АТРА́КЦЫЯ,
паняцце, якое абазначае пачуццё прыхільнасці аднаго чалавека да другога. Фарміруецца ў суб’екта як вынік яго спецыфічных эмацыянальных адносін, ацэнка якіх параджае разнастайную гаму пачуццяў (ад непрыязнасці да сімпатыі і нават любові) і праяўляецца ў выглядзе асаблівай сац. устаноўкі на другога чалавека. У эксперыментальных даследаваннях вывучаюцца механізмы фарміравання прыхільнасцяў і сяброўскіх пачуццяў (гл. Дружба, Любоў) пры ўспрыманні інш. чалавека, прычыны з’яўлення станоўчых эмацыянальных адносін, у прыватнасці, роля падабенства характарыстык суб’екта і аб’екта ўспрымання, а таксама той сітуацыі, у якой яны знаходзяцца (напр., блізкасць партнёраў па адносінах, частата іх сустрэч, сумесная дзейнасць і гэтак далей).
т. 2, с. 77
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРО́ДНАЯ ЭТЫМАЛО́ГІЯ,
пераасэнсаванне семантычна незразумелых слоў пры дапамозе іх збліжэння са знешне падобнымі, але інш. паходжання словамі роднай мовы. Напр., бел. дыялектнае «лавец» — ражончык, завостраны дубчык, на які чапляюць сала, калі смажаць яго на агні, — атаясамліваецца з «лавіць», хоць яно паходзіць з «ламец», «ламіна»; дзіцячае слова «гудзільнік» («будзільнік») — з «гудзець»; «мазелін» («вазелін») — з «мазаць». На Н.э. пабудаваны шматлікія легенды пра паходжанне бел. рэчак, азёр і населеных пунктаў. Напр., назва «Гомель» нібыта паходзіць ад слоў «го! мель!», якія крычаў чалавек на беразе р. Сож, папярэджваючы пра мель. Упершыню тэрмін «Н.э.» ўвёў Э.Фёрстэман (1852). Некаторыя мовазнаўцы ўжывалі інш. тэрміны: наіўная (несапраўдная) этымалогія, лексічная (лексічна-семантычная) асіміляцыя, паранімічная атракцыя, этымалагічная рэінтэрпрэтацыя.
І.І.Лучыц-Федарэц.
т. 11, с. 177
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)