г. Верона, Італія — каля 54 да н. э.),
рымскі паэт. Прадстаўнік гуртка «паэтаў-неатэарэтыкаў» «паэтаў-неатэрыкаў», якія лічылі за ўзор александрыйскую паэзію. Вучыўся ў Рыме. Захавалася яго 116 вершаў. У лірычным цыкле да Лесбіі (Клодыі) паказаў глыбокае, шчырае каханне як высакароднае адухоўленае пачуццё. Аўтар эпіграм супраць Цэзара і яго паплечнікаў, вершаў, прысвечаных сябрам, кароткіх паэм (эпіліяў) «Вяселле Пелея і Фетыды», «Атыс» і інш. Стыль К. адметны маст. выразнасцю, музычнасцю, кантрастамі высокага і грубага, паэт. і прастамоўнага. Перакладаў з грэч. мовы блізкіх па духу Сапфо, Калімаха. На бел. мову яго вершы пераклаў У.Караткевіч.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЮЛІ́ ((Lully) Жан Батыст) (італьян. Джавані Батыста Лулі, Lulli; 28.11.1632, г. Фларэнцыя, Італія — 22.3.1687),
французскі кампазітар, заснавальнік франц. опернай школы. З 1646 у Францыі. Прыбліжаны караля Людовіка XIV. З 1652 іграў у прыдворным аркестры «24 скрыпкі караля», сфарміраваў і ўзначаліў малы прыдворны аркестр «16 скрыпак караля». Удзельнічаў у пастаноўцы прыдворных балетаў, напісаў музыку да шэрагу камедый-балетаў Мальера. З 1662 прыдворны кампазітар. З 1672 адзіны кіраўнік, кампазітар, дырыжор і рэжысёр опернага т-ра «Каралеўская акадэмія музыкі» (гл.Парыжская опера). Стваральнік нац.муз.-сцэн. жанру лірычнай трагедыі (пераважна на міфалагічныя ці легендарныя сюжэты), новага тыпу франц. опернай уверцюры, якая стала прататыпам пазнейшых уверцюр і вызначыла адзін са шляхоў да класічнай сімфоніі. Яго балетная музыка паўплывала на развіццё танц. сюіты. Сярод твораў: лірычныя трагедыі «Тэсей» (паст. 1675), «Атыс» (паст. 1676), «Персей» (паст. 1682), «Раланд» (паст. 1685), «Арміда» (паст. 1686) і інш.; гераічныя пастаралі, оперы-балеты, у т. л. «Трыумф кахання» (1681); камедыі-балеты, у т. л. «Шлюб паняволі» (1664), «Пан дэ Пурсаньяк» (1669), «Мешчанін — дваранінам» (1670); дывертысменты, інстр. п’есы, песні, духоўная музыка і інш.
Літ.:
Роллан Р. Заметки о Люлли // Собр. соч.: Пер. с фр.Л., 1935. Т. 16.