ФАГАЦЫТО́З (ад грэч. phagos пажыральнік + kytos клетка),

актыўнае захопліванне і паглынанне мікраскапічных іншародных жывых аб’ектаў (бактэрыі, фрагменты клетак) і цвёрдых часцінак аднаклетачнымі арганізмамі ці некат. клеткамі шматклетачных жывёл (фагацытамі). Адкрыты І.І.Мечнікавым у 1882. Складаецца з паслядоўных стадый: збліжэнне аб’екта Ф. і фагацыта, размяшчэнне аб’екта на паверхні фагацытуючай клеткі (атракцыя), паглынанне, ператраўліванне. Адыгрывае важную ролю пры запаленні, гаенні ран, як фактар неспецыфічнага імунітэту.

т. 16, с. 302

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)